Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

2 Летапісу 30 2 Летапісу 30 разьдзел

1 І паслаў Гэзэка па ўсім Ізраелю а Юдэі, а таксама лісты пісаў да Яхрэма а Манаса, каб прышлі да дому СПАДАРОВАГА, да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму;
2 Бо ўрадзілі кароль а князі ягоныя а ўвесь збор у Ерузаліме, спраўляць Пасху другога месяца;
3 Бо не маглі справіць яе ўпару, бо недаволі сьвятароў пасьвяцілася, і люд ня зьберся да Ерузаліму.
4 І ўпадабаў гэта кароль а ўся грамада.
5 І пастанавілі агаласіць па ўсім Ізраелю, ад Веер-Шэвы аж да Дану, каб ішлі да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, бо даўно не спраўлялі, як напісана.
6 І пайшлі ганцы зь лістамі ад караля а ад князёў ягоных па ўсім Ізраелю а Юдэі, і подле расказаньня каралёвага казалі: «Дзеці Ізраеля! навярніцеся да СПАДАРА, Бога Абрагамовага, Ісаковага а Ізраелявага, і Ён навернецца да ўцекачоў, што засталіся ад рукі каралёў Асырскіх.
7 І ня будзьце, як айцове вашыя і як браты вашыя, каторыя ізрадзілі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх; затым аддаў іх на спустошаньне, як вы бачыце.
8 Цяпер не каляньце завыйкі свае, як айцове вашыя, дайце руку СПАДАРУ, і прыходзьце да сьвятыні Ягонае, каторую Ён пасьвяціў на векі; і служыце СПАДАРУ, Богу свайму, і Ён адверне ад вас пал гневу Свайго;
9 Бо калі вы навернецеся да СПАДАРА, тады браты вашыя а дзеці вашыя будуць у ласцы ў тых, што іх забралі ў палон, і зьвернуцца да зямлі гэтае; бо ласкучынюшчы а спагадлівы СПАДАР, Бог ваш, і не адверне відзеньня ад вас, калі вы навернецеся да яго».
10 І праходзілі ганцы зь места да места па зямлі Яхрэмавай а Манасавай і аж да Завулонавае; але зь іх сьміяліся а зьдзекаваліся.
11 Некатрыя, адылі, з Ашэра, Манаса а Завулона скарыліся й прышлі да Ерузаліму.
12 І над Юдэяю была рука Божая, што даравала іх адным сэрцам, каб паўніць расказаньне каралёва а князёў, подле слова СПАДАРОВАГА.
13 І зьберліся да Ерузаліму множасьць люду спраўляць сьвята праснакоў, другога месяца, — грамада вельма чысьленая.
14 І ўсталі, і ськінулі аброчнікі, што былі ў Ерузаліме, і ўсі месцы кадзеньня ськінулі й кінулі ў цурэй Кідрон.
15 І зарэзалі пасху чатырнанцатага дня другога месяца. Сьвятарове а Левітаве засароміліся, і пасьвяціліся, і прынесьлі ўсепаленьні да дому СПАДАРОВАГА.
16 І стаялі на сваім месцу подле звычаю свайго, подле Права Масея, чалавека Божага. Сьвятарове крапілі крывёй з рук Левітаў.
17 З тае прычыны, што ў грамадзе шмат было такіх, каторыя не пасьвяціўшыся, то Левітаве рэзалі пасхі за кажнага нячыстага, на тое, каб пасьвяціць СПАДАРУ;
18 Бо множасьць ізь люду, шмат зь Яхрэму а Манаса, Іссасхару а Завулону ня была ачысьціўшыся; елі яны, адылі, Пасху, хоць ня подле пісаньня. Але Гэзэка памаліўся за іх, кажучы: «Добры СПАДАР залашчыцца да тых,
19 Хто прыгатаваў сэрца свае шукаць Бога, СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, хоць і ня подле ачышчэньня сьвятога».
20 І пачуў СПАДАР Гэзэку, і дараваў люду.
21 І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі ў Ерузаліме, сьвята праснакоў сем дзён, зь вялікай весялосьцяй; дзень пры дню Левітаве а сьвятарове выхвалялі СПАДАРА на галасьлівых снадзях выхваляць СПАДАРА.
22 І гукаў Гэзэка па сэрцу ўсім Левітам, што навучалі добрага знацьця СПАДАРА. І елі пераз усе сьвята сем дзён, абракаючы супакойныя аброкі й вызнаючы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
23 І зрадзіўся ўвесь збор спраўляць другія сем дзён, і спраўлялі сем дзён ізь весялосьцяй;
24 Бо Гэзэка, кароль Юдэйскі, даў грамадзе тысяча цялят-бычкоў і сем тысячаў авец, і князі далі грамадзе тысяча цялят-бычкоў і дзесяць тысяч авец; і вялікі лік сьвятароў пасьвяціўся.
25 І весялілася ўся грамада Юдэйская ізь сьвятарамі а Левітамі, і ўся грамада, каторыя прышлі з Ізраелю, і чужаземцы, што вышлі ізь зямлі Ізраельскае і жылі ў Юдэі.
26 Дык была вялікая радасьць у Ерузаліме, бо ад часу Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага, ня бывала падобнага ў Ерузаліме.
27 І ўсталі сьвятарове, Левітаве, і дабраславілі люд; і голас іхны быў пачуты, і ўзышла малітва іхная да сьвятое сялібы Ягонае, Да нябёс.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другая кніга Летапісу, 30 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.