Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Псалтыр 115 Псальм 115 (113:9−26)

1 Ня нам, СПАДАРУ, ня нам, але імені Свайму дай чэсьць, дзеля міласэрдзя Свайго, дзеля праўды Свае.
2 Нашто пагане кажуць: «Ідзе ж цяпер Бог іхны?»
3 Але Бог наш на нябёсах, усе, што Ён зыча, робе.
4 Балваны іхныя срэбныя а залатыя, работа рук людзкіх.
5 Вусны ў іх, але ня гукаюць; вочы ў іх, але ня бачаць;
6 Вушы ў іх, але ня чуюць; нос у іх, але ня нюхаюць;
7 Рукі ў іх, але ня шчупаюць; ногі ў іх, але ня ходзяць; і ня гучаць грытанкаю сваёю.
8 Падобнымі да іх хай стануць тыя, што вырабляюць іх, кажны, што спадзяецца на іх.
9 Ізраелю! спадзявайся на СПАДАРА: помач ім а шчыт іхны Ён.
10 Доме Ааронаў! спадзявайцеся на СПАДАРА: помач ім а шчыт іхны Ён.
11 Вы, што баіцеся СПАДАРА, спадзявайцеся на СПАДАРА: помач ім а шчыт іхны Ён.
12 СПАДАР памятуе нас, будзе дабраславіць, будзе дабраславіць дом Ізраеляў, будзе дабраславіць дом Ааронаў,
13 Падабраславе тых, што баяцца СПАДАРА, малых і вялікіх.
14 Хай дадасьць СПАДАР вам, вам а дзяцём вашым.
15 Дабраславёныя вы СПАДАРОМ, Каторы ўчыніў нябёсы й зямлю.
16 Нябёсы — нябёсы СПАДАРОВЫ, а зямлю Ён аддаў сыном людзкім.
17 Мертвыя ня хваляць ЯГ ані зыходзячыя да маўчаньня;
18 Але мы будзем дабраславіць ЯГ адгэтуль аж на векі. Галілуя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 115

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.