1 І ўвыйдзе Атожыла з пня Есэвага, і Голь з карэньня ягонага будзе пладовая;
2 І супачыне на Ім Дух СПАДАРОЎ, дух мудрасьці а розуму, дух рады а моцы, дух веды а боязьні Божае;
3 І любата Ягоная ў боязьні СПАДАРА, і не на пагляд аччу Сваіх будзе судзіць, і ня подле чутасьці вушшу Сваіх будзе ганіць;
4 Але будзе судзіць галечаў подле справядлівасьці, і подле пасьцівасьці ганіць лагодных зямлі; і зразе зямлю дубцом вуснаў Сваіх, духам вуснаў Сваіх зробе сьмерць нягоднаму.
5 І будзе справядлівасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, і вернасьць — поясам на лядзьвях Ягоных.
6 І будзе жыць воўк ізь ягнём, і леопард із казянём будзе ляжаць; і цялё, і левянё, і ўпашчаны будуць разам, і малы хлопчык павядзець іх.
7 І карова, і мядзьведзь будуць пасьціцца разам, і дзецяняты іхныя будуць ляжаць разам, і леў, як статак, будзе есьці салому.
8 І будзе гуляць ссучае дзецянё над нарою гада, і на гняздо базылішка адвучанае ад пелькаў выцягне руку сваю.
9 Ня будуць дзеяць ліха ані бураць на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо напоўніцца зямля веданьням СПАДАРА, як морскае дно пакрыта вадою.
10 І будзе таго дня, што карэнь Есэў будзе стаяць за харугаў людзём, яго будуць шукаць народы, і супачынак ягоны — слава.
11 І станецца таго дня: Спадар другі раз падыйме руку Сваю, каб прыдбаць Сабе астачу люду Свайго, што застаўся ад Асыры а ад Ягіпту а ад Пафросу а ад Ефіопы а ад Еламу а ад Шынару а ад Гамафу а ад абтокаў морскіх;
12 І падыйме харугаў народам, і зьбярэць выгнаных Ізраялян, і злуча расьцярушаных Юдэяў з чатырох канцоў зямлі.
13 І адвернецца завіднасьць Яхрэмава, і праціўнікі Юды адцяты будуць: Яхрэм ня будзе завідаваць Юдзе, і Юда ня будзе ўціскаць Яхрэма;
14 Але палятуць на плячо Пілішчан да мора, разам аглабаюць сыноў усходу, накладуць руку сваю на Едома а Моава, і сынове Амонавы будуць слухаць іх.
15 І высуша СПАДАР затоку Ягіпецкага мора, і падыйме рукў Сваю на Раку ў вялікім Сваім ветру, і падзеле яе на сем цур’ёў, і можна будзе перайсьці іх у чаравіках.
16 І будзе гасьцінец астачы люду Ягонага, што застаўся ад Асыры, падобна да тога, як было з Ізраелям, як ён узышоў ізь зямлі Ягіпецкае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Відзень прарокі Ісаі, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.