Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ісаі 38 Ісаі 38 разьдзел

1 Тых дзён Гэзэка сьмяротна захварэў; і прышоў да яго прарока Ісая Амасёнак, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Зрабі дастамэнт праз дом свой, бо ты памрэш і ня будзеш жыць"».
2 Гэзэка абярнуўся відам сваім да сьцяны, і маліўся СПАДАРУ,
3 І сказаў: «Малю Цябе, СПАДАРУ, успомні цяпер, як я хадзіў перад Табою ў праўдзе і з дасканальным сэрцам, і добра, ў ваччу Тваім рабіў». І заплакаў Гэзэка плачам вялікім.
4 І было слова СПАДАРОВА да Ісаі, кажучы:
5 «Ідзі й скажы Гэзэку: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: "Я пачуў малітву Тваю, абачыў сьлёзы твае, і вось, дабаўлю да дзён тваіх пятнанцаць год;
6 І ад рукі караля Асырскага выбаўлю цябе й гэтае места, і буду бараніць гэтае места’.
7 І во табе знак ад СПАДАРА, што СПАДАР справе справу, праз каторую Ён казаў:
8 ’Вось, Я адвяду назад сьцень на дзесяць уступцоў, па каторых ён ужо спусьціўся на сонечным паказьніку Агазовым’"». І зьвярнулася сонца на дзесяць уступцоў, па каторых яно ўжо было спусьціўшыся.
9 Во пісаньне Гэзэкі, караля Юдэйскага, як захварэў і ачуняў ад свае хваробы:
10 «Я падумаў, што ў палавіцы дзён сваіх зыйду да брамаў шэолю, я маю спабыцца засталых год сваіх.
11 Я казаў, што не абачу ЯГА, СПАДАРА на зямлі жывых, не абачу ўжо чалавека меж жыхараў сьвету,
12 Век мой ўцёк і перасяліўся ад мяне, як пастускі будан; я маю адрэзаць, як ткач, жыцьцё свае, — Ён адразае мяне ад асновы; сядні да ночы Ты зробіш імне канец.
13 Я крычэў помачы аж да раньня; як леў, Ён ламіў усі косьці мае; зраньня аж да ночы чакаў, што Ты зробіш імне канец.
14 Я крычэў, як жораў, шчабятаў, як ластаўка, стагнаў, як галуб; вочы мае былі падняты да гары. СПАДАРУ! я ўцісьнены, будзь Ты імне зарукаю.
15 Што я скажу? Ён абяцаў імне, Ён і зрабіў. Я буду хадзіць лагодна ўсі гады свае ў немарасьці душы свае.
16 СПАДАРУ! гэтым працягнуцца гады мае, і ў вусім гэтым — жыцьцё майго духа: Ты ўздаравіў мяне й пажвавіў мяне.
17 Вось, на дабро свае я меў вялікую гарчэль, і Ты зь любосьцяй выбавіў душу маю ад згубы; бо Ты кінуў за плечы Свае ўсі грахі мае;
18 Бо шэоль ня славе Цябе, сьмерць ня хвале Цябе, не здаюцца зыходзячыя ў дол на праўду Тваю.
19 Жывы, жывы будзе вызнаваць Цябе, як я цяпер: айцец азнайме дзяцём сваім праўду Тваю.
20 СПАДАР тут, каб спасьці мяне; і мы будзем пяяць песьні на струнных снадзях усі дні жыцьця нашага ў доме СПАДАРОВЫМ».
21 І сказаў Ісая: «Хай прынясуць скрыль фіґаў, і хай прыложа да скулы, і ён ачуняе».
22 І Гэзэка сказаў: «Якое чуда, што я буду хадзіць да дому СПАДАРОВАГА!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Відзень прарокі Ісаі, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.