Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ісаі 62 Ісаі 62 разьдзел

1 Дзеля Сыёну ня змоўкну і дзеля Ерузаліму не супакоюся, пакуль справядлівасьць яго ня выйдзе як бліск, і спасеньне яго не загарыцца як падаючы сьветач.
2 І абачаць народы справядлівасьць тваю і ўсі каралі — чэсьць тваю, і назавуць цябе новым імям, каторае вымавяць вусны СПАДАРОВЫ.
3 І будзеш вянком пазору ў руццэ СПАДАРОВАЙ і каралеўскаю дыядэмаю — на далані Бога свайго.
4 Ужо ня скажуць на цябе «Адпушчаная», і зямлю тваю ня будуць зваць «Спустошанай», але ты будзеш званая «Любата Мая ў ёй», і зямля твая — «Замужка»; бо СПАДАР прыяе табе, і зямля твая будзе замужняя.
5 Бо як дзяцюк бярэць дзеўку, так сынове твае возьмуць цябе; як малады цешыцца з маладое, так будзе цешыцца зь цябе Бог твой.
6 На сьцянах тваіх, Ерузаліме, Я пастанавіў вартаўнікоў, каб яны ніколі, увесь дзень і ўсю ноч не змаўкалі. Прыпамінаючыя праз СПАДАРА! не давайце сабе супакою;
7 І ня дайце супакою Яму, пакуль ня ўладзе і ня ўчыне Ерузалім славаю на зямлі.
8 Прысягнуў СПАДАР правіцаю Сваёю і плячом сілы Свае: «Наперад збожжа твайго ня дам на ежу непрыяцелям тваім, і сынове чужаземцаў ня будуць піць віннога соку твайго, над каторым ты працаваў;
9 Але тыя, што зьбяруць яго, будуць есьці яго й выхваляць СПАДАРА, і зьбіраньнікі яго будуць піць яго на панадворку сьвятыні Мае».
10 Праходзьце, праходзьце брамамі, прыгатуйце дарогу люду, раўнуйце, раўнуйце гасьцінец, зьбірайце каменьне, падыймайце сьцяг перад людамі.
11 Вось, СПАДАР агалашае да канцоў зямлі: «Кажыце дачцэ Сыёну: "Вось, ідзець спасеньне твае, вось, заплата Ягоная зь Ім, і адплата Ягоная перад Ім"».
12 І будуць знаць іх: «Люд сьвяты», «Адкуплены СПАДАРОМ», а цябе назавуць «Выгляданае, непакіданае места».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Відзень прарокі Ісаі, 62 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.