Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 11 Ярэмы 11 разьдзел

1 Слова, што было да Ярэмы ад СПАДАРА, кажучы:
2 «Слухайце словы змовы гэтае, і кажыце іх мужом Юдэі а жыхарам Ерузаліму,
3 І скажыце ім: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: ’Праклятая людзіна, што ня слухае слоў змовы гэтае,
4 Каторую Я расказаў айцом вашым у дню, каторага Я вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, ізь зялезнае печы, кажучы: "Слухайце голасу Майго, і паўніце подле ўсёга, што Я расказаў вам, і будзьце Імне людам, а Я буду вам Богам",
5 Каб здойсьнілася прысяга, каторага Я прысягаў айцом вашым, даць ім зямлю, малаком а мёдам цякучую, як цяпер’"». І адказаў я, і сказаў: «Амін, СПАДАРУ!»
6 І сказаў імне СПАДАР: «Агаласі ўсі гэтыя словы ў местах Юдэі й на вуліцах Ерузаліму, кажучы: слухайце словы змовы гэтае й паўніце іх;
7 Бо зглыбока Я сьветчыў айцом вашым адгэнуль, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, аж дагэтуль, устаючы рана й сьветчачы, кажучы: "Слухайце голасу Майго".
8 Але яны ня слухалі ані нахінулі вуха свайго, але хадзіў кажны ў вупорлівасьці ліхога сэрца свайго; і Я павёў на іх усі словы змовы гэтае, каторыя Я расказаў рабіць, але яны не рабілі».
9 І сказаў імне СПАДАР: «Змова знойдзена ў людзёў Юдэі а ў жыхараў Ерузаліму:
10 Яны зьвярнуліся да бяспраўяў прашчураў сваіх, каторыя адмовіліся слухаць слоў Маіх, і пайшлі за іншымі багамі, служыць ім. Дом Ізраеляў а дом Юдзін узрушылі змову, што Я зрабіў із айцамі іхнымі».
11 Затым гэтак кажа СПАДАР: «Вось, Я навяду на іх ліха, ад каторага яны ня змогуць уцячы, і, дарма што яны загалосяць да Мяне, Я не пачую іх.
12 Тады месты юдэйскія а жыхары Ерузаліму пойдуць а загалосяць да багоў, каторым яны кадзілі; але яны ніколі ня выбавяць іх увесь час ліха іхнага;
13 Бо ў цябе, Юда, колькі местаў, толькі й багоў, і колькі вуліцаў у Ерузаліме, толькі ты наставіў аброчнікаў да ганебных рэчаў, аброчнікаў кадзіць Ваалу.
14 І ты не маліся за гэты люд ані ўзьнімай галашэньня альбо малітвы за іх; бо Я не паслухаю, як яны будуць гукаць да Мяне ў часе ліха свайго.
15 Што любовай Маёй да дому Майго? Ты бязуліла із шмат кім, і мясы сьвятыя адышлі ад цябе; бо як ты робіш ліха, ты захапляешся.
16 СПАДАР менаваў цябе "Зялёным аліўным дзервам, харошым, з добраю садавіною", але пры гуку вялікае буры Ён раскладзець цяпло на ім і паломе галузы яго.
17 Бо СПАДАР войскаў, што пасадзіў цябе, вымавіў ліха на цябе за ліха дому Ізраелявага а дому Юдзінага, каторае яны ўчынілі сабе, квелячы Мяне да гневу кадзеньням Ваалу».
18 І СПАДАР даў імне веданьне, і я ведаю; тады Ты паказаў імне ўчынкі іхныя.
19 Але я, як баранчык альбо цялё-бычок, ведзены на зарэз, і я ня ведаў, што яны задумляюць змову на мяне, кажучы: «Зьнішчыма дзерва з пладамі яго і адатнем яго ад зямлі жывых, каб і наперад імя яго не менавалі».
20 Але Ты, СПАДАРУ, Божа множасьці, што судзіш справядліва, што прабуеш ныркі а сэрца, дазволь імне бачыць помсту Тваю на іх, бо Табе я абясьціў справу сваю.
21 Затым гэтак кажа СПАДАР празь людзёў Анафофу, што шукаюць жыцьця твайго, кажучы: «Не праракай імям СПАДАРОВЫМ, каб ты не памер ад рукі нашае».
22 Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Вось, Я даведаюся да іх: маладзёны памруць ад мяча; сынове іхныя а дачкі іхныя памруць з галадові.
23 І ня будзе астачы ад іх, бо Я навяду ліха на людзёў Анафофу ў годзе даведаньня да іх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.