Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 23 Ярэмы 23 разьдзел

1 «Бяда пастыром, што губяць а распуджаюць авечкі пасты Мае, — агалашае СПАДАР.
2 Затым гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, на пастыроў, што пасьвяць люд Мой: «Вы расьцярушылі стаду, распудзілі іх і не давядаліся да іх; вось, Я даведаюся да вас за ліхія ўчынкі вашыя, — агалашае СПАДАР. —
3 І Я зьбяру астачу чарады Свае з усіх краёў, куды Я распудзіў іх, і зьвярну іх да селішчаў іхных, і яны будуць плодныя, і будуць мнажыцца.
4 І пастанаўлю пастыроў над імі, што будуць пасьціць іх, і яны ўжо ня будуць баяцца ані пужацца, ані губляцца, — агалашае СПАДАР.
5 Вось, настануць дні, — агалашае СПАДАР, — і ўзьніму Давіду Пагон справядлівы, і будзе караляваць Кароль, і дзеяць мудра, і будзе чыніць суд а справядлівасьць на зямлі.
6 За дзён Ягоных спасецца Юда, і Ізраель будзе жыць бясьпечна; і во імя Ягонае, каторым Яго назавуць: "СПАДАР — справядлівасьць наша".
7 Вось, настаюць дні, — кажа СПАДАР, — як ужо ня будуць казаць "Жыў СПАДАР, Каторы ўзьвёў сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягінецкае",
8 Але: "Жыў СПАДАР, Каторы ўзьвёў; і Каторы вёў насеньне дому Ізраелявага з паўночнага краю а з усіх краёў", куды Я распудзіў іх, і яны будуць жыць на зямлі сваёй».
9 Праз прарокаў. Разрываецца сэрца ў нутру маім, усі косьці мае калоцяцца; я — як п’яны, як людзіна, каторую разабрала віно, дзеля СПАДАРА, дзеля сьвятых слоў Ягоных;
10 Бо зямля поўная чужаложнікаў, бо ад праклёнаў зямля плача; высахлі пасьцьбішчы пустыні, і быў бег іхны ліхі, і моц іхная — няпраўда;
11 «Бо таксама прарока а сьвятар двудушныя, нават у доме Сваім Я знашоў нягоднасьць іхную, — кажа СПАДАР. —
12 За тое дарога іхная будзе, як коўзкія месцы ў цямноце; яны пакаўзнуцца а паваляцца там, бо Я навяду на іх ліха ў годзе даведаньня іхнага, — агалашае СПАДАР.
13 І ў прарокаў самарскіх бачыў Я дурноту: яны праракалі Ваалам і ўвялі ў вабмылу люд Мой Ізраеля.
14 І ў прарокаў ерузалімскіх Я бачу жахлівае: дзеючы чужалоства, ходзяць у мане і паддзержуюць рукі ліхадзеяў, каб ніхто зь іх не адварачаўся ад свае нягоднасьці; усі яны сталіся Імне — як Содома, і жыхары яго — як Ґомора.
15 Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў праз прарокаў: "Вось, Я накармлю іх палыном і напаю іх жоўчнаю вадою, бо ад прарокаў ерузалімскіх пашыраецца двудушніцтва па ўсёй зямлі"».
16 Гэтак кажа СПАДАР войскаў: «Ня слухайце слоў прарокаў, што праракаюць вам: яны дурняць вас, гукаюць відзені сэрца свайго, ня з вуснаў СПАДАРОВЫХ.
17 Яны часта кажуць тым, што ўлегцы маюць Мяне: "Казаў СПАДАР: ’Супакой будзе ў вас’". І кажнаму, хто ходзе подле ўпорлівасьці сэрца свайго, кажуць: "Ня станецца вам ліха";
18 Бо хто стаяў у радзе СПАДАРОВАЕ і бачыў і чуў слова Ягонае? хто ўважаў на слова Ягонае і паслухаў яго?
19 Вось, віхор СПАДАРОЎ, вялікі гнеў ягоны вышаў, віхор цяжкі, на галаву нягодных зваліцца.
20 Гнеў СПАДАРОЎ ня суймецца, пакуль Ён ня зьдзее і пакуль ня споўне думкаў сэрца Свайго; у вапошнія дні вы зразумееце гэта дасканальна.
21 Я не пасылаў прарокаў гэтых, яны, адылі пабеглі; Я не казаў ім, яны, адылі, праракалі.
22 Але калі б яны стаялі ў радзе Маёй і нахінулі люд Мой слухаць словы Мае, тады яны адвярнулі б іх ад благое дарогі й ад благіх учынкаў іхных.
23 Ціж Бог толькі зблізку Я, — агалашае СПАДАР, — і ці ня Бог таксама здалеку?
24 Ці прытоіцца людзіна ў патайных месцах, каб Я ня бачыў яе? — агалашае СПАДАР, — ці Я не напаўняю нябёсы й зямлю? — агалашае СПАДАР. —
25 Я чуў, што прарокі, каторыя праракаюць ману імям Маім, казалі, кажучы: "Я сьніў, я сьніў".
26 Ці доўга гэта будзе ў сэрцу прарокаў, каторыя праракаюць ману? але, яны прарокі ашукі сэрца свайго,
27 Каторыя думаюць давесьці люд Мой, каб Забыўся імя Мае, сваімі сьненьнямі, каторыя яны павядаюць адзін аднаму, як айцове іхныя забыліся імя Мае дзеля Ваала.
28 Прарока, каторы сьніў, няхай і азнаймляе сьненьне; а тый, што мае слова Мае ў сябе, няхай гукае Мае слова верна. Што саломе да збожжа? — агалашае СПАДАР. —
29 Ці ня так слова Мае, як цяпло? — агалашае СПАДАР, — і як молат, што разьбівае скалу?
30 Затым, вось, Я супроці прарокаў, — агалашае СПАДАР, — каторыя крадуць словы Мае адзін у ваднаго.
31 Вось, Я супроці прарокаў, — агалашае СПАДАР, — каторыя ўжываюць мовы свае і кажуць: "Ён агалашае".
32 Вось, Я на тых, што праракаюць манлівыя сьненьні, — агалашае СПАДАР, — і што азнаймляюць іх, і зводзяць люд Мой маною сваёю і неразважным хваленьням; Я адылі, не пасылаў ані расказаў ім; затым яны ані ня будуць карысныя люду гэтаму, — кажа СПАДАР. —
33 І калі папытаецца ў цябе люд гэты альбо прарока, альбо сьвятар, кажучы: "Што за цяжар СПАДАРОЎ?" ты тады скажы ім: "Што за цяжар? Я нават пакіну вас", — агалашае СПАДАР.
34 А калі прарока а сьвятар а люд кажа: "Цяжар СПАДАРОЎ", то Я даведаюся да тога, чалавека і да дому ягонага.
35 Але гэтак кажыце адзін аднаму і брат брату: "Што адказаў СПАДАР?" або: "Што казаў СПАДАР?"
36 Але цяжар СПАДАРОЎ наперад не мянуйце, бо цяжарам будзе кажнай людзіне слова ейнае, бо вы перакручуеце словы Бога жывога, СПАДАРА войскаў, Бога вашага.
37 Гэтак кажы прароку: "Што СПАДАР адказаў табе?" і: "Што СПАДАР казаў?"
38 Але калі скажаце: "Цяжар СПАДАРОЎ", то гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што кажаце гэтае слова ’цяжар СПАДАРОЎ’, хоць Я паслаў вам, кажучы: ’Не кажыце "цяжар СПАДАРОЎ"’",
39 За гэта, вось, Я чыста вырву вас і адхіну ад віду Свайго вас і места, што Я даў вам і айцом вашым,
40 І палажу на вас вечныя ўпікі й вечную ганьбу, каторая не забудзецца».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.