Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Маркі 15 Евангеля Маркі 15 разьдзел

1 І без адвалокі нараніцы найвышшыя сьвятары мелі нараду із старцамі а кніжнікамі а з усім сынэдрыёнам і, зьвязаўшы Ісуса, завялі й выдалі Пілату.
2 І Пілат папытаўся ў Яго: «Ці Ты кароль Юдэйскі?» І, адказуючы, Ён казаў яму: «Ты кажаш».
3 І найвышшыя сьвятары вінавалі яго ў шмат чым, але Ён нічога не адказаваў.
4 Але Пілат ізноў пытаўся ў Яго, кажучы: «Ты нічога не адказуеш? глянь, як шмат яны вінуюць Цябе».
5 Але Ісус, адылі, нічога не адказаў, так што Пілат дзіваваўся.
6 На сьвята выпушчаў ён ім аднаго вязьня, праз каторага малілі.
7 І там быў адзін, імям Вараўва, зьвязаны з тымі, каторыя зрабілі паўстаньне зь ім, што за паўстаньня зрабілі ўбіўства.
8 І гурба, узышоўшы, голасна крычачы, пачала прасіць таго, што ён заўсёды рабіў ім.
9 І ён, адказуючы, сказаў ім: «Ці хочаце, каб я выпусьціў вам Караля Юдэйскага?»
10 Бо ведаў, што найвышшыя сьвятары выдалі Яго із завідасьці.
11 Але найвышшыя сьвятары падвучылі гурбу, каб ім валей выпусьціў Вараўву.
12 І Пілат, ізноў адказуючы, сказаў ім: «Дык што ж хочаце, каб я зрабіў таму, Каторага завіце Каралём Юдэйскім?»
13 А яны ізноў закрычэлі: «Укрыжуй Яго?»
14 Пілат сказаў ім: «Якое ж ліха зрабіў Ён?» Яны ж балей крычэлі: «Укрыжуй Яго!»
15 Тады Пілат, хочучы люду досыць учыніць, выпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, біўшы пугамі, выдаў, каб быў укрыжаваны.
16 І жаўнеры завялі Яго да двору, значыцца да ратушы, і згукалі ўвесь аддзел.
17 І адзелі Яго ў шкарлат, і зьвілі карону зь церня, і ўзлажылі на Яго;
18 І пачалі веціць Яго: «Здароў, Каролю Юдэйскі!»
19 І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плівалі на Яго, і, клякаючы, кланяліся Яму.
20 І як насьміяліся зь Яго, зьдзелі зь Яго шкарлат, і адзелі на Яго адзецьце Ягонае, і вывялі Яго, каб укрыжаваць Яго.
21 І прысілілі якогась Сымона Кірынеяніна, што йшоў з поля, айца Аляксандравага а Руфавага, несьці крыж Ягоны.
22 І прывялі Яго на месца Ґалґота, што знача Чарэпнішча.
23 І давалі Яму піць віно зь міраю, але Ён ня прыняў.
24 І, укрыжаваўшы Яго, падзялілі адзецьце Ягонае, кідаючы на жэрабя, каму што ўзяць.
25 І была гадзіна трэйцяя, і Яго ўкрыжавалі.
26 І быў напісаны напіс абвінаваньня Ягонага: «Кароль Юдэйскі».
27 Укрыжавалі таксама зь Ім двух разбойнікаў, аднаго паправа, а другога палева Яго.
28 І выпаўнілася Пісьмо, што кажа: «І да бяспраўнікаў залічаны».
29 А праходзячыя блявузґалі на Яго, ківаючы галавамі сваімі й кажучы: «Ага, Ты, што бураеш Дом Божы й за тры дні становіш!
30 Выбаў Самога Сябе і іступі з крыжа».
31 Падобна й найвышшыя сьвятары, насьміхаючыся, гукалі з кніжнікамі: «Іншых спасаў, Сябе Самога спасьці ня можа.
32 Хрыстос, Кароль Ізраеляў, няхай цяпер ісступе з крыжа, каб мы абачылі; і ўверым». І ўкрыжаваныя зь Ім вярнулі на Яго.
33 А як была шостая гадзіна, настала цямнота па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятае.
34 І а дзявятай гадзіне загаласіў вялікім голасам, кажучы: «Элоі! Элоі! ламма савахфані?» Што знача: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?
35 І некатрыя із стаячых тут, пачуўшы, мовілі: «Вось, Ільлю гука́е».
36 І адзін пабег, намачыў губку воцтам і, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пажджыце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго».
37 І Ісус, загука ўшы вялікім голасам, выпусьціў дух.
38 І запона разьдзерлася ў Доме Божым на дзьве часьці, ад гары аж да далоўя.
39 І сотнік, што стаяў насупроці Яго, абачыўшы, што Ён, так загука ўшы, выпусьціў дух, сказаў: «Запраўды чалавек гэты быў Сын Божы».
40 Былі й жанкі, што глядзелі здалеку; памеж іх была й Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якава меншага а Ёсі, і Салома,
41 Каторыя таксама, як Ён быў у Ґалілеі, ішлі за Ім а паслугавалі Яму, і шмат іншых жанок, што прышлі зь Ім да Ерузаліму.
42 І цяпер, як настаў вечар, бо гэта была прыгатова, значыцца дзень перад сыботаю,
43 Прышоў Язэп із Арымафеі, пачэсьлівы райца, што таксама чакаў гаспадарства Божага, сьмела ўвыйшоў да Пілата і папрасіў цела Ісусавага.
44 Пілат зьдзіваваўся, што Ён ужо памер, і, пагукаўшы сотніка, папытаўся ў яго: «Ці даўно памер?»
45 І даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
46 І ён купіў палатніну, і, зьняўшы Яго, завярцеў Яго ў палатніну, і палажыў Яго ў гробе, што быў высечаны ў скале, і прыкаціў камень да дзьвярэй гробу.
47 І Марыя Магдалена, і Марыя Ёсіна назіралі, ідзе Яго палажылі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Маркі, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.