Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Лукі 10 Евангеля Лукі 10 разьдзел

1 Просьле гэтага Спадар прызначыў іншых семдзясят і паслаў іх па двух перад відзеньням Сваім да кажнага места а месца, куды Сам маніўся йсьці.
2 І сказаў ім: «Жніво запраўды вялікае, але работнікаў мала; дык маліце Спадара, каб выправіў работнікаў да жніва Свайго.
3 Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягняты памеж ваўкоў.
4 Не нясіце із сабою ані хатуля, ані капшука, ані вобую, і нікога не здароўце на дарозе.
5 І ў які дом увыйдзеце, найперш скажыце: "Супакой дому гэтаму".
6 І калі будзе там сын супакою, супакой ваш супачыне на ім; калі не, ён зьвернецца да вас.
7 І ў тым самым доме заставайцеся, ядучы й п’ючы тое, што ё ў іх, бо гожы работнік заплаты свае; не пераходзьце з дому да дому.
8 І да якога места прыйдзеце, і прыймуць вас, ежча, што пастановяць перад вамі.
9 І ўздараўляйце хворых у ім, хто ёсьць у ім, і кажыце ім: "Бліжыцца да вас гаспадарства Божае".
10 Калі ж увыйдзеце ў якое места, і ня прыймуць вас, то, вышаўшы на вуліцу, скажыце:
11 "І пыл, прыліплы да нас ізь места вашага, страсаем вам із ног нашых; ведайце, адылі, што дабліжылася да вас гаспадарства Божае".
12 Але кажу вам, што Садоме таго дня лацьвей будзе, чымся месту таму.
13 «Бяда табе, Хоразыне! Бяда табе Віфсаіда! бо калі б магучыя ўчынкі сталіся ў Тыру а Сыдоне, якія сталіся ў вас, яны даўно пакаяліся б, седзячы ў зрэб’ю а попеле.
14 Але лацьвей будзе Тыру а Сыдону на судзе, чымся вам.
15 І ты, Капернауме, што аж да неба ўзьняўся, аж да пеклы ськінены будзеш.
16 Хто слухае вас, слухае Мяне; і хто грэбуе вамі, грэбуе Імною; а хто грэбуе Імною, грэбуе Тым, хто паслаў Мяне».
17 Семдзясят зьвярнуліся з радасьцяй, кажучы: «Спадару! навет нячысьцікі паддаюцца нам у імя Твае».
18 Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шайтана, што, як маланьня, валіўся зь неба.
19 Во, даю вам уладу таптаць гады а скарпіёны і ўсю моц непрыяцельскую, і нішто ніяк вам не пашкодзе.
20 Ня цешчася, адылі, з таго, што духі вам паддаюцца; але валей цешчася з таго, што ймёны вашыя напісаныя на нябёсах».
21 Тае ж гадзіны Ісус цешыўся ў Духу Сьвятым і сказаў: «Дзякую Табе, Войча, Спадару неба й зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых а разумных і аб’явіў гэта бязьлеткам. Але, Войча, бо так зьлюб было Табе.
22 «Усе перадана Імне Айцом Маім; і ніхто ня ведае, хто ё Сын, апрача Айца; і хто ё Айцец, апрача Сына, і каму Сын хоча аб’явіць».
23 І, зьвярнуўшыся да вучанікаў, сказаў ім апрыч: «Шчасьлівыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце!
24 Бо кажу вам, што шмат якія прарокі а каралёве хацелі бачыць, што вы бачыце, але ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, але ня чулі».
25 І вось, адзін праўнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: «Вучыцелю! што я маю рабіць, каб спала імне жыцьцё вечнае?»
26 І Ён сказаў яму: «У законе што напісана? як чытаеш?»
27 А ён, адказуючы, сказаў: «Любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца свайго, і з усяе душы свае, із усяе сілы свае, і з усяе думкі свае, і прыяцеля свайго, як самога сябе».
28 І сказаў яму: «Добра ты адказаў; гэтак рабі, і будзеш жыць».
29 Але ён, хочучы аправіцца, кажа Ісусу: «А хто мой прыяцель?»
30 І, адказуючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў зь Ерузаліму да Ерыхону і лучыў памеж разбойнікаў, каторыя зьдзерлі зь яго адзецьце, і ранілі, і адышлі, пакінуўшы яго паў мертвага.
31 І прыгадзілася, што тудэй зыходзіў адзін сьвятар і, згледзіўшы яго, прайшоў другім бокам.
32 Падобна й Левіт, быўшы на тым месцу, падышоў, паглядзеў і прайшоў другім бокам.
33 Але Самаранін якісь, падарожжуючы, лучыў на яго і, абачыўшы яго, зжаліўся над ім.
34 І падышоў да яго, завязаў раны яму, узьліўшы алівы а віна; і, пасадзіўшы яго на стачыну сваю, прывёз яго да заезду і заапекаваўся ім.
35 А назаўтрае, ад’яжджаючы, выняў два дынары, даў гаспадару і сказаў яму: "Заапякуйся ім; і што балей выдасі, я, як зьвярнуся, аддам табе".
36 Дык каторы з гэтых трох, здаецца табе, прыяцель таму, хто лучыў памеж разбойнікаў?»
37 І ён сказаў: «Тый, што зьмілаваўся над ім». І сказаў яму Ісус: «Ідзі, і ты рабі таксама».
38 І сталася, як ішлі, што Ён увыйшоў да аднаго сяла.
39 Жонка ж адна, імям Мархва, прыняла Яго да дому. І ў яе была сястра, званая Марыя, каторая села ля ног Ісусавых і слухала слова Ягонае.
40 Але Мархва клапатала каля шмат паслугі, а, падышоўшы да Яго, сказала: «Спадару; ці не парушае Цябе, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб памагла імне».
41 І, адказуючы, сказаў ёй Ісус: «Мархва! Мархва! ты рупішся а клапоцішся праз шмат што;
42 Але з мала чаго аднаго надабе. І Марыя абрала добрую дзель, каторая ня будзе аднята ад яе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Лукі, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.