Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Лукі 11 Евангеля Лукі 11 разьдзел

1 І сталася, як Ён на адным месцу маліўся, і перастаў, што адзін із вучанікаў ягоных сказаў Яму: «Спадару, навучы нас маліцца, як і Яан навучыў вучанікаў сваіх».
2 І Ён сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: "Войча наш, Каторы ёсьць у небе! сьвяціся імя Твае; прыйдзі гаспадарства Твае; будзь воля Твая, як на небе, так на зямлі.
3 Хлеба нашага штадзеннага дай нам што дня;
4 І даруй нам грахі нашыя, бо й мы даруем кажнаму даўжбіту нашаму; і ня ўводзь нас на спакусу, але збаў нас ад злога"».
5 І сказаў ім: «Каторы з вас будзе мець прыяцеля, і прыйдзе да яго а поўначы, і скажа яму: "Прыяцелю, пазыч імне тры букаткі;
6 Бо прыяцель мой з дарогі зайшоўся да мяне, і я ня маю нічога пасуліць яму".
7 А тый з хаты адкажа й скажа: "Не парушай мяне; дзьверы ўжо замкнёны, і дзеці мае з імною ў ложку; не магу ўстаць і даць табе".
8 І кажу вам, хоць ён ня ўстане й ня дасьць яму з прыязьні; з начэпнасьці ягонае, адылі, устаўшы, дасьць яму, колькі патрабуе.
9 І Я кажу вам: прасіце, і дасца вам; шукайце, і знойдззеце; стукайце, і адчыняць вам;
10 Бо кажны, хто просе — адзержуе; і хто шукае — знаходзе; і таму, хто стукае — адчыняюць.
11 «І калі б у каторага з вас айца сын папрасіў хлеба, ці падасьць яму камень? альбо рыбы, ці падасьць яму гада замест рыбы?
12 Альбо, калі папросе яйца, ці падасьць яму скарпіёна?
13 Дык калі вы, благія, умееце даваць добрыя падаркі дзяцём сваім, пагатове Айцец нябёсны дасьць Духа Сьвятога тым, што ў Яго просяць».
14 І Ён выгнаў нячысьціка, каторы быў немы; і сталася, як нячысьцік вышаў, што немы гукаў; і груд дзіваваўся.
15 Але некатрыя зь іх гукалі: «Ён выганяе нячысьцікаў сілаю веельзэвула, князя нячысьцікаў».
16 А іншыя, спакушаючы, прасілі ў яго знаку зь неба.
17 Але Ён, ведаючы падумкі іхныя, сказаў ім: «Кажнае гаспадарства, падзеленае само ў сабе, пусьцее; і дом, падзелены сам у сабе, валіцца.
18 Калі шайтан таксама падзеліцца сам у сабе, як устое гаспадарства ягонае? А вы гукаеце, што Я веельзэвулам выганяю чартоў.
19 І калі Я веельзэвулам выганяю нячысьцікаў, то сынове вашыя кім выганяюць? Дык яны будуць вам судзьдзямі.
20 Але калі Я палцам Божым выганяю нячысьцікаў, прышло да вас гаспадарства Божае.
21 Калі дужасіл, узброіўшыся, сьцеражэць палац свой, у бясьпечнасьці маемасьць ягоная.
22 Але калі дужшы за яго нападзець на яго і пераможа яго, ён адбярэць у яго ўсю зброю ягоную, на каторую ён спадзяваўся, і падзеле заграбленае ў яго.
23 Хто ня з Імною, тый супроці Мяне; і хто ня зьбірае зь Імною, раськідае.
24 «Як нячысты дух выйдзе зь людзіны, ходзе па сухіх месцах, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: "Зьвярнуся да дому свайго, скуль вышаў".
25 І, прышоўшы, знойдзе яго падмеценым а прыбраным.
26 Тады йдзець і бярэць сямёх іншых духоў, негаднейшых за сябе; і, увыйшоўшы, жывуць там. І апошняе таму чалавеку горшае за першае».
27 І сталася, як Ён гукаў гэта, што адна жонка з груду ўзьняла голас свой і сказала яму: «Дабраславёнае ўлоньне, што насіла Цябе, і пелькі, каторыя Ты ссаў».
28 А Ён сказаў: «Але дабраславеншыя ж тыя, што слухаюць слова Божае і дзяржаць яго».
29 Як жа люд ціснуўся, Ён пачаў гукаць: «Род гэты ліхі; яны знаку шукаюць, і знак ня Дасца яму, апрача знаку Ёны прарокі;
30 Бо, як Ёна быў знакам Нінявянам, так і Сын Людзкі будзе знакам гэтаму роду.
31 «Караліца паўднявая паўстане на суд ізь людзьмі роду гэтага і засудзе іх, бо яна прышла з канцоў зямлі слухаць мудрасьць Салямонаву; і во, вялікшы за Салямона тут.
32 Нінявяне паўстануць на суд із родам гэтым і засудзяць яго, бо яны пакаяліся на казань Ёніну; і во, вялікшы за Ёну тут.
33 Ніхто, засьвяціўшы лянпу, не станове яе ў патайным месцу ані пад карэц, але на падстаноўку, каб праходзячыя бачылі сьвятліню.
34 Лянпа цела ё вока; дык, калі вока твае здаровае, то і ўсе цела твае поўнае зырчыні; але калі благое, цела твае таксама поўнае цямноты.
35 Дык уважай, каб сьвятліня, што ёсьць у табе, ня была цямнотаю.
36 А калі ўсе цела твае зыркае, бяз часьці цемнага, усе будзе зыркае, як калі лянпа, сьвецячы, зьзяе».
37 І, як Ён гукаў, адзін фарысэй прасіў яго палуднаваць ізь ім; Ён прышоў і ўзьлёг ля столу.
38 І фарысэй зьдзіваваўся, як абачыў, што Ён ня мыўся перад палудням.
39 І Спадар сказаў яму: «Цяпер вы, фарысэі, чысьціце навоннасьць коўняў а місаў, але нутр вашы поўны грабяжу а нягоднасьці.
40 Неразумныя! ці ня тый, што ўчыніў навоннае, учыніў і нутраное?
41 Але валей давайце ўбожыну з таго, што маеце, і вось, усе ў вас будзе чыстае.
42 Але бяда вам, фарысэі! бо вы даіце дзесяціну зь мяты, руты і ўсялякага зельля, але абмінаеце суд а любоў Божую; гэта належыла рабіць, і гэнага не пакідаць.
43 Бяда вам, фарысэі! бо вы любіце першыя месцы ў бажніцах і здарованьні на таргох.
44 Бяда вам, кніжнікі а фарысэі, двудушнікі! бо вы, як грабы нявідомыя, і людзі ходзяць над імі, ня ведаючы гэтага».
45 Тады адзін із праўнікаў, адказуючы, казаў Яму: «Вучыцелю! гэта кажучы, Ты й нас зьневажаеш».
46 І Ён сказаў: «І вам, праўнікі, бяда, бо вы цяжарыце людзёў цяжарамі нявыноснымі, а самы адным палцам сваім не датыкаецеся да цяжараў.
47 Бяда вам! бо вы будуеце помнікі прарокам, а айцове вашы забілі іх.
48 Дык вы сьветчыце, што пацьвярджаеце ўчынкі айцоў вашых, бо яны запраўды забілі іх, а вы будуеце ім помнікі.
49 Затым і Мудрасьць Божая сказала: "Я пашлю ім прарокаў а апосталаў, і зь іх заб’юць, і будуць перасьледаваць;"
50 Каб кроў усіх прарокаў, разьлітая ад закладзінаў сьвету, была спагнана з гэтага роду,
51 Ад крыві Авеля аж да крыві Захары, што загінуў памеж аброчніку й Дому. Запраўды кажу вам, яна будзе спагнана з роду гэтага.
52 Бяда вам праўнікі! бо вы ўзялі ключы веды; самы ня ўвыйшлі і ўходзячым пераказілі».
53 Як Ён гукаў ім гэта, кніжнікі а фарысэі пачалі надта націскаць на Яго, каб прысіліць Яго гукаць шмат праз што,
54 Цікуючы на Яго і імкнучыся схапіць што-лень із вуснаў Ягоных, каб магчы абвінаваць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Лукі, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.