Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Яана 16 Евангеля Яана 16 разьдзел

1 «Гэта сказаў Я вам, каб вас не спадманулі.
2 Будуць вылучаць вас із бажніцаў; але, прыходзе гадзіна, што кажны, хто заб’ець вас, будзе думаць, што ён абракае службу Богу.
3 І гэта яны будуць рабіць, бо не пазналі Айца ані Мяне.
4 «Але гэта Я сказаў вам, каб, як прыйдзе тый час, вы памятавалі гэта, што Я сказаў вам; а не сказаў вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.
5 А цяпер іду да Тога, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: "Куды йдзеш?"
6 Але ад тога, што Я гэта выказаў вам, смутак напоўніў сэрца вашае.
7 «Але Я праўду кажу вам: карысна вам, каб Я адышоў; бо, калі Я не адыйду, Пацяшыцель ня прыйдзе да вас; калі ж пайду, пашлю Яго да вас.
8 І, прышоўшы, Ён згане сьвет узглядам грэху а справядлівасьці а суду:
9 Узглядам грэху, бо ня вераць у Мяне;
10 Узглядам справядлівасьці, бо Я йду да Айца, і ўжо ня будзеце бачыць Мяне;
11 Узглядам суду, бо князь гэтага сьвету засуджаны.
12 «Яшчэ казаць вам маю шмат, але вы ня здолееце перанесьці гэтага цяпер.
13 А як прыйдзе Ён, Дух праўды, увядзець вас да ўсяе праўды, бо Ён ня будзе гукаць ад Сябе, але будзе казаць тое, што будзе чуць, і йдучае абясьціць вам.
14 Ён Мяне ўславе, бо з Майго возьме й абясьціць вам.
15 Усе, што Айцец мае, ё Мае; затым Я й сказаў, што Ён із Майго возьме й абясьціць вам.
16 Часіна, і вы ня будзеце бачыць Мяне; і ўзноў часіна, і вы абачыце Мяне, бо Я йду да Айца».
17 І некатрыя з вучанікаў гукалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: "Часіна, і вы ня будзеце бачыць Мяне; і ўзноў часіна, і вы абачыце Мяне, бо Я йду да Айца"?»
18 Дык яны гукалі: «Што гэта такое Ён кажа : "Часіна"? Ня ведаем, што Ён кажа».
19 І пазнаў Ісус, што зычылі ў Яго пытацца, і сказаў ім: «Ці праз тое вы разважаеце адзін із адным, што Я сказаў: "Часіна, і вы ня будзеце бачыць Мяне; і ўзноў часіна, і вы абачыце Мяне"?
20 Запраўды, запраўды кажу вам: вы будзеце плакаць а галасіць, але сьвет будзе цешыцца; вы будзеце зьнемарашчаны, але немарасьць ваша абернецца ў радасьць.
21 Жонка, як родзе, мае немарасьць, бо гадзіна ейная прышла, але як народзе дзяцё, ужо ня памятуе атугі з радасьці, што людзіна на сьвет нарадзілася.
22 І вы цяпер маеце немарасьць; але Я ўзноў абачу вас, і ўсьцешыцца сэрца вашае, і радасьці вашае ніхто не адбярэць у вас.
23 І таго дня вы нічога не папытаецеся ў Мяне. Запраўды, запраўды кажу вам: калі чаго папросіце ў Вайца, дасьць вам у імя Мае.
24 Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Мае; прасіце й адзяржыце, каб радасьць ваша была поўная.
25 Гэта Я атумекамі казаў вам; настаець гадзіна, што Я ўжо ня буду гукаць вам атумекамі, але выразьліва праз Айца абяшчу вам.
26 Таго дня будзеце прасіць у імя Мае, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас;
27 Бо Айцец Сам любе вас, бо вы Мяне ўлюбілі і ўверылі, што Я ад Бога вышаў.
28 Вышаў ад Айца і прышоў на сьвет; ізноў пакідаю сьвет і йду да Айца».
29 Кажуць Яму вучанікі Ягоныя: «Вось, цяпер Ты выразьліва кажаш, і атумекамі ня гукаеш.
30 Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усе, і не патрабуеш, каб хто ў Цябе пытаўся. Затым верым, што Ты ад Бога вышаў».
31 Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?
32 Вось, прыходзе гадзіна, і прышла, што вы расьцярушыцеся, кажны да сябе самога і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец із Імною.
33 Гэта сказаў Я вам, каб вы ў Імне супакой мелі. У сьвеце будзеце мець атугу, але будзьце адважныя: Я перамог сьвет».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангеля подле сьвятога Яана, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.