Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Аб'яўленьня 19 Аб'яўленьня 19 разьдзел

1 Просьле гэтага я чуў быццам вялікі голас вялікага груду на небе, каторы казаў: «Галілуя! спасеньне а слава а магутнасьць Богу нашаму!
2 Бо праўдзівыя а справядлівыя суды Ягоныя, бо Ён засудзіў тую вялікую бязулю, каторая папсавала зямлю бязулствам сваім, і памсьціў кроў слугаў Сваіх з рукі ейнае».
3 І ўдругава сказалі: «Галілуя! І дым ейны ўзыходзе на векі вякоў».
4 І дваццаць чатыры старых і чатыры жывыя стварэньні палі а пакланіліся Богу, Каторы сядзіць на пасадзе, кажучы: «Амін! Галілуя!»
5 І голас ад пасаду вышаў, што казаў: «Хваліце Бога нашага, усі слугі а баязьнікі Ягоныя, малыя й вялікія».
6 І чуў я быццам голас вялікага груду, і быццам шум шмат водаў, і быццам грукат моцных пяруноў, што казалі: «Галілуя! бо загаспадарстваваў Спадар, Бог наш Усемагучы.
7 Цешмася а весялімася, і ўздайма славу Яму, бо настала вясельле Баранчыкава, і жонка Ягоная прыгатавалася.
8 І дана было ёй адзецца ў цянюсенькае палатно, сьветлае й чыстае», бо цянюсенькае палатно ё справядлівасьць сьвятых.
9 І сказаў імне: «Напішы: дабраславёныя пагуканыя на вясельную вячэру Баранчыкаву;» і сказаў імне: «Гэта праўдзівыя словы Божыя».
10 Я паў у ногі яму, каб яму пакланіцца; але ён сказаў імне: «Глядзі, не рабі гэтага; я суслугачы твой і братоў тваіх, каторыя маюць сьветчаньне Ісусава. Кланяйцеся Богу», бо сьветчаньне Ісусава ё дух прароцтва.
11 І абачыў я рашчыненае неба, і вось, конь белы, і седзячы на ім завецца Верны а Праўдзівы, і ў справядлІЕасьці Ён судзе й ваюе.
12 І вочы Ягоныя — бы поламя агняное, і на галаве ў Яго шмат дыядэмаў. Меў імя напісанае, каторага ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.
13 Ён быў адзеўшыся ў вадзецьце, абмочанае ў кроў. Імя Ягоне: Слова Божае.
14 І войскі нябёсныя ехалі за Ім на конях белых, убраўшыся ў белае, чыстае цянюсенькае палатно.
15 І з роту Ягонага выходзе войстры меч, каб ім цяць народы. І Ён будзе пасьціць іх прутом зялезным; і Ён цісьне вінную таўчэльню палкага гневу Бога ўсемагучага.
16 І на адзецьцю і на сьцягне Ягоным напісана імя: КАРОЛЬ КАРАЛЁЎ і СПАДАР СПАДАРОЎ.
17 І абачыў я аднаго ангіла, што стаяў на сонцу; і ён гукнуў вялікім голасам, кажучы ўсім птушкам, што лётаюць па сярэдзіне неба: «Прыляціце, зьбярыцеся на вялікую вячэру Божую,
18 Пажэрці целы каралёў а целы тысячнікаў а целы дужасілаў а мяса коні а целы коньнікаў а целы ўсіх вольнікаў і нявольнікаў, і малых і вялікіх».
19 І бачыў я зьвера й каралёў земных а войскі іхныя, зьбертыя ваяваць із Коньнікам а з войскам Ягоным.
20 І схоплены быў зьвер і зь ім хвальшывы прарока, што чыніў чудосы перад ім, якімі зводзіў тых, што прынялі знак зьвера, і тых, што кланяліся абразу. Абодва жывыя кінены ў возера агняное, што гарэла серкаю;
21 А засталыя забіты мячом Коньнікавым, што выходзіў з роту Ягонага; і ўсі птушкі насыціліся целам іхным.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.