Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Аб'яўленьня 5 Аб'яўленьня 5 разьдзел

1 І бачыў я ў правіцы Седзячага на пасадзе сувой, запісаны ўнутры й звонку, запячатаваны сяма пячацьмі.
2 І бачыў я дужога ангіла, што агалашаў вялікім голасам: «Хто годны разьвіць гэты сувой і пакволіць пячаці яго?»
3 І ніхто ня мог на небе ані на зямлі, ані пад зямлёю разьвіць гэты сувой альбо глянуць у яго.
4 І я шмат плакаў, што нікога не знайшлося годнага разьвіць сувой або глянуць у яго.
5 І адзін із старшых кажа імне: «Ня плач; вось, леў з плямені Юдзінага, карэнь Давідаў, перамог, каб разьвіць гэты сувой і пакволіць сем пячацяў яго».
6 І глянуў я, і вось, сярод пасаду, і чатырох жывых стварэньняў, і сярод старых стаіць Баранчык бы зарэзаны, Каторы мае сем рогаў і сем ачоў, каторыя — сямёх духоў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
7 І Ён прышоў, і ўзяў з правіцы Седзячага на пасадзе.
8 І як Ён узяў сувой, чатыры жывыя стварэньні і дваццаць чатырох старых палі перад Баранчыкам, маючы кажны гарпу і залатыя чары, поўныя кадзіла, каторыя — малітвы святых.
9 І пяюць новую песьню, кажучы: «Ты годны ўзяць сувой расьпячатаваць яго, бо Ты быў зарэзаны, і крывёю сваёй выкупіў Богу з кажнага. плямені, і мовы, і люду, і народу,
10 І ўчыніў іх гаспадарамі й сьвятарамі Богу нашаму; і яны будуць гаспадарстваваць на зямлі».
11 І я бачыў, і чуў голас шмат ангілаў навокал пасаду і жывых стварэньняў і старых; і лік іх быў дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў і тысячы тысячаў,
12 Каторыя казалі вялікім голасам: «Годны Баранчык зарэзаны прыняць сілу а багацьце а мудрасьць а моц а чэсьць а славу а дабраславенства!»
13 І кажнае стварэньне, што на небе і на зямлі, і пад зямлёю, і на мору, і ўсе, што ў іх, я чуў, казала: «Седзячаму на пасадзе а Баранчыку дабраславенства а чэсьць а слава а моц на векі вякоў».
14 І чатыры жывыя стварэньні сказалі: «Амін». І старыя палі й пакланіліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.