Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Аб'яўленьня 8 Аб'яўленьня 8 разьдзел

1 І як Ён зьняў сёмую пячаць, сталася маўчанка на небе каля паўгадзіны.
2 І я бачыў сямёх ангілаў, што стаялі перад Богам, і дана ім сем трубаў.
3 І прышоў іншы ангіл, і стаў перад аброчнікам, маючы залатую кадзільніцу; і дана яму шмат кадзіла, каб да малітваў усіх сьвятых ён дадаў на залаты аброчнік, што перад пасадам.
4 І ўзьняўся перад Богам дым із кадзіла з малітваю сьвятых із рукі ангілавае.
5 І ўзяў ангіл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём із аброчніка, і кінуў на зямлю: і зьдзеяліся галасы а громы а маланьні і трасеньне зямлі.
6 І сямёх ангілаў, што мелі сем трубаў, прыгатаваліся трубіць.
7 І першы затрубіў, і стаўся град і агонь, зьмешаныя з крывёй, і былі кінены на зямлю; і трэйцяя часьць зямлі згарэла, і трэйцяя часьць дзерваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.
8 І другі ангіл затрубіў, і быццам вялікая гара, агнём палаючая, ськінулася ў мора; і трэйцяя часьць мора стала крывёю,
9 І здохла трэйцяя часьць жывых стварэньняў, каторыя ў мору, і трэйцяя часьць караблёў была зьнішчана.
10 І трэйці ангіл затрубіў, і звалілася зь неба вялікая гвязда, гаручы як лянпа, і пала на трэйцюю часьць рэкаў а на жаролы водаў.
11 А імя тае гвязды Палын; і трэйцяя часьць водаў стала палыном, і шмат ізь людзёў памерла з водаў, бо яны сталі гаркія.
12 І чацьверты ангіл затрубіў, і выцята была трэйцяя часьць сонца, і трэйцяя часьць месяца, і трэйцяя часьць гвездаў, ажно трэйцяя часьць іх зацьмела, і трайціна дня не сьвяціла, таксама й ночы.
13 І бачыў я і чуў аднаго арла, што ляцеў сярод неба й казаў вялікім голасам: «Бяда, бяда, бяда тым, што жывуць на зямлі, ад засталых трубных галасоў трох ангілаў, каторыя будуць трубіць!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Аб'яўленьня сьвятога Яана Багаслова, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.