1 На пачатку1 стварыў Бог неба і зямлю.
2 Зямля ж была бязвідная і неўладкаваная2, і цемра над безданню, і Дух Божы нёсся над вадою.
3 І сказаў3 Бог: “Няхай будзе святло”. І з’явілася святло.
4 І ўбачыў Бог, што святло добрае.4 Тады аддзяліў Бог святло ад цемры.
5 І назваў Бог святло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца — дзень першы5.
6 І сказаў Бог: “Няхай будзе цвярдыня пасярэдзіне вады і няхай аддзеліць ваду ад вады”. І было так.
7 І стварыў Бог цвярдыню, і аддзяліў Бог ваду, што была ніжэй, пад цвярдыняй, і ваду паверх цвярдыні.
8 І назваў Бог цвярдыню небам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца — дзень другі.
9 І сказаў Бог: “Няхай злучыцца вада, што пад небам, у адзін збор6 і стане бачнаю суша”. І было так. І сабралася вада пад небам у зборы яе, і стала бачнаю суша.
10 І назваў Бог сушу зямлёю, а сутокі7 водаў назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
11 І сказаў Бог: “Няхай узгадуе зямля парасці травы, што сее семя паводле роду і паводле падабенства, і дрэва ўрадлівае, што родзіць плады з насеннем паводле роду свайго на зямлі”. І было так.
12 І ўрадзіла зямля парасці травы, што сее насенне паводле роду і паводле падабенства, і дрэва ўрадлівае, што родзіць плады з насеннем паводле роду свайго на зямлі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
13 І быў вечар, і была раніца — дзень трэці.
14 І сказаў Бог: “Няхай узнікнуць свяцілы на цвярдыні неба дзеля асвятлення зямлі, аддзяляючы дзень ад ночы. І няхай стануць на пазнакі часінаў, і дзён, і гадоў.
15 І няхай будуць дзеля асвятлення ў цвярдыні неба, каб свяціць на зямлю”. І было так.
16 І стварыў Бог два свяцілы вялікія: вялікае свяціла дзеля ачольвання дня і малое свяціла дзеля ачольвання ночы ды зоркі.
17 І змясціў іх Бог у цвярдыні неба, каб свяцілі на зямлю,
18 каб ачольвалі дзень і ноч і адмяжоўвалі святло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
19 І быў вечар, і была раніца — дзень чацвёрты.
20 І сказаў Бог: “Няхай утвораць воды душы жывыя гадаў ды птушак, што лётаюць над зямлёю пад цвярдыняй нябёснай”. І было так.
21 І стварыў Бог кітоў8 вялікіх і ўсялякія душы жывыя гадаў, што далі воды паводле іх роду, таксама ўсялякае птаства крыластае паводле роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
22 І дабрасловіў9 іх Бог, кажучы: “Плодзьцеся, і множцеся, і напоўніце воды ў морах. І птушкі няхай памножацца на зямлі”.
23 І быў вечар, і была раніца — дзень пяты.
24 І сказаў Бог: “Няхай утворыць зямля душу жывую паводле роду: чацвераногіх, гадаў і дзікіх звяроў паводле роду”. І было так.
25 І стварыў Бог звяроў дзікіх паводле роду, і свойскіх паводле роду, і ўсіх гадаў зямных паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
26 І сказаў Бог: “Створым10 чалавека паводле вобразу і падабенства Нашага. Няхай кіруе рыбамі марскімі, птушкамі нябёснымі, свойскаю жывёлай, усёй зямлёю і га́дамі ўсімі, што поўзаюць па зямлі”.
27 І стварыў Бог чалавека. Паводле вобразу Бога стварыў яго, мужчынам і жанчынай стварыў іх.
28 І дабрасловіў іх Бог, кажучы: “Плодзьцеся і множцеся і напаўняйце зямлю ды апякуйцеся ёю. Кіруйце рыбамі марскімі, і птушкамі нябёснымі, і ўсёй свойскай жывёлаю, і цэлай зямлёю, і га́дамі ўсімі, што поўзаюць па зямлі”.
29 І сказаў Бог: “Вось Я даў вам усялякую траву сейную, што сее насенне, што па ўсёй зямлі, і дрэва ўсялякае, што мае ў сабе плод насення сейны, вам будзе на спажыву,
30 як і ўсім звярам дзікім зямным, і кожнай птушцы нябёснай, і кожнаму гаду, што поўзае па зямлі, што мае ў сабе душу жывую, усялякую траву зялёную на спажыву”. І было так.
31 І глянуў Бог на ўсё, што стварыў, і вось тое вельмі добрае. І быў вечар, і была раніца — дзень шосты.
Каментары ці зноскі:
1 1: Маецца на ўвазе не толькі пачатак у сэнсе часу існавання, але і найгалоўнейшы момант, які вянчае, адрознівае, падкрэслівае значнасць абранага часу; таксама варта звярнуць увагу на выдзяленне ў тэксце АДЗІНАГА БОГА як Творцы ўсяго існага на фоне пераважнага політэізму ў старажытным грамадстве.
2 2: Грэц. ἀκατασκεύαστος — у разуменні грэкаў азначае адсутнасць умоваў для жыцця і яго заіснавання.
3 3: Слова Божае з’яўляецца адначасова выказваннем і актам стварэння.
4 4: Грэц. καλός у грэцкай культуры мае значэнне як дабра, так і прыгажосці, семантыка гэтага слова мае шырокую гаму значэнняў.
5 5: Грэц. ἐγένετο форма граматычнага часу аорыст ад дзеяслова γίγνομαι у грэцкай мове можа азначаць як пачатак дзеяння, яго заканчэнне, так і яго поўнае здзейсненне; таксама ў сказе праглядаецца семіцкі спосаб лічэння пачатку дня, пачынаючы ад вечара.
9 6: Грэц. συναγωγή у НЗ выкарыстоўваецца як месца збору на малітву, сінагога.
10 7: Грэц. σύστημα літ. “спалучэнне, утварэнне, уладжванне”
21 8: Агульная назва, тут літ. з грэц. κῆτος — “кіт”, старажытнае паняцце ўсіх пачвараў, цмокаў, монстраў, што насяляюць глыбіні мора.
22 9: “Дабраслоўленне” грэц. εὐλογία: εὐ+λόγος — “дабро” + “слова” перадаецца ў дадзеным перакладзе згодна з літаральным значэннем слова ў грэцкай мове і правіламі словаўтварэння ў беларускай мове.
26 10: Множны лік ад дзеяслова ποιήσωμεν — pluralis maiestatis, можна ўгледзець таксама намёк на тое, што Адзіны Бог у сваёй сутнасці не з’яўляецца самотным.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016