1 Сара, жонка Абра́ма, не нараджала яму. Была ж у яе прыслужніца егіпця́нка, якой імя Ага́р.
2 І звярнулася Са́ра да Абра́ма: “Вось, замкнуў маё ўлонне Госпад, каб не нараджала. Дык увайдзі да прыслужніцы маёй, каб нарадзіць дзяцей ад яе”. І паслухаў Абра́м дарады Са́ры.1
3 І ўзяла Са́ра, жонка Абра́ма, егіпця́нку Ага́р, прыслужніцу сваю, па дзесяці гадах пасялення Абра́ма ў зямлі Ханаа́нскай, і дала Абра́му, мужу свайму, як жонку.
4 І ўвайшоў да Агар, і зацяжарала. Калі даведалася, што мае ва ўлонні, то стала прыніжаць гаспадыню сваю.
5 Прамовіла ж Са́ра да Абра́ма: “Зняважаная я праз цябе. Сама дала маю прыслужніцу на лона тваё, калі ж даведалася яна, што цяжарная, то я сталася прыніжанай перад яе абліччам. Няхай рассудзіць Бог паміж мною і табою”.
6 Сказаў Абра́м да Са́ры: “Вось прыслужніца твая ў руках тваіх. Абыходзься з ёю, як табе толькі будзе даспадобы”. І Са́ра пачала прыгнятаць яе, і ўцякла тая ад аблічча яе.
7 Знайшоў жа яе анёл2 Гасподні ля крыніцы вады ў пустэльні, ля вытоку на дарозе Сур.3
8 І сказаў ёй анёл Гасподні: “Ага́р, прыслужніца Са́ры, адкуль прыйшла і куды ідзеш?” І адказала: “Ад аблічча Са́ры, маёй гаспадыні, я ўцякаю”.
9 Сказаў жа ёй анёл Гасподні: “Вярніся да гаспадыні тваёй і скарыся пад яе рукой”.
10 І дадаў анёл Гасподні: “Шматкроць памножу нашчадкаў тваіх, і не будуць падлічаныя праз мноства”.
11 І сказаў ёй анёл Гасподні: “Вось, ты маеш ва ўлонні, і народзіш сына, і назавеш яго Ісмаэ́ль, бо пачуў Госпад пра пакорлівасць тваю.4
12 Ён будзе чалавекам дзікіх абшараў.5 Рукі яго будуць прычыняць шкоду ўсім, а рукі ўсіх яму, і на віду ўсіх братоў будзе жыць”.6
13 І назвала Ага́р імя Госпаду, які гаварыў да яе: “Ты Бог, які спазірнуў на мяне”, і дадала: “Бо ўбачыла перад сабою, калі мне з’явіўся”.
14 Таму назвала гэты калодзеж “Калодзеж, дзе ўбачыла Яго”.7 Ён паміж Кадэ́сам і Бара́дам.
15 І нарадзіла Ага́р Абра́му сына, і назваў Абра́м сына свайго, якога нарадзіла яму Ага́р, Ісмаэ́ль.
16 Абра́м жа быў васьмідзесяцішасцігадовым у той час, калі нарадзіла Ага́р Ісмаэ́ля Абра́му.

Каментары ці зноскі:

1 1: Дарада Са́ры адпавядала зводу законаў валадара Хамурапі, які дзейнічаў у Месапата́міі, адкуль яны ўдваіх паходзілі. Гэты звод законаў спрыяў манагаміі, але ў выпадку бясплоднасці дазваляў падобнае, што прапанавала Са́ра Абра́му.
7 2: Літ. “пасланец, вястун, анёл”, гбр. מַלְאָךְ, але ў біблійнай традыцыі пры выкарыстанні слова “анёл” гаворка можа ісці пра з’яўленне самога Бога.
7 3: Шур, гбр. שׁוּר — места паміж Палесты́най і Егі́птам, з-за чаго атрымала сваю назву і пустэльня, кірунак да якой узгадваецца ў гэтым вершы.
11 4: Гэтыя словы адносяцца да этымалогіі імя Ісмаэ́ль — “Бог чуе”.
12 5: Гэта значыць сярод пустэльні, не маючы паселішчаў і местаў, качаваць.
12 6: Ісмаэ́ль з’яўляецца прабацькам Ара́баў. Гэтая варожасць праяўляецца ў пэўнай ступені аж да нашага часу.
14 7: У гбр. Бібліі выступае выкарыстана ўласная назва калодзежа — Бээ́р-Лага́й-Раі́, гбр. רֹאִי לַחַי בְּאֵרці калодзеж З’яўлення.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016