1 Пайшла ж Дзі́на, дачка Лі́і, якую тая нарадзіла Яку́бу, пазнаёміцца з дочкамі мясцовых жыхароў.
2 І пабачыў яе Сіхе́м, што быў распараднікам зямлі той, сын Эмо́ра харэ́я, і, узяўшы яе, ссіліў яе, і ўзлёг з ёю.
3 І прыгарнуўся душою да Дзі́ны, дачкі Яку́ба, і пакахаў дзяўчыну, дагаджаючы прагам маладзіцы.
4 Звярнуўся ж Сіхе́м да Эмо́ра, бацькі свайго, кажучы: “Вазьмі мне дзяўчыну гэтую за жонку”.
5 Яку́б жа даведаўся, што зняславіў сын Эмо́ра Дзі́ну, дачку яго. Сыны ж яго былі са скацінай яго ў полі, дык маўчаў Яку́б, пакуль яны вярнуліся.
6 Выйшаў жа Эмо́р, бацька Сіхе́ма, да Яку́ба гаварыць з ім.
7 Прыйшлі ж сыны Яку́ба з поля. Калі ж яны пачулі, засмуціліся мужчыны, і былі яны раз’юшаныя моцна, бо крыва абышоўся [Сіхе́м] з Ізраэ́лем, узлёгшы з дачкой Яку́ба, чаго рабіць было нельга.
8 І звярнуўся да іх Эмо́р, кажучы: “Сіхе́м, сын мой, прыгарнуўся душою да дачкі1 вашай, аддайце яе яму за жонку.
9 Парадніцеся з намі, давайце нам дачок вашых, і бярыце дачок нашых сынам вашым,
10 і між нас жывіце. Вось, зямля неабсяжная перад вамі. Жывіце, прадавайце і набывайце на ёй”.
11 Звярнуўся ж Сіхе́м да бацькі дзяўчыны і братоў яе: “Няхай спазнаю ласку перад абліччам вашым, і што толькі скажаце, зраблю.
12 У разы памножце плату за нявесту, і дам, як і чаго толькі ні папросіце ў мяне, але аддайце мне дзяўчыну гэтую за жонку”.
13 Адказалі ж сыны Яку́ба Сіхе́му і Эмо́ру, бацьку яго, падступна. Так сказалі ім, бо зняславіў Дзі́ну, сястру іхнюю.
14 І паведамілі ім Сямён і Ле́вій, браты Дзі́ны, сыны Лі́і: “Не можам задаволіць слова гэтае, аддаць сястру нашу чалавеку, што не абрэзаны, бо абняславімся праз гэта.
15 Пагодзімся з вамі і паселімся між вамі, калі станеце да нас падобнымі і будзе абрэзаным у вас кожны мужчынскага полу.
16 І выдадзім дачок вам нашых, і возьмем вашых нам за жонак, і паселімся ў вас, і будзем бы адзіны род.
17 Калі ж не паслухаеце нас і не абрэжацеся, то возьмем дачок нашых і сыдзем”.
18 І ўпадабалі словы гэтыя Эмо́р і Сіхе́м, сын Эмо́ра.
19 І прыспешваў юнак здзейсніць моўленае, бо меў поцяг да дачкі Яку́ба. Быў жа вельмі шанаваным у доме бацькі свайго.
20 Прыйшлі ж Эмо́р і Сіхе́м, сын яго, да брамаў2 места іх і звярнуліся да мужчынаў места, кажучы:
21 “Людзі гэтыя, ціхамірлівыя з намі, паселяцца на зямлі і будуць гандляваць на ёй, зямля ж неабсяжная перад намі. Дачок іх возьмем сабе за жонак, а нашых дачок выдадзім ім.
22 Толькі тады прынароўляць гэтыя людзі жыць з намі і быць адным народам, калі абрэжацца кожны з нас мужчынскага полу, як і яны абрэзаныя.
23 І чацвераногія іх, і майно іх, і быдла ці ж не станецца нашым?3 Як толькі дагодзім ім, то паселімся разам”.
24 І слухалі Эмо́ра і сына яго Сіхе́ма ўсе, хто выходзіў праз браму места іх, і абрэзаў скрайнюю скуравінку цела свайго кожны мужчына.
25 Здарылася ж на трэці дзень, калі ўсе былі праз боль знясіленыя, узялі два сыны Яку́ба, Сімяон і Ле́вій, браты Дзі́ны, кожны свой меч, і хутка ўвайшлі ў места, і пазабівалі ўсіх мужчынскага роду.
26 Эмо́ра ж і сына яго Сіхе́ма забілі лязом меча, і забралі Дзі́ну з дому Сіхе́ма, і выйшлі.
27 Сыны ж Яку́ба накінуліся на параненых і разрабавалі места, у якім зняславілі іх сястру Дзі́ну.
28 І авечак іх, і валоў іх, і аслоў іх, колькі было ў месце і колькі было на полі, пазабіралі.
29 І ўсіх рабоў іх, і ўсю маёмасць іх, і жонак пабралі ў палон, і разрабавалі, што толькі было ў месце і што толькі ў дамах.
30 Сказаў жа Яку́б Сімяону і Ле́вій: “Знявідным мяне зрабілі, і спляжаным я стаўся для ўсіх, хто жыве на зямлі, для ханане́яў і феразе́яў. Я ж меншы за іх лікам, аб’яднаўшыся супраць мяне, адолеюць мяне і паглынуць мяне ды жытло маё”.
31 Яны ж адказалі: “Але нібы распусніцу выкарысталі сястру нашу”.

Каментары ці зноскі:

8 1: Маецца на ўвазе не літаральна “дачка”, а “дзяўчына з вашай сям’і, супольнасці” (тое самае гл. у першым вершы).
20 2: Гл. 19:1 са зноскай.
23 3: Гэтае рытарычнае пытанне раскрывае благія і карыслівыя намеры Эмо́ра і Сіхе́ма.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016