1 Ада́м жа спазнаў жонку сваю. Зачаўшы, нарадзіла Ка́іна. І сказала: “Здабыла чалавека ад Бога”.
2 Пасля нарадзіла брата яго А́беля. І стаўся А́бель пастухом авечак, а Ка́ін абрабляў зямлю.
3 І надарылася, праз некаторы час, — прынёс Ка́ін ахвяру Госпаду з пладоў зямлі.
4 І А́бель прынёс, ён жа з першародных авечак сваіх і з іх туку. І спаглянуў Бог на А́беля і на яго прынашэнні.
5 На Ка́іна ж і на яго ахвяру не зважыў. І засмуціўся Ка́ін вельмі, і панурыўся тварам.
6 І спытаўся Госпад Бог Ка́іна: “Чаму ты так маркоцішся? І чаму ты панурыўся тварам?
7 О, не! Калі ты правільна прынёс ахвяру, але правільна не раздзяліў яе, не зграшыў? Урымсціся: ад цябе залежыць ці адвярнуцца ад яго, ты над ім будзеш панаваць1”.
8 І звярнуўся Ка́ін да А́беля, брата свайго: “Пойдзем на поле”. І сталася, калі былі яны на полі, паўстаў Ка́ін на А́беля, брата свайго, і забіў яго.
9 Спытаўся Бог Ка́іна: “Дзе А́бель, твой брат?” Ён жа адказаў: “Не ведаю. Ці я вартаўнік брату свайму?”
10 І сказаў Бог: “Што ты зрабіў? Покліч крыві брата твайго вырываецца да Мяне ад зямлі.2
11 Будзеш праз гэта пракляты ты зямлёю, што расчыніла вусны свае, каб прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй.
12 Калі будзеш абрабляць зямлю, не прыбавіць сілы сваёй табе. Стагнаць і трымцець будзеш на зямлі”.
13 І звярнуўся Ка́ін да Госпада: “Вельмі вялікая правіна мая, каб дараваць мне.
14 Калі адрынаеш мяне цяпер ад зямлі і буду змушаны схавацца ад аблічча Твайго — буду стагнаць і трымцець на зямлі, і станецца, кожны, хто сустрэне мяне, мяне заб’е”.
15 І сказаў яму Госпад Бог: “Не так. Кожны, хто заб’е Ка́іна, сямікроць будзе адпомшчаны”. І паклаў Госпад Бог адзнаку на Ка́іна, каб не забіў яго кожны, хто сустрэне яго.
16 Адхінуўся ж Ка́ін ад Божага аблічча і пасяліўся на зямлі Наі́дскай па-за Эдэ́мам.
17 І спазнаў Ка́ін жонку сваю, і зацяжараўшы, нарадзіла Эно́ха. І спарудзіў места, і назваў места імем сына свайго Эно́х.
18 Нарадзіўся ж Эно́ху Геда́д, і Геда́д нарадзіў Меэ́ля, Меэ́ль нарадзіў Матуса́лу, Матуса́ла нарадзіў Ла́меха.
19 І ўзяў сабе Ла́мех дзве жонкі, імя адной А́да, а імя другой Се́ла.
20 І нарадзіла А́да Яве́ля: гэты быў бацькам тых, хто жыве ў намётах пастухоў.
21 А імя яго брата Юба́л, той быў вынаходнікам псалтыры3 і кіта́ры.4
22 Се́ла ж нарадзіла Табе́ля, і быў малатабойцам, кавалём медзі і жалеза. Сястра ж Табе́ля — Наэ́ма.
23 Сказаў Ла́мех сваім жонкам:
“А́да і Се́ла, пачуйце голас мой,
жонкі Ла́меха, прыслухайцеся да словаў маіх:
Забіў бы чалавека, калі б той пакалечыў бы мяне,
і юнака, калі б той мяне знявечыў бы.
“А́да і Се́ла, пачуйце голас мой,
жонкі Ла́меха, прыслухайцеся да словаў маіх:
Забіў бы чалавека, калі б той пакалечыў бы мяне,
і юнака, калі б той мяне знявечыў бы.
24 Бо калі сямікроць адпомсціцца за Ка́іна,
то за Ла́меха семдзесят сем разоў5”.
то за Ла́меха семдзесят сем разоў5”.
25 Спазнаў жа Ада́м Э́ву, жонку сваю, і зацяжараўшы, нарадзіла сына. Назвала яго імем Сэт, кажучы: бо ўзнавіў мне Бог іншае семя замест А́беля, якога забіў Ка́ін.
26 І Сэ́ту нарадзіўся сын. Назваў жа яго імем Эно́с. Пачаў жа той заклікаць імя Госпада Бога.6
Каментары ці зноскі:
7 1: Пераклад гэтага верша з грэцкай мовы не можа быць дакладна перададзены праз магчымыя памылкі пры перапісванні рукапісаў Септуагінты, таксама праз незразумелы гебрайскі субстрат. Магчыма, тэкст захоўвае паняткі першародства і яго перавагі.
10 2: Семіты лічылі, што кроў з’яўляецца месцам знаходжання душы чалавека, а душа з’яўляецца асновай жыцця, якое дае Бог. Праліццё крыві — прамая знявага Божага дару.
21 3: Агульная назва струнных шчыпковых музычных інструментаў сямейства цытры; струны (дзесяць і больш) нацягваліся паверх трапецападобнага, прастакутнага або трохкутнага корпуса.
21 4: Старажытны струнны шчыпковы музычны інструмент, меў плоскі цяжкі драўляны корпус з прамымі ці фігурнымі абрысамі; да корпуса мацаваліся струны — у класічнай кіта́ры VI — V стст. да Н.Х. было сем струн.
24 5: Лічба сем, тым болей семдзесят сем, сімвалічна азначае неакрэсленую, але вялікую колькасць.
26 6: Маецца на ўвазе асаблівая набожнасць і праведнасць перад Богам, чым вылучаліся нашчадкі Эноса і Сэта.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Роду, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016