1 Прыйшоў жа Язэ́п паведаміць фараону, кажучы: “Бацька мой, і браты мае, і жывёла, і валы іх, і ўсё іхняе прыйшлі з зямлі Ханаа́н, дык вось, сталі ў зямлі Ге́сем”.
2 Са сваіх жа братоў узяў пяцёх мужоў і паставіў іх перад фараонам.
3 І спытаўся фараон у братоў Язэ́па: “Які ваш занятак?” Адказалі ж фараону: “Слугі твае — пастухі авечак, і мы, і бацька наш1”.
4 Сказалі ж фараону: “Мы прыйшлі, каб пасяліцца ў краі, бо няма пашы жывёле слугаў тваіх, бо ўзмацніўся голад у зямлі Ханаа́н, таму цяпер пасталі слугі твае ў зямлі Ге́сем”.
5 Сказаў жа фараон Язэ́пу: “Няхай застаюцца ў зямлі Ге́сем. Калі ж ведаеш, што ёсць сярод іх мужы дужыя, то пастаў іх распараднікамі маёй жывёлы”.
Прыйшоў жа ў Егі́пет да Язэ́па Яку́б і сыны яго. І даведаўся фараон, цар Егі́пта, і звярнуўся да Язэ́па: “Бацька твой і браты твае прыйшлі да цябе.2
6 Вось, зямля Егі́пта перад абліччам тваім. На найлепшай зямлі пастаў бацьку і братоў тваіх”.
7 Прывёў жа Язэ́п Яку́ба, бацьку свайго, і паставіў перад абліччам фараона, і дабрасловіў Яку́б фараона.
8 Спытаўся ж фараон Яку́ба: “Колькі гадоў жыцця твайго?”
9 І адказаў Яку́б фараону: “Дзён жыцця майго, што пражыў, сто трыццаць гадоў. Нішчымныя і ліхія былі гады жыцця майго, не сягнулі гадоў жыцця бацькоў маіх, што пражылі яны”.
10 І дабрасловіў Яку́б фараона. І выйшаў ад яго.
11 І паставіў Язэ́п бацьку і братоў сваіх, і даў ім у валоданне ў зямлі Егі́пта найлепшы кавалак, абшары Раме́са, як сказаў фараон.
12 І ахінуў Язэ́п бацьку, і братоў сваіх, і ўвесь дом бацькі свайго пшаніцаю паводле ліку душаў.
13 Пшаніцы ж не было па ўсёй краіне, бо мацнеў вельмі голад. Гінула зямля Егі́пта і зямля Ханаа́н ад голаду.
14 Сабраў жа Язэ́п усё срэбра, што прыйшло з зямлі Егі́пта і з зямлі Ханаа́н за пшаніцу, якую куплялі і якой надзяляў людзей, і ўнёс Язэ́п усё срэбра ў дом фараона.
15 І скончылася срэбра па ўсёй зямлі Егі́пта і ў зямлі Ханаа́н. Прыйшлі тады ўсе егіпця́не да Язэ́па, просячы: “Дай нам хлеб, чаму ж нам паміраць перад абліччам тваім, бо скончылася ў нас срэбра”.
16 Адказаў жа ім Язэ́п: “Прывядзіце свойскую жывёлу вашую, і дам вам хлеб за скаціну вашую, калі скончылася срэбра”.
17 Прывялі свойскую жывёлу да Язэ́па, і даў Язэ́п хлеб за коней, і за авечак, і за валоў, і за аслоў, і карміў іх у год той хлебам за ўсю скаціну.
18 Мінуў жа год той, ізноў прыйшлі да яго ў наступны год і прасілі яго: “Дзеля таго, каб не загінулі мы перад гаспадаром нашым, бо скончылася срэбра, і жывёла стала твая, гаспадару, і не засталося нам для гаспадара нашага нічога, акрамя ўласнага цела і зямлі нашай,
19 дзеля таго, каб не памерці перад абліччам тваім і не спусцела зямля, — набудзь нас і зямлю нашую за хлеб, і станемся мы і зямля нашая слугамі фараона. Дай насенне, каб пасеялі, і выжылі, і не памерлі, і не спусцела зямля”.
20 І набыў Язэ́п усю зямлю егі́пецкую фараону, бо аддалі егіпця́не зямлю сваю фараону, калі мацнеў голад. І стала зямля фараонава.
21 І люд паняволіў сябе ў слугі ад верхняй мяжы Егі́пта ажно да краю,
22 аднак, акрамя зямлі святароў. Не набыў яе Язэ́п, бо бескаштоўна даў яе ў дар святарам фараон, і сілкаваліся міласцю фараона. Таму не аддалі зямлі сваёй.
23 Сказаў жа Язэ́п усім егіпця́нам: “Вось, набыў я вас і зямлю вашую цяпер фараону. Вазьміце сабе насенне і засейце зямлю,
24 і адродзіць яна плён. Аддасцё пятую частку фараону, а чатыры часткі застануцца вам самім на насенне зямлі і на ежу вам і ўсім, хто ў доме вашым”.
25 І адказалі: “Выратаваў ты нас, знайшлі мы ласку перад абліччам гаспадара нашага, таму стаемся слугамі фараона”.
26 І паклаў ім Язэ́п запавет ажно да сёння ў Егі́пце: фараону аддаваць пятую частку, аднак, акрамя зямлі святароў, што не належала фараону.
27 І пасяліўся Ізраэ́ль на зямлі Егі́пта, у зямлі Ге́сем, і ўзбагаціўся на ёй, і памножыўся, і вельмі павялічыўся.
28 Жыў жа Яку́б на зямлі Егі́пта сямнаццаць гадоў. Былі ж дні Яку́ба, век жыцця яго, сто сорак сем гадоў.
29 Наблізіліся ж дні Ізраэ́лю памерці. І паклікаў сына свайго Язэ́па, і сказаў яму: “Калі знайшоў я ласку перад тваім абліччам, то пакладзі руку тваю пад сцягно маё,3 і выявіш мне міласэрнасць і праўду, не пахаваўшы мяне ў Егі́пце,
30 але спачну з айцамі маімі. І возьмеш мяне з Егі́пта, і пахаваеш мяне ў магільні іхняй”. Адказаў жа: “Я зраблю паводле словаў тваіх”.
31 Папрасіў жа [Яку́б]: “Прысягні мне”. І прысягнуў яму. І пакланіўся Ізраэ́ль па край жазла свайго.

Каментары ці зноскі:

3 1: Адказ братоў пярэчыць просьбе Язэ́па (гл. 46:34). Хутчэй за ўсё, прычына крыецца ў тым, што тэкст кнігі фармаваўся на грунце розных біблійных традыцыяў.
5 2: Непаслядоўнасць падзеяў, апісаных у дадзеным вершы, тлумачыцца тым, што тэкст кнігі фармаваўся на грунце розных біблійных традыцыяў.
29 3: Гл. 24:2.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 47 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016