1 І прыпаў Язэ́п да аблічча бацькі свайго, заплакаў на ім і пацалаваў яго.
2 І загадаў Язэ́п слугам сваім, пахавальнікам, забальзамаваць бацьку свайго, і забальзамавалі пахавальнікі Ізраэ́ля.
3 І споўніліся сорак дзён, бо так вылічваюцца дні пахавання, і аплакваў яго Егі́пет семдзесят дзён.
4 Калі ж мінулі дні плачу, загаварыў Язэ́п з саноўнікамі фараона, кажучы: “Калі знайшоў я ласку перад абліччам вашым, давядзіце да вушэй фараона, мовячы,1
5 што бацька мой узяў клятву з мяне, кажучы: у магільні, якую выкапаў сабе ў зямлі Ханаа́н, там мяне пахаваеш. Дык цяпер пайду і пахаваю бацьку свайго ды вярнуся”.
6 І адказаў фараон: “Ідзі, пахавай бацьку твайго, як пакляўся яму”.
7 І пайшоў Язэ́п пахаваць бацьку свайго, і выправіліся з ім усе слугі фараона, і старэйшыя дому яго, і старэйшыя зямлі Егі́пта,
8 і ўвесь дом Язэ́па, і браты, і ўвесь дом бацькаў, аднак радню, і авечак, і валоў пакінуў у зямлі Ге́сем.
9 І рушылі за ім і калясніцы, і вершнікі, і быў табар даволі вялікі.
10 І прыбылі да гумна Ата́д, што знаходзілася па той бераг Ярда́на, і аплаквалі яго плачам вялікім ды вельмі моцным. І галасілі па бацьку свайму сем дзён.
11 І пачулі жыхары зямлі Ханаа́н енк ля гумна Ата́д, і сказалі: “Гэта вялікі плач егіпця́наў”. Праз гэта назвалі Плач Егіпця́наў мясціну, што па той бок Ярда́на.
12 І зрабілі [бацьку] так сыны яго, і пахавалі яго там.
13 І ўзялі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаа́н, і пахавалі ў падвойнай пячоры, што прыдбаў Абрага́м, пячоры ад Эфро́на хетэ́я, насупраць Ма́мбры.2
14 І вярнуўся Язэ́п у Егі́пет, ён і браты яго, якія хадзілі пахаваць бацьку свайго.
15 Убачылі ж браты Язэ́па, што сканаў бацька іх, і сказалі: “Каб не адпомсціў нам Язэ́п і не адплаціў нам за ўсё ліха, што ўчынілі яму”.
16 І прыйшлі да Язэ́па, кажучы: “Бацька твой вырак перад смерцю сваёю, прамаўляючы, —
17 так скажыце Язэ́пу, адпусці ім несправядлівасць і грэх іх, бо ліхое табе зрабілі. Дык цяпер адпусці хібу слугаў Божых бацькі твайго”. І заплакаў Язэ́п, калі яны казалі яму.
18 І прыйшлі да яго, гаворачы: “Вось, мы твае слугі”.
19 І адказаў ім Язэ́п: “Не бойцеся, бо Богу належу я.
20 Вы мелі супраць мяне ліхое, аднак Бог меў адносна мяне добрае, дзеля таго, каб сталася як цяпер, каб накарміць народ вялікі”.
21 І сказаў ім: “Не бойцеся, я накармлю вас і сем’і вашыя”. І суцешыў іх, і прамаўляў ім да сэрца.
22 І пасяліўся Язэ́п у Егі́пце, ён, і браты яго, і ўвесь дом бацькі яго. І жыў Язэ́п сто дзесяць гадоў.
23 І пабачыў Язэ́п дзяцей Эфраі́ма ажно да трэцяга калена, і сыны Махі́ра, сына Мана́сіі, нарадзіліся на лоне Язэ́па.
24 І паведаміў Язэ́п братам сваім, кажучы: “Я паміраю. Прыйсцямі наведае ж вас Бог і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, якую абяцаў Бог айцам нашым Абрага́му, і Ісаа́ку, і Яку́бу.
25 І запавёў Язэ́п сынам Ізраэ́ля, кажучы: “Праз прыйсці, якімі наведае вас Бог, вынесеце косткі мае адсюль з сабою”.
26 І памёр Язэ́п стадзесяцігадовым, і пахавалі яго, і паклалі яго ў труну ў Егі́пце.

Каментары ці зноскі:

4 1: Язэ́п не мог стаць перад фараонам, хутчэй за ўсё, з прычыны жалобы.
13 2: Гл. 23:8 і далей.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Роду, 50 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2016