1 Тады прыйшлі да яго кніжнікі й фарызэі з Ерузаліму й сказалі:
2 Чаму твае вучні нарушаюць установу старшых? Ня мыюць бо рук, як ядуць хлеб.
3 Ён-жа сказаў ім у адказ: А чаму-ж і вы нарушаеце прыказанне Божае дзеля вашае установы? Бо-ж сказаў Бог:
4 «Паважай бацьку і матку» (Выйсь. 20:12), і: «Хто-б наругаўся бацьку або матцы, хай сьмерцю ўмрэ» (Выйсь. 21:17).
5 А вы гаворыце: «Хто-б сказаў бацьку ці матцы: «ахвярай ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца»
6 той можа й не шанаваць бацькі свайго й маткі свае. Гэтак скасавалі вы прыказанне Божае вашаю ўстановаю.
7 Крывадушнікі, добра аб вас прарочыў Ізай (29:13), кажучы:
8 «Народ гэты паважае мяне вуснамі, адыж сэрца іх далёка ад мяне;
9 дарэмнаж яны чэсьць мне аддаюць, вучачы навук і прыказанняў чалавечых».
10 І паклікаўшы да сябе грамады, сказаў ім: слухайце і зразумейце.
11 Ня тое апаганвае чалавека што ўваходзіць у вусны, але тое апаганвае чалавека, што выйходзіць з вуснаў.
12 Тады вучні ягоныя, падыйшоўшы, сказалі яму: Ці ведаеш, што фарызэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?
13 Ён-жа ў адказ кажа ім: Усякая расьціна, каторай не пасадзіў Айцец мой нябесны будзе выкаранена.
14 Пакінце іх: яны сьляпыя і правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму.
15 У адказ яму адазваўся Пётр: Раз’ясьні нам прыповесьць гэту.
16 А ён ім: Няўжэ і вы яшчэ без зразумення?
17 Ціж вы ня ўцеелі таго, што ўсё ўваходзячае ў вусны, прайходзіць у жывот і выкідаецца вон?
18 А выйходзячае з вуснаў — з сэрца йдзе; і гэта апаганвае чалавека.
19 З сэрца бо йдуць благія думкі, душагубства, распусства, зладзейства, крывапрысягі блюзнерствы.
20 Вось што апаганвае чалавека, а есьці нямытымі рукамі не апаганвае чалавека.
21 І, выйшаўшы адтуль, пайшоў Езус у староны Тыру і Сыдону.
22 І вось жанчына Хананэйка, што йшла з тых ваколіц, крычма яго маліла: Зжалься нада мною, Усеспадару, Сыне Давіда, дачку маю цяжка мучыць нячысты:
23 Ён не адказаў ёй ні слова. А падыйшоўшы вучні ягоны прасілі яго, кажучы: Адпраў яе, бо крычыць усьлед за намі.
24 Ён-жа ў вадказ ім кажа: Я пасланы толькі да авец, загінуўшых з дому Ізраэля.
25 Адыж яна, збліжыўшыся, ўпала яму да ног, молячы: Усеспадару, памажы мне.
26 Ён адзываецца ў адказ: Не гадзіцца браць хлеб дзяцей ды кідаць шчанятам.
27 Але яна наставала: Так, Спадару, адыж і шчанята ядуць крошкі, што падаюць із стала іхніх гаспадароў.
28 Тады Езус ёй адказвае: О, жанчына, вялікая вера твая, хай-жа станецца табе, як ты хочаш! І аздаравела дачка ейная ад тае гадзіны.
29 І адыйшоўшы адтуль, прыйшоў Езус да Галілейскага мора і, ўступіўшы, на гару, сеў там.
30 І назбіралася к яму багата народу, маючы з сабою нямых, сьляпых, кульгавых, калекіх ды шмат іншых; клалі іх ля ног ягоных і аздараўляў іх
31 так што дзівіліся грамады, бачачы нямых гаворачых, кульгавых ходзячых, сьляпых відзячых і вялікомілі Бога Ізраэлявага.
32 Езус-жа, прыклікаўшы сваіх вучняў, сказалі: Шкада мне грамады, ўжо бо тры дні трываюць пры мне і ня маюць чаго есьці, а ня хочу іх адпусьціць галодных, каб не паслабелі ў дарозе.
33 І гавораць яму вучні: Скуль-жа нам узяць у пустыні гэтулькі хлеба, каб накарміць такую вялікую грамаду?
34 І сказаў ім Езус: Колькі маеце хлябоў? Яны кажуць: Сем і некулькі рыбак.
35 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі.
36 І ўзяўшы сем хлябоў і рыбы ды аддаўшы падзяку, ламаў і даваў сваім вучням, а вучні давалі народу.
37 І елі ўсе і наеліся. А што асталося з кавалкаў, назбіралі сем кашоў поўных.
38 Было-ж тых, што елі, чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
39 І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку ды прыбыў у ваколіцы Магэдану.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.