Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

Якуба 5 Якуба 5 разьдзел

1 Плачце восьжа, багацеі, не ацягайцеся, галасіце над вашымі злыбедамі, што прыйходзяць на вас.*
2 Вашае багацьце збуцьвела, а шаты моль стачыла.
3 Золата й серабро вашае сацьмела, а іхні грышпан будзе на вас сьветчыць і мой агонь стравіць вашае цела. Прыспасалі сабе гневу на апошнія дні.*
4 Ось заработак жанцоў з вашых палёў затрыманы адзываецца й голас іх дайшоў да Усеспадара нябесных сіл.
5 Раскашаваліся вы на зямлі і ў збытках упасьвілі сэрцы вашыя, моў на убой.
6 Вы засудзілі й забілі справядлівага, а ня супраціўляліся вам.*
7 Дык цярплівымі будзьце, браты, аж да прыйсьця Госпада. Як земляроб вычэквае дарагога плоду цярпліва пакуль атрымае дождж ранні ды пазьнейшы.*
8 Таму цярплівымі будзьце і вы, мацуючы сэрцы вашыя, прыйсьцё Госпада недалёкае.*
9 Не маракуйце, браты мае, адзін на другога, каб ня быць асуджанымі; судзьдзя вось за дзьвярыма стаіць.
10 За прыклад зыйсьця злыбядаў, трудоў і цярплівасьці вазьмеце, браты мае, прарокаў, што прамаўлялі ў імя Божае.
11 Мы вось беатыфікуем вытрываўшых. Чулі аб цярплівасьці Гёба і канец ад Бога відзелі, Бог бо літасьцівы і міласэрны.*
12 Дык перш за ўсё, браты мае, не клянецеся ні небам, ні зямлёю, ці якою іншаю прысягаю, а хай вашая мова будзе: «так, так — не, не», каб не падпалі пад суд.*
13 Сумуе хто з вас? Няхай моліцца; весела каму? Хай пяе псалмы.
14 Занядужаў хто з вас, хай пакліча прэзбытэраў Эклезіі ды хай моляцца над ім, намашчаюччы яго ў імя Божае алеем,*
15 і малітва веры аздаровіць немачнага, а калі меў грахі, будуць яму адпушчаны. (Ап. Дз. 28:8).*
16 прызнавайцеся адзін перад другім у праступках і малецеся адзін за другога, каб збавіцца, шмат бо памагае натужная малітва.
17 Гальяш быў чалавек падобны нам, падлеглы цярпенню, а як малітваю памаліўся, каб ня было дажджу на зямлі, дык і ня было праз тры годы й шэсьць месяцаў. (ІІІ Кн. Кар. 17−18).*
18 ды зноў памаліўся, й неба спусьціла дождж, а зямля выдала свой плод.
19 Браты мае, каліб хто з вас зблукаў ад праўды, а нехта навярнуўбы яго,
20 хай ведае — хто навяртае грэшніка з блуднай дарогі, выбаўляе душу ягоную ад сьмерці й мноства грахоў пакрывае.

Каментары ці зноскі:

1 Прароцкі гнеў тут адносіцца толькі да разбагацеўшых крыўдаю й нячуласьцю на бяздольле бедных.

3 — Будзе светчыць — аб вашай скупасці.

6 Забілі справядлівага — Хрыстуса выдалі на смерць.

7 Дождж ранні — вясенні, пазнейшы — асенні дождж.

8 Прыйсцё Госпада — на суд асабісты пасмертны кажнага з нас.

11 Канец ад Бога — Муку й смерць Збавіцеля.

12 Іншаю прысягаю — надарэмна і хвальшыва, кляцца — папулярна гаворыцца: бажыцца.

14 Эклезіі — Касцёла-Царкввы; за прыкладам шмат іншых моваў пажычаем і мы гэта слова грэцкае дзеля аднастайнасці й нэўтральнасці нашай тэрміналёгіі.
У гэтым вершы мова аб прахтыкаванні сакраман. Апошняга Памазання, як відаць з пастановаў Трыдэнцкага Сабору (Сэс. 14).

15 Малітва веры — моц сакраманту аздаровіць душу перадусім, а часамі й фізычна, калі гэта будзе карысна для душы хворага.

17 Малітваю памаліўся — гэбраізм, абазначае гарачую малітву.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст святога апостола Якуба, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.