1 Таксама і вы жанкі будзьце адданымі сваім мужом, каб навет тые зь іх, што ня вераць слову (Эванэліі), сужыцьцём жонак сваіх здабываныя былі бяз слова,
2 гледзячы на вашае чыстае богабаязнае паступанне.
3 Ня моднае укладанне валос, не абвешванне сябе золатам ці вынайдаванымі ўборамі, хай вас ухарашае,
4 але — высокавартасная прад Богам — чалавечная сэрдэчнасьць сукрытая у ненарушна-спакойным і лагодным духу.*
5 Гэтак-жа прыхарашалі сябе калісь і сьвятыя, на Бога надзейныя, жанчыны, мужом сваім падданыя.
6 Так Сара паслушная была Абрагаму, спадаром яго называючы, а вы стаяцеся ейнымі дочкамі, калі дабро дзееце, не пачуваючыся прымушанымі.
7 Такжа і вы мужы ў разумным сужыцьці з жаночай слабейшай натурай, аказвайце ім пашану як суспадкаемніцам жыцьцяласкі, каб ня было вам перашкодаў у малітвах.
8 Урэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачуваючыя, браталюбныя, міласэрныя, пакорныя;
9 не адплачвайце злом за зло, ані зьнявагай за зьнявагу, а наадварот — багаслаўце, вы бо на тое пакліканы, каб багаслаўленства унасьледзіць.
10 Бо хто хоча жыцьцё любіць ды шчасьлівыя дні аглядаць, хай паўстрымлівае свой язык і вусны ад благое мовы;
11 хай староніць ад благога, а дабро творыць, хай шукае згоды й да яе імкнецца;
12 бо вочы Госпада над праведнымі, а вушы — над малітвамі іхнімі, абліччаж Госпадава — супроць злыдняў (Пс. 33:13−17).
13 І хтож зробіць вам злошкоднасьць, калі вы будзеце рупіцца аб дабры?
14 Каліб і пацярпець давялося за праўду, дык вы шчасьлівыя. Ня бойцеся пагрозаў і ня журэцеся.
15 Хрыста Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых будзьце гатовы заўсёды кажнаму, вымагаючаму ад вас апраўдання вашай жыцьцянадзейнасьці, даць адказ;*
16 але з багавейнай лагоднасьцю, маючы добрае сумленне, каб злыдзеньствам, якім вас чэрняць, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыцьцё ў Хрыстусе.
17 Лепш бо цярпець, добра паступаючы, калі такая воля Божая, чым — блага;
18 і Хрыстус-жа памёр за нашы грахі, справядлівець за несправядлівых, каб нас прывясьці к Богу; усьмерчаны целам, але ажылы духам (Рымл. 5:6; Жыд.),
19 навет і прабываючым у цямніцы духом зыйшоў прапаведваць.*
20 Калісь былі гэта духі няверныя, што за часаў Ноя пры будове Аркі — ў якой ледзь восем асоб ад вады ўратавалася — надужывалі Божую цярплівасьць.*
21 Гэтая вада і вас сяння збаўляе праз хрост, які сабой запавяшчала, не абмыцьцём цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, згробуўстаннем Езуса Хрыстуса,*
22 Які — перамогшы сьмерць, каб зрабіць нас спадкаемнікамі жыцьця вечнага — ўзыйшоў у неба й сядзіць праваруч Бога-Айца, паддаўшы сабе анёлы і ўлады і сілы.
Каментары ці зноскі:
4 Ап. Пётр супрацьставіць паганскаму культу красы цела, грысьціянскае паняцце прыгожасьці духовай. Аб нутраным чалавеку гавора і Ап. Павал (Рым. 7:22).
15 сьвяцеце ў сэрцах = аддавайце Богу чэсьць.; ...апраўданне надзеі = што чакаеце павароту Збавіцеля ў хвале ды ягонага Валадарства у надпрыродным духовым сэнсе, а не ў палітычным некім, варожым усякай зямной людзкой уладзе, у чым і падазравалі першых хрысьціян Жыды і пагане (Дз. Ап. 17:7).
19 Гэты верш зьмяшчае навуку аб зыйсьці Хрыстуса да атхлані, аб якой гавора чацьвёрты артыкул Скл. Апастольскага. Беспасрэдны кантакт (сьмерць і згробуўстанне Збавіцеля) паказвае, што мова тут аб рэальным факце, аб дзейсным зыйсьці да атхлані (гэбр. Seol), якую уяўляна сабе як вязьніцу ў сэрцы зямлі.
20 Праз 120 год Бог міласэрны цярпліва чакаў на апамятанне перасьцяраганых людзей, пакуль спусьціў запавяшчаную кару на непапраўных (Быць. 6:3).
21 Вада патопу гэта правобраз хроснае вады. Як тыя збавіліся ад патопу, што былі з Ноем у корабе, так і тые, што прысвойваюцца на хросьце Збавіцелю згробуўсталаму, устаюць з гробу першароднага граху да жыцьцяласкі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст сьвятога апостала Пятра, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.