Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

1 Пятра 5 1 Пятра 5 разьдзел

1 Старшых* сярод вас вельмі прашу я, такжа старшы і сьветка мукі Хрыстуса ды супольнік тае хвалы, што мае аб’явіцца:
2 пасеце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім ня з прынукі, але ахвоча для Бога ды не дзеля агіднай нажывы, а з чыстай шчырасьці волі;
3 і не пануючы над клерам, але даючы добры прыклад аўчарні;
4 калі-ж з’явіцца князь пастыраў, атрымаеце невянучы вянок славы.
5 Такжа і вы малодшыя будзьце паслухмянымі старшым. Дый усе аказывайце пакорнасьць адны другім, Бог бо пышным супраціўляецца, а пакорным ласку дае.
6 Скарэцеся, восьжа, пад моцную руку Божую, каб у сваім часе ўзвысіў вас,
7 здайце на Яго ўсе вашыя турботы, Ён бо турбуецца аб вас.
8 Цвярозымі будзьце й не драмеце, праціўнік бо ваш, дзьябал, бы леў рыклівы кружыць, шукаючы кагог зжэрці;
9 процістаўцеся яму цьвёрдаю вераю, памятаючы, што гэткаяж грозная дакуда суправаджае і вашу братву на сьвеце.
10 А Бог усялякае ласкі, які паклікаў нас да вечнае хвалы свае ў Хрыстусе, хай вас, крыху прыцярпеўшых, удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.
11 Яму хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн.
12 Гэта вось коратка напісаў я вам праз Сыльвана*, вернага — думаю — брата, каб упэўніцьвас ды заахвоціць, што ёсьць праўдзівая тая ласка Божая, ў якой вы трываеце.
13 Вітае вас выбраная з вамі эклезія ў Бабілёне* ды Марак, мой сын.
14 Паздароўцеся ўзаемна сьвятым цалункам*. Супакой вам усім у Езусе Хрыстусе. Амэн.

Каментары ці зноскі:

1 Старшымі першыя хрысьціяне называлі сваіх біскупаў ці сьвятароў, пасьвячаных Апосталамі трымаць над вернікамі ўладу, пасьвіць, таму пайшла назова й пастыры.

12 Сільван — быў спадарожнікам і супрацоўнікам сьв. Паўла пры засноўванні ў Малой Азіі хрысьціянскіх гмін, грамад, да якіх якраз і пісаўся гэты ліст.

13 ...ў Бабілёне = гэта знача ў Рыме, рымскі хрысьціянскі центр засылае прывет... Так бо называна тады між хрысьціянамі ды ў пісаннях чыдоўскіх, кнігах сыбілінскіх, Рым; бо ўсе абазнакі прыпісваныя ў Старым Запавеце Бабілёну (веліч і магуцтва, балванахвальства і упадак моральны, лютое прагнаўладзтва) маглі быць вытыканыя і паганскаму Рыму; Бабілён восьжа ў дачыненні да Рыму стаўся сымбалічнаю назовай, як выказвае гэта й Апокаліпса сьв. Яна (14:8; 16:19; 17:5; 18:2, 10, 21). Аб тым, што Ліст і прывет той быў пісаны з Рыму, а не з Бабілёну рэчаіснага, сьветчыць такжа і зацемка аб Марку, які тады знайходзіўся пры сьв. Пятры ў Рыме. Апостал ахрысьціў Марка, таму й заве яго сынам.

14 сьвятым пацалункам вітаць = знача скромным, хрысьціянскім.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст сьвятога апостала Пятра, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.