ЧАТЫРНАЦЦАЦЬ ЛІСТОЎ СЬВ. ПАЎЛА
АПОСТАЛ ПАВАЛ, перад навярненнем Шавал (Ап. Дз. 13:9, радзіўся ў 8 г. нашай эры ў слаўным культурай і навукай месьце Тарс у Цыліцыі, як сын выдатнага фарызэя, што ганарыўся сваім паходжаннем з пакалення Бэн’ямінавага ды быў рымскім грамадзянінам (Ап. Дз. 22:25). Дзякуючы, восьжа, гэткаму ўроджанню, а такжа ўзгадаванню ды высокай адукацыі навуковай (грэцкай, гэбрайскай, рымскай), можна ўважаць Паўла адначасна Жыдам, Грэкам і Рымлянінам — спадкаемнікам рэлігійнай традыцыі выбранага народу, інтэлектуалістым з культуры гэльленскай, грамадзянінам тадышняй сусьветнай Імпэрыі Рымскай — пакліканым Божым Оглядам на «Апостала народаў».
З Хрысьціянствам сутыкнуўся Шавал не ў асобе ягонага Боскага Фундатара, але — вучнеў. У вачах маладога патрыота Закону, яно тады выглядала на «сэкту» ў лоне Ізраэля, горш нясьцерпную, чым паганская акупацыя. Таму заўзята выкарэньваў яе. У 36 годзе, напрыклад, Дзеі Апостальскія (7:60) паказваюць нам яго, як удзейніка самасуду над першым мучанікам Хрыстуса, дыяканам Сьцяпанам. Але ласка Божая перасьцігла яго на прасьледных шляхох. Калі, «зеючы пагрозамі й забойствамі супроць вучняў Божых» (Ап. Дз. 9:1−6) імчаўся ў Дамаск, зьнячэўку яго зьбівае з каня цудоўнае сьвятло й голас Збавіцеля ды навяртае з гарачага сьцігача, на гарачэйшага шырыцеля хрысьціянства. Пасьля хросту ў тым-жа Дамаску ды трох год самотнае падрыхтовы духовае ў Арабскай пустыні, спатыкаецца ў Ерузаліме й праз 15 дзён плянуе працу з Пятром (Ап. Дз. 9, 26; Гал. 1, 18), атрымаўшы ад яго эклезіяльнае прызнанне апостальства. Пад пагрозай аднак мсьцівай асокі мусеў аддаліцца да Тарсу й Антыохіі Сырыйскае, і адтуль пусьціцца за мора ў свае падарожы місыйныя хрысціянізацыі паганаў, як пакліканы Апостал Народаў (Ап. Дз. 13, 1−3).
Першая падарожа, распачатая ў 44 г.з Барнабай і Маркам на Цыпр, а скончаная з Барнабай у Малой Азіі ў 49 годзе. Найвыдатнейшым сукцэсам гэтай падарожы было навярненне рымскага проконсула, Сэргіуса Паўлюса, ў Пафос праз цуд, дакананы Апосталам над чараўніком Элімам, цудоўна асьлёпшым.
Другая падарожа місыйная (50−53 г.) дакананая Паўлам часткова з Сыласам і Тыматэем ды Лукашом у Малой Азіі, Макэдоніі, Ахаі, Атэнах, Карынце. У гэтай місыі, дык за цуд (у макэдонск. сталіцы Філіппах) аздараўлення ад шалу аднае небаракі, Апостала самога назвалі ведзьмаром ды высьцебалі ў вязьніцы. У Тэссалёніках разьдзьмухалі прасьлед зайздросныя Жыжы; затое «шукаючы мудрасьці» Атэнскі Арэопаг, спадкаемец вялікіх філязофаў, хоць ня прыняў апосталавай навукі аб згробуўстанні, то ўсёж абыйшоўся паблажліва, не прасьледна. Падатнейшымі да навукі аб Укрыжаваным, аказаліся Карынтыйцы, паміма іх жыцьцёвай расьпешчанасьці, а з другога боку — варожай контракцыі жыдоўскай. Навучаў там з Тыматэем і Сыласам паўтара году і напісаў 2 Лісты да Тэссалёнцаў. Утрываліўшы хрысьціянства ў Карынце, праз Эфэз, Цэзарэю Палестынскую й Ерузалім, вярнуўся зноў у сваю базу Антыохію Сырыйскую.
Трэцяя падарожа місыйная (54 да 59) пачалася ад візытацыі заложаных ужо эклезіяў у Галяцыі, а адтуль праз Фрыгію ў Эфез, сталіцу Малай Азыі, дзе прабыў 3 годы. Скарыстаў там з помачы вучнеў Сьв. Яна Хрысьціцеля, асабліва красамоўнага Апольлё з Александрыі. Навуку сваю там Апостал пацьвярджаў многімі цудамі (Ап. Дз. 19:8−12). Там напісаў і Ліст да Галятаў, потым да Карынтыян, які аднак загінуў; Апостал мусеў пісаць іншы, які цяпер уважаецца за 1-шы Ліст да Карынтыян. На трывожныя весткі аб варожай там проці сябе агітацыі, Павал прабуе асабіста загойваць там дысонансы, але яны так ужо разьвіліся, што трудна, аказалася, іх зьліквідаваць; адзін із сяброў гміны навет яго зьняважыў; і справу давялося, вярнуўшыся да Эфэзу, заладжваць 2-гім Лістам да Карынтыян. У Эфэзе-ж ня меншыя прыкрасьці былі з боку мсьцівага балванахвальства ў чэсьць багіні Дыяны, проці, якога новая рэлігія разьвівала пераможную дзейнасьць.
Потым (г. зн. Каля 58 г.) адбываюцца місыйныя падарожы на ўзьбярэжжы Ільлірыйскім, заходняй Грэцыі, ды трымесячная візыта ў Карынце. І ў гэтым вось часе быў напісаны Сьв. Паўлам найбольшы, ў разьмерах фактычнага трактату тэолёгічнага, Ліст да Рымлян, які й зьмяшчаем тут на чале ўсіх чатырнаццаці ягоных Лістоў з асобным да яго ўступам.
З Карынту Апостал з групаю супрацоўнікаў вяртаецца праз Макэдонію зноў у Малую Азыю, Ерузалім. Гэна падарожа морам была поўная нягодаў і злавесных прачуванняў (Ап. Дз. 20:5−21; 16). У Ерузаліме й Малой Азыі паўсталі сярод юдэеў забурэнні проці ягонага «лібэралізму» да Майжэшавага Закону. Так што ўлады муселі пад эскортай перавезьці яго ў Палестынскую Цэзарэю, дзе рымскі намесьнік Фэлікс трымаў праз два годы ў вязьніцы (58−60), пакуль наступнік ягоны Фэстус ня быў змушаны, адаслаць Вязьня, паклікаўшагася на правы свайго крамадзянства, ў Рым да Цэзара. Куды й адплывае (60 г.) у таварысьцьве сакратара свайго ды аўтара Апостальскіх Дзеей Лукаша, цудоўна ратуючыся на Мальце ад сьмерцяноснай марской буры.
У Рыме, карыстаючы з права свабоды для інтэрнаванага, Павал апасталуе словам у гутарках з наведнікамі ды пісаннем далейшых сваіх пастырскіх Лістоў: да Колёсан (проці гностыцызму); да Эфэзцаў (эклезіялёгія); да Філіппійцаў (вызнанні перажытага); да Філемона (ў справе нявольніка). Адбывае пасьля падарожу ў Гішпанію.
Распачаты ў 64 годзе крывавы Нэронаўскі прасьлед рымскіх хрысьціян застае Сьв. Паўла ў Макэдоніі ды на візытацыі іншых, ім заснаваных, эклезіяў. Прачуваючы ўжо блізкі свой канец, затурбаваўся аб адпаведных прадаўжальніках свайго дзела, назначаючы на біскупаў сваіх улюбленых духоўных сыноў Тыматэя — ў Эфэзе, а Тытуса — на Крыце.
Падчас гэтых апошніх падарожаў у гадох 63−66 напісаў Лісты: 1-н да Тыматэя, 1-н да Тытуса (павучэнні для маладых душпастыраў). З гэтай-жа пары паходзіць і Ліст да Гэбрэеў — Палестынскіх хрысьціян, балюча перажываўшых тады паўстанне проці Рыму.
Нэронаўскі прасьлед «новае сэкты» мусеў дасягнуць і славетнага прапагатара ейнага — Паўла. І вось недзе пад канец 66 г. ловяць яго ў Малой Азіі і другі раз вязуць у ланцугох у Рым, ды ўжо не ў дамовы арышт інтэрнаваных, але ў цяжкую вязьніцу, зь якое ня выратавала права грамадзяніна. Дык прадбачваючы сваю нямінучую мучаніцкую сьмерць, піша апошні з пастырскіх сваіх Лістоў: 2-гі да Тыматэя, галоўнага спадкаемніка апостальскага дзела.
Прысуд сьмерці даканана 29.VI.67 ў мясьціне «Tre Fontane» пры дарозе ў Остыю, за мурамі Вечнага Места, дзе сяння красуецца чароўнай архітэктуры номумэнтальная Базыліка ў чэсьць яго, аддаўшага пад меч голаў pro Christo.
УСТУП ДА РЫМЛЯН
Хрысьціянская дабравесьць упяршыню была прынесеная ў Рым вяртаючыміся зь Ярузаліму сьветкамі падзееў, азнаміўшых першасьвяткаванне Сёмухі (Ап. Дз. 2:10), а незабаўна й нованаверненымі палестынцамі, ўцякаўшымі ад жыдоўскага прасьледу. Так-што ўжо ў першых дзесяцігодзьдзях новае эры тамака ўфармавалася хрысьціянская грамада, якой суджана было з дня на дзень разрастацца ды мацнець. Аб духовым росквіце ейным і гаворыць, Богу дзякуючы за яе, Апостал Павал у сваім пастырскім Лісьце (Рым. 1:8; 15:14), які падаём тут у нашым перакладзе.
Абыйшоўшы з эванэлізацыяй, Ўсходнія краі, Апостал загануў пусьціцца на Захад: у Рым і Гішпанію, якіе даўно ўжо меў на думцы. Каб падрыхтаваць, восьжа, тамтэйшых вернікаў к сваёй візытацыі, ён надумаўся загадзе пазнакоміць із зьместам планаваных там вусных гутарак пісьменна. І, пабуджаны сваім асаблівым поклікам нясьці Хрыстуса паганам, зьвяртаецца да Рымлян, апраўдваючы тымжа поклікам сваю адвагу, як сам кажа, прыпомніць ім праўду, якую чулі ўжо ад Пятра ды ягоных вучнеў.
Ліст гэты — як сьветчыць наша заўвага вышэй — быў напісаны каля 58 г. ў Карынце перад самым адплыцьцём у Ерузалім, куды яму трэ’ было адвязьці зыбраныя ў Макэдоніі й Ахаі ахвяры (15:19−26).
Аўтэнтычнасьць (іставетнасьць аўтара) гэтага Лісту бясспрэчная, сьцьверджаная найпаважнейшай гістарычнай традыцыяй: яго студыяваў ды ўжываў ужо Сьв. Клемэнс Рымскі (Папа); на яго спасылаліся, адназгодна завучы «Лістом Паўлавым ды Рымлян», Юстын, Ірэней, Клеменс Александрыйскі, Тэртуліян ды інш... Калішняя пратэстанцкая крытыка, прабаваўшая аспрэчваць аўтарства цалком, а пазьнейшая — толькі апошніх (15 й 16) разьдзелаў, разьвееная зусім крытыкаю найнавейшаю.
Ліст сьвятога апостала Паўла да рымлян, уступ