Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

1 да карынтыян 16 1 да карынтыян 16 разьдзел

1 Датычна складак, што зьбіраеце на сьвятых, дык рабеце і вы гэтак, як наладзіў я ў Эклезіях Галяцыі:
2 першага дня ў тыдні кажны з вас хай адкладае ў сябе й шчадзіць што можа, каб ня зьбіраць тады, як сам прыйду.
3 Калі-ж прыйду, дык тых, каго выбяраце, пашлю зь лістамі, каб аднясьлі дар ваш у Ерузалім.
4 Ды калі выпадзе й мне пайсьці, то пойдуць зы мною.
5 А прыйду да вас, як зьвізытую Макэдонію, бо праз Макэдонію йсьціму.
6 У вас-жа мо й забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне адведалі, куды пайду.
7 Ня хочу бо з вамі бачыцца толькі мімаходам, але спадзяюся нейкі час пабыць у вас, калі Бог пазволіць.
8 У Эзэфе то застануся аж да Пяцьдзясятніцы;
9 вялікія бо й шырокія мне там адчыніліся дзьверы ды шмат праціўнікаў.
10 Каліж прыйдзе да вас Тыматэй, дык глядзеце, каб пачуваўся у вас бясьпечным; ён бо дзеля Божае робіць, як і я;
11 няхай восьжа ніхто ім ня грэбуе, але правядзеце яго ў супакоі, каб прыйшоў ка мне, бо я з братамі яго чакаю.
12 А што да брата Апольлёса, дык я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; але ён ня меў ніякае ахвоты цяпер ісьці, прыйдзе, калі яму будзе зручней.
13 Стойце ў веры бадзёра, мужна, вытрывала.
14 Усё ў вас хай дзеецца ў любасьці.
15 І прашу вас, браты: вы знаеце сям’ю Стэфанаса, што лічыцца пачынальніцай Ахаі ды што яна аддалася на прыслужнасьць сьвятым;
16 дык каб і вы былі уважлівыя к такім дый наагул к кажнаму, хто памагае й супрацуе з намі.
17 Я цешуся прыйсьцём Стэфанаса, Фортуната й Ахаіка, яны заступілі мне вашую адсутнасьць;
18 яны супакоілі мой дух дый ваш. Паважайце восьжа гэткіх.
19 Вітаюць вас эклезіі Азіі; шчыры прывет вам засылаюць Аквіла і Прысцыльля з эклезіяй у іхнім доме, які й мяне госьціць.
20 Вітае вас уся братва. Здароўце адзін другога сьвятым цалункам.
21 Прывет маёю, Паўлаваю, рукою!
22 Хто ня любіць Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, таму анатэма! Maran Atha!
23 Ласка Усеспадара Езуса хай будзе з Вамі!
24 І любасьць мая з усімі вамі ў Хрыстусе Езусе! Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да карынтыян сьвятога Паўла апостала, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.