Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

2 да карынтыян 11 2 да карынтыян 11 разьдзел

1 О, каліб вы маглі крошаньку суцерпець майго адчайдумства! Дый вы-ж церпіце мяне!
2 Я бо зайздросна руплівы аб вас рупнасьцяй Божай, таму што заручыў вас мужу адзінаму, каб чыстаю дзявіцай перад Хрыстусам вас паставіць.
3 Але баюся, каб, як зьмей сваёю хітрасьцю зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі ня былі папсаваныя, адхінуўшыся ад чыстае прастаты ў Хрыстусе.
4 Бо каліб хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць вам іншага Хрыстуса, як мы вам абвяшчалі, або каліб вы прынялі іншага Духа, як той, каторага атрымалі, ці іншую Эванэлію, як тая, каторую дасталі, — то вы быліб вельмі цярплівымі.
5 Аднак думаю, што я ні ў чым ня менш выканаў за вялікіх Апосталаў;
6 бо калі я недарэка ў красамоўстве, то ўсёж — ня ў ведзе; у ва ўсім-жа мы добра ведамыя вам.
7 Няўжо я дапусьціўся праступку ў тым, што унізаў сябе, каб узвысіць вас, што задарма дабравесьціў вам Эванэлю Божую?
8 Іншыя эклезіі абіраў я, дастаючы ад іх утрыманне, каб магчы служыць вам;
9 і будучы ў вас ды церпячы нястачу, не дакучаў нікому, бо недахопы мае пакрывалі браты прыйшоўшыя з Макэдоніі; ды й ва ўсём захаваўся я й захаваюся, не абцяжваючы вас.
10 Як ёсьць у ва мне Хрыстусава праўда, так пахвала гэтая не адымецца ад мяне ў граніцах Ахаі.
11 Чаму? Ці таму, што ня люблю вас? Богу ведама!
12 А што раблю, тое рабіціму йдалей, каб адцяць нагоду тым, што яе шукаюць, каб у чым хваляцца, у тым аказаліся гэткіміж, як і мы.
13 Бо такія фальшапосталы, гэта працаўнікі крывадушныя, што прыкідаюцца Апосталамі Хрыстуса.
14 І няма дзіва, бо-ж і сам шатан крывіць із сябе анела сьвятла;
15 не дзіўная тады рэч, калі й слугі ягоныя строяць канец іхні будзе водле учынкаў іхніх.
16 Я зноў скажу: хай ніхто не ўважае мяне за недарэку; а калі — не, дык прымеце мяне хоць як недарэку, каб і мне крыху было чым пахваліцца.
17 Што скажу, то казаціму не водле Бога, але якбы не да рэчы пры гэткім адчаю гаварыць аб сабе.
18 Як многія хваляцца водле цела, то і я буду хваліцца;
19 бо вы людзі разумныя, ахвотна церпіце неразумных;
20 церпіце, як вас хто няволіць, як хто аб’ядае, як хто абірае, як хто дмецца, як хто па твары б’ецца.
21 На сорам сабе кажу, што на гэта у нас быццам не хапала сіл; але ў чым-бы там хто ні выяўляў сьмеласьці хваліцца, сьмею (недарэчна кажучы) і я.
22 Яны Гэбрэйцы — і я; яны Ізраэльцы — і я; яны насенне Абрагама — і я;
23 Хрыстусавы слугі? — Я (адчайна кажучы) куды болей за іх: у бязьлікай працы, у частых вязьніцах, у надмерных ранах, у сьмяротных небясьпеках частых.
24 Ад Юдэеў дастаў п’яць раз сорак без аднаго (удараў);
25 тройчы білі мяне кіямі, раз каменнямі; тройчы карабель тануў пада мною ды дзень і ноч прабыў я пад вадою;
26 шмат разоў быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках разбойніцкіх, у небясьпеках суродзіцкіх, у небясьпеках паганскіх, у небясьпеках места, у небясьпеках пустыні, у небясьпеках мора, у небясьпеках сярод братвы хвальшывае;
27 у працы й зьнямозе ды частым бяссонні, у голадзе, смазе ды частым посьце, у нагасьці у холадзе.
28 Апрача пабочных, у мяне штодзенная напалеглая турбота аб усіх эклезіях.
29 Хто зьнемагаецца, з кім-бы і я не зьнемагаўся? Хто спакушаецца, каб не гарэў і я?
30 Калі выпадае хваліцца, дык немаччу маёю хваліцца буду.
31 Бог і Айцец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, дабраслаўлёны навекі, ведае, што я ня лгу.
32 У Дамаску намесьнік караля Арэты пільнаваў места Дамаскэнцаў, каб схапіць мяне;
33 але я у кошыку быў праз вакно сьценнае спушчаны і гэтак уцёк зь ягоных рук.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст да карынтыян сьвятога Паўла апостала, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.