1 Кажу восьжа: пакуль насьледнік — малалетні, ён нічым ня рожніцца ад слугі, хоць і гаспадар усяго:
2 ён пад апякунамі й аканомамі аж да пары вызначанай бацькам.
3 Гэтак і мы: пакуль былі малымі, падлягалі сілам сьвету,
4 а як прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, зроджанага з жанчыны і падлеглага Закону,
5 каб адкупіў падзаконных ды каб і мы атрымалі усынаўленне.
6 І таму, што вы — сыны, зыслаў Бог у вашы сэрцы Духа Сына Свайго, ўзываючага: Абба, Войчэ!
7 Дзеля таго ты ўжэ не слуга, але сын; а калі сын, дык і насьледнік праз Бога.
8 Калісь то вы, ня знаўшы Бога, служылі багам, якія ў сутнасці ня былі багамі;
9 цяпер-жа, пазнаўшы Бога, ці лепш мо — пазнаныя Богам, па што вяртаецеся зноў к немачным нікчомым рэчывам, якім зноў маніцеся служыць?
10 Пільнуйце дні, месяцы, поры і гады.
11 Пабайваюся аб вас, ці не надарма ў вас я мазаліўся.
12 Браты, малю вас, будзьце гэткімі, як я; бо і я гэткі, як вы. Нічым вы ня скрыўдзілі мяне;
13 вы-ж ведаеце, як я фізычна немачны даўней выглашаў вам Эванэлію,
14 і вы не пагарджалі ды не адапхнулі із-за таго, што ў целе маім было для вас прыкрым, спакусай, а прынялі мяне як Божага Анела, як Хрыстуса Езуса.
15 Дзеж падзелася тая шчаснапагада вашая? Светчу бо вам, што каліб маглі тады, то выняліб свае вочы й даліб мне.
16 Дык няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы праўду вам?
17 дрыжаць аб вас, але нядобра, бо адстараніць вас хочуць, каб вы іх насьледавалі.
18 Яно то добра дбаць аб добрым заўсёды, а ня толькі тады, калі я у вас прысутны,
19 сынкі мае, якіх зноў вось раджу балеючы, пакуль не ўфармуецца ў вас Хрыстус.
20 Хацеўбы я цяпер ужо быць у вас і зьмяніць мой голас, я бо аб вас у сумнівах.
21 Скажэце мне тые, што жадаеце быць пад Законам: вы ня чыталі Закону?
22 Бо-ж напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служніцы, а другога ад вольнае.
23 Але той, што ад служніцы, водле цела народжаны; а той, што з вольнае — з абяцання.
24 Гэта праз алегорыю сказана; тут бо два запаветы: адзін з гары Сынайскае, родзячы на служэнства, гэта Агар;
25 а гара Сынай ёсьць у Арабіі і мае лучнасьць з сянняшнім Ерузалімам, паняволеным із сынамі сваімі;
26 вышэйшы-ж Ерузалім ёсьць вольны і ён ёсьць маці ўсім нам.
27 Напісана бо: Весяліся, няплодная, няроджаная, голасна ўсклікні мук нязнаючая; бо шмат болей дзяцей у пакінутай, як у маючай мужа!
28 Мы-ж, браты, паводле Ізаака — дзеці абяцання.
29 Але, як тады народжаны водле цела прасьледаваў роджанага водле духа, гэтак і цяпер.
30 Што-ж бо кажа Пісанне? Выжань служаніцу з ейным сынам, бо сын нявольніцы ня будзе насьледнікам з сынам вольнае.
31 Гэтак вось, браты, мы ня служніцы сыны, але вольнае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Ліст да галятаў сьвятога Паўла апостала, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.