Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

1 да тэссалёнцаў 3 1 да тэссалёнцаў 3 разьдзел

1 Дзеля гэтага не цярпелася нам далей і пастанавілі застацца ў Атэнах аднаму,
2 а да вас выслалі Тыматэя, нашага брата і слугу Божага ды супрацоўніка нашага ў дабравешчанні Хрыстовым,
3 каб падтрымаў вас ды пацешыў у вашай веры, каб ніхто не пахіснуўся ў журботах гэтых, выж бо самі ведаеце, што гэткая доля нашая.
4 Бо мы і тады, як былі ў вас, прадказвалі вам, што будзе прасьлед, гэта й сталася, як вам ведама.
5 Вось таму і я, ня выцерпяўшы далей, паслаў даведацца аб вашай веры, баючыся, каб спакусьнік вас не зьбянтэжыў, і не сталася дарэмнай наша праца.
6 Цяпер-жа, як ад вас прыйшоў да нас Тыматэй, прыносячы добрую вестку аб веры й любасьці вашай ды аб заўсёднай добрай памяці аб нас, жадаючы бачыць нас, як і мы вас,
7 дык і мы, пры ўсім суме й бядзе нашай, уцешыліся вамі, браты, праз веру вашу;
8 бо цяпер мы жывые, калі вы стаіце ў Богу.
9 Якуюж падзяку Богу можам мы за вас даць, за ўсю радасьць, якою вы нас урадавалі перад Богам нашым,
10 як не дзень і ноч найшчырэй молячыся, каб яшчэ ўбачыць аблічча вашае ды дапоўніць нястачу ў веры вашай?
11 Сам-жа Бог і Айцец наш і Усеспадар Езус Хрыстус хай выпрастуе дарогу нашую к вам!
12 А вам няхай Госпад напоўніць ды перапоўніць узаемнай ды да ўсіх любасьцю, як і мы да вас;
13 каб узмацніць вашы сэрцы ў сьвятасьці біззаганнай прад Богам і Айом нашым на прыйсьцё Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса з усімі Ягонымі сьвятымі. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да тэссалёнцаў сьвятога Паўла апостала, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.