Біблія » Пераклады » Пераклад П. Татарыновіча

2 да Тыматэя 3 2 да Тыматэя 3 разьдзел

1 Ведай тое, што ў апошніе дні настануць цяжкіе часы:
2 пюдзі стануцца самалюбнымі, прагавітымі грашалюбамі, “ванымі пышліўцамі, ліхадумнымі блюзьнярамі, бацьком непаслухмянымі, узаеманенавісьнікамі бяз сэрца і згодалюбства,
3 зьнеслаўляючымі брахунамі, жорсткімі, злосьнікамі, непаўстрымнымі, дабра ворагамі,
4 здраднікамі, закатнымі, надутымі, любячымі больш роскашы, чым Бога,
5 напазор пабожные, існай аднак пабожнасьці выракшыяся. Ад гэтакіх ухіляйся.
6 З гэткіх бо ёсьць тые, што закрадаюцца ў дамы й зводзяць тонучыя ў грахох і похацях жанчыны,
7 што заўсёды вучацца, а ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды;
8 бы той Яннэй і Ямбрэй, што працівіліся Майжэшу, гэтак працівяцца праўдзе й яны, людзі зьвіхнёнага розуму і крывое веры.
9 Але далёка ня зойдуць, дурасьць бо іхняя выкрыецца перад усімі, як было і з тамтымі.
10 А ты пайшоў за мною ў навуцы, у жыцьці, станоўкасьці, вялікадушнасьці, веры й любасьці, у цярплівасьці,
11 з мукай прасьледу, што засьціг мяне ў Антысхіі, у Іконіі, у Лыстрах, і што вытрымаў я, Госпад мяне вызваліў.
12 Ды й усе, што жадаюць багабойна жыць у Хрыстусе Езусе, будуць прасьледаваны;
13 людзі-ж злые, нягоднікі, далей будуць гразнуць у негадзі, зводзячы й іншых, зьвёўшы самых сябе.
14 А ты трывай у тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, кім навучаны;
15 дый ты-ж і зь дзяцінства знаеш Сьв. Пісаньне, якое можа збаўленна ўразуміць цябе вераю ў Хрыстуса Езуса.
16 Усё Пісаньне Богам натхнёнае і карыснае для павучэньня, для дакорлівага напаміну, да ўзгадаваньня ў справядлівасьці,
17 каб чалавек Божы быў дасканалым, да ўсякага добрага дзела гатовым.

Каментары ці зноскі:

8 Імёны — вешчбіты, імітаваўшые перад фараонам майжэшавы цуды, каб пад’юдзіць яго да рэпрэсыі проці Майжэша (Выйс. 7:11), ведамые Апосталу з вусных пераказаў традыцыі.

11 Аб гэтым прасьледзе ведама таюка і з Апост. Дзеяў (13:50; 14:5 і 19).

15 У кнігах Стар. Запав. шмат ёсьць павучэньнеў, уразумляючых збаўленна; трэба толькі чытаць іх зь вераю ў Хрыстуса, у праўдзівасьць натхненьня Сьв. Духам Пісьма Сьв.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Другі ліст св.Паўла да Тыматэя, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.