1 Дык заклінаю цябе перад Богам і Ўсеспадарам нашым Езусам Хрыстусам, які судзіць будзе жывых і ўмерлых празь зьяўленьне сваё і валадарства сваё:
2 вясьці слова, наставай у-пору ці ня ў-пору, дакарай, прасі-малі з найбольшай цярплівасьцяй у навучаньні,
3 бо настане час, што здаровай навукі ня сьцерпяць, а водле сваіх прымхаў будуць выбіраць сабе вучыцялёў, лашчачых слух;
4 і ад праўды слух адвернуць, а зьвернуцца да басьняў.
5 Але ты будзь чуткім на ўсё, гаруй цярпліва, пільнуй дабравешчаньня Эванэліі, спаўняй, цьвярозым будзь,
6 бо я ўжо стаўся ахвярай, збліжаецца пара майго адыходу.
7 Змагаюся я добрым змаганьнем, бег даканаў, веру датрымаў.
8 Наастатак адложаны для мяне вянец справядлівасьці, які дасьць мне Госпад, Судзьдзя справядлівы, у той дзень; ды ня толькі мне, але й усім тым, што любасна чакаюць прыйсьця ягонага.
9 Пастарайся хутка да мяне дастацца.
10 Бо Дымас пакінуў мяне, узьлюбіўшы гэты век, ды пайшоў у Тэссалёніку, Крэсцэнт у Галятыю, Тытус у Дальмацыю; адзін толькі Лукаш зы мною.
11 Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для прыслугі;
12 Тыхіка-ж я паслаў у Эфэз.
13 Плашч, які ў Троадзе пакінуў я ў Карпа, ідучы прынясі з сабою, ды кнігі, асабліва пергамэнтавыя.
14 Аляксандар, меднік, многа мне зрабіў благога, аддасьць яму Госпад водле ўчынкаў ягоных!
15 Сьцеражыся яго й ты, ён бо надта проціставіцца нашым словам.
16 Пры першай маей самаабароне не было пры мне нікога, усе бо мяне пакінулі: хай-жа (гэта) ня будзе ім палічана!
17 Але Госпадстаў перада мною і ўмацаваў мяне, каб навучаньне (Эванэліі) даканалася й пачулі яго ўсе народы; і я быў вызвалены ізь львінае пашчы.
18 І выбавіць мяне Госпад ад усяго благога і захавае для Валадарства нябеснага. Яму хвала на вякі вечные. Амэн.
19 Прывітай Прыскільлю і Акільлю ды дом Анічыпара.
20 Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Мілеце.
21 Пасьпяшы прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эўбуль і Пудэнт, Лін і Кляўдыя, ды ўсе браты.
22 Госпад Езус Хрыстус з духам тваім! Ласка з вамі. Амэн.
Каментары ці зноскі:
4 Параўн. 1 Ліст да Тымат. 4:7.
6−8 Бліскі свой мучаніцкі канец («стаўся ахвярай ужо») Апостал запавяшчае глыбока кранаючымі славамі аб дасягнутай мэце зямнога шляху і беззаганным гэраізьме ды чаканым вянку нагароды ў Судным Дні.
10−12 Дымас, успомнены ў Лісьце да Калёссанаў (4:14); аб Тыхіку гл.: Ап. Дзеі (20:4).
14−15 Аляксандар той самы бессумніўна, аб якім гаворыцца ў 1 Лісьце да Тым. (1:20); мабыць, выступаў ён сьветкам на судзе проці Апостала, што адлучыў яго ад Эклезіі.
16 На першым судзе Апостала не знайшлося ні воднага сьветка ў ягонай абароне, паміма магчымасьцяў.
19 Аб Аквільлі ды Прыскільлі гл.: Да Рым. 16:3; Ап. Дзеі 18:2−3, 18, 26.
20 Аб Эрасьце гл.: Ап. Дзеі 19:22; тамжа і аб Тыматэю — 20:4.
21 Лін — наступнік сьв. Пятра. Пудэнт, быцьможа сэнатар рымскі, і Кляўдыя, жонка ягоная.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст св.Паўла да Тыматэя, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.