Малахіі 4 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Бо вось, надыходзіць дзень, які палае, як печ, і ўсе свавольныя, і ўсе тыя, якія робяць нягоднасьць, будуць як салома, і спаліць іх дзень, які надыходзіць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, што не застанецца ад іх ані кораня, ані галінкі.
 

А для вас, якія баіцёся імя Майго, узыйдзе сонца праведнасьці, і аздараўленьне на крылах ягоных. І вы выйдзеце, і будзеце скакаць, як цяляты з аборы.
 

І будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць попелам пад ступнямі ног вашых у дзень, які Я зраблю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
 

Памятайце Закон Майсея, слугі Майго, які Я загадаў яму на Харэве для ўсяго Ізраіля, пастановы і суды.
 

Вось, Я пашлю вам Ільлю прарока перад надыходам дня ГОСПАДА, вялікага і страшнага.
 

І ён зьверне сэрца бацькоў да сыноў іхніх, і сэрца сыноў — да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, ня ўдарыў зямлі [выгубленьнем] з закляцьцем.