2 летапісаў 4 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Зрабіў ён таксама медны ахвярнік у дваццаць локцяў даўжыні і дваццаць локцяў шырыні ды дзесяць локцяў вышыні.
Таксама зрабіў мора літае ад берага да берага — дзесяць локцяў, усё круглае; у вышыню яно мела пяць локцяў, і шнур, што абвіваў яго кругом, — трыццаць локцяў.
Таксама нешта накшталт валоў стаяла пад ім; кругом на дзесяць локцяў абкружалі яны яго; два рады валоў, вылітых адным ліццём з морам, абкружалі заглыбленне мора.
І само мора стаяла на дванаццаці валах, тры з якіх звярталіся на поўнач, і іншыя тры — на захад, затым тры іншыя — на поўдзень, і тры астатнія — на ўсход, маючы мора над сабой; а іншыя валы былі ўнутры пад морам.
Затым таўшчыня яго была ў далонь, і бераг яго быў зроблены ў выглядзе краёў келіха або лілеі, якая распусцілася; і змяшчала яно тры тысячы батаў.
Таксама зрабіў дзесяць купеляў і памясціў пяць на правым баку і пяць на левым баку, каб мыць у іх усё, што мелі складаць на цэласпаленні; прытым святары ў моры мыліся.
Зрабіў жа таксама дзесяць залатых падсвечнікаў у выглядзе, як было загадана ім быць, і памясціў іх у святыні пяць па правым баку, і пяць па левым.
Таксама і дзесяць сталоў зрабіў ды памясціў іх у святыні: пяць па правым баку, і пяць па левым; таксама зрабіў сто залатых чараў.
Таксама ўладкаваў панадворак святарскі ды вялікі панадворак поруч, брамы ў панадворку, якія пакрыў меддзю.
Затым паставіў мора з правага боку на паўднёвы ўсход.
Гірам жа зрабіў катлы, і лапаткі, і чары, і так скончыў усю працу, якую меў выканаць у святыні Бога для цара Саламона, а менавіта:
дзве калоны, і шары, і капітэлі над верхам дзвюх калон, і дзве гірлянды, якія пакрывалі капітэлі;
таксама чатырыста яблыкаў граната і дзве гірлянды, так што абодва рады яблыкаў граната злучаліся з абедзвюма гірляндамі, якія пакрывалі шары, што былі на слупах.
Зрабіў ён таксама падножжы і купелі, якія паставіў на падножжы,
адно мора і дванаццаць валоў пад морам;
катлы, і лапаткі, і відэльцы: усе пасудзіны зрабіў Гірам, майстар, для цара Саламона і для дома Госпадавага з найчысцейшай медзі.
Адліў іх цар у ваколіцы Ярдана, у гліністай зямлі між Сукотам і Сарэдай.
І нарабіў Саламон безліч прылад, так што нельга было падлічыць вагі медзі.
Зрабіў таксама Саламон усе прылады для дома Божага: і залаты ахвярнік, і сталы, і на іх — пакладныя хлябы;
таксама падсвечнікі ды іх лямпы з найчысцейшага золата, каб паліць іх па рытуале перад Дабірам, месцам найсвяцейшым,
і кветку, і лямпы ды шчыпцы — усё было зроблена з найлепшага золата.
Таксама нажніцы, і чары, і катлы, і курыльніцы былі з найчысцейшага золата. І дзверы святыні звонку ў святое з святых ды дзверы святыні знадворку былі залатыя.