Амоса 1 разьдзел
Кніга прарока Амоса
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
Словы Амоса, які быў сярод пастухоў з Тэкуа; што бачыў ён адносна Ізраэля ў дні Озіі, цара Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаса, цара Ізраэля, і за два гады перад землятрусам.
І сказаў ён: «Госпад грыміць з Сіёна і з Ерузаліма падае голас Свой; і бядуюць лугі пастухоў, і вяршыня Кармэля стогне.
Вось што кажа Госпад: “З прычыны трох злачынстваў Дамаска і дзеля чатырох не адмяню слова, таму што малацілі жалезнымі калясніцамі Галаад.
Пашлю агонь на дом Газаэля, і паглыне ён палацы Бэнадада.
І сатру запоры Дамаска, і знішчу жыхароў з даліны Авэн і трымаючага скіпетр з Бэтэдэна, а народ сірыйскі заведзены будзе ў палон у Кір”, — кажа Госпад.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Газы і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны вывелі ўсіх, як палонных, каб перадаць іх у Эдом.
Ды пашлю агонь на муры Газы, і паглыне ён палацы яго.
Выгублю жыхара з Азота і трымаючага скіпетр з Аскалона, павярну руку Сваю супраць Акарона, і прападзе астатак філістынцаў”, — кажа Госпад Бог.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Тыра і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны перадалі ўсіх, як палонных, у Эдом і не памяталі пра братэрскае пагадненне.
Сашлю агонь на муры Тыра, і паглыне ён яго палацы”.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Эдома і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што ён пераследаваў брата свайго мечам, і парушыў пачуццё міласэрнасці, і безупынна трываў у гневе сваім, і гнеў свой захаваў да канца.
Пашлю агонь на Тэман, і паглыне палацы Босры”.
Гэта кажа Госпад: “Дзеля трох злачынстваў Амона і з прычыны чатырох не адмяню слова, таму што яны рассякалі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць свае межы.
Дык распалю агонь на мурах Рабы, і паглыне ён яго палацы сярод голасу ў дзень бою ды сярод віхуры ў дзень буры;
і пойдзе цар іх у палон, ён і князі разам”, — кажа Госпад.