2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, умілаваныя; у іх напамінаньнем пабуджаю чыстую думку вашую,
каб вы памяталі словы, ране́й сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада й Спаса ад Апосталаў нашых,
ве́даючы перадусім тое, што ў апошнія дні зьявяцца ла́яльнікі, што ходзяць водле пажаданьняў сваіх,
і скажуць: гдзе абяцаньне прыходу Яго? бо ад часоў, як сталі паміраць бацькі, усё гэтак астае́цца ад пачатку стварэньня.
Бо тыя, што думаюць гэтак, ня ве́даюць, што словам Божым нябёсы былі здаўна, а зямля з вады й праз ваду паўстала,
дзеля таго тагачасны сьве́т загінуў, затоплены вадою,
а сягоньняшнія нябёсы й зямля, тым жа словам утрымліваныя, захоўваюцца для агню на дзе́нь суда й загубы людзе́й бязбожных.
Ды тое не павінна быць скрыта ад вас, умілаваныя, што ў Госпада адзін дзе́нь, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў, як адзін дзе́нь.
Не марудзіць Госпад з абяцаным, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але доўга це́рпіць нас, ня хочучы, каб не́хта загінуў, але каб усе́ прыйшлі да пакаяньня.
Прыйдзе-ж дзе́нь Гасподні, як злодзей уначы, і тады нябёсы з шумам пройдуць, распаленыя-ж стыхіі разбурацца, а зямля і ўсе́ дзе́лы на ёй згараць.
Калі так усё гэтае разбурыцца, то якімі трэба быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вам,
што чакаеце й жада́еце прыходу дня Божага, калі нябёсы, палане́ючы, рухнуць, і разгарэўшыяся стыхіі растопяцца?
Мы-ж чакаем паводле Яго абяцаньня новага не́ба й новае зямлі, на якіх праўда жыве́.
Дык, умілаваныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца ў міры перад Ім неапаганенымі і бяз сказы,
а доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўле́ньне, як і ўмілаваны брат наш Паўла, па дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам,
як ён кажа аб гэтым і ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць дзе-што незразуме́лае, што не́вукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і другія Пісаньні.
Дык вы, умілаваныя, як ужо папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб вам не захапіцца блудам бязбожнікаў ды не адпасьці ад свайго ўмацаваньня,
але ўзрастайце ў ласцы й пазнаньні Госпада нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста. Яму слава й сягоньня, і ў дзень ве́чны. Амін.