Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І, калі падыйшлі да Ерузаліму, да Віфагіі і Віфані, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
і кажа ім: пайдзе́це ў сяло, што перад вамі; увахо́дзячы да яго, за́раз знойдзеце прывя́занае асьля́тка, на якога ніхто з людзе́й не сяда́ў; адвязаўшы яго, прывядзе́це.
І калі хто скажа вам: што вы гэта робіце? адказвайце, што ён партэбны Госпаду: і за́раз пашле́ яго сюды.
Яны пайшлі і знайшлі асьлятка, прывя́занае ля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
І некаторыя, што тамака стаялі, гаварылі ім: што робіце? На што́ асьля́тка адвя́зваеце?
Яны адказалі ім, як загадаў Ісус; і тыя пусьцілі іх.
І прывялі асьля́тка да Ісуса і паклалі на яго свае́ вопраткі, і Ён се́ў на яго.
І многія пасьцілалі адзе́жу сваю на дарозе, а іншыя рэзалі ве́цьце з дрэваў і ўсьцілалі ім дарогу.
І тыя, што йшлі перад і за Ім, крычалі, мовячы: Осанна! Багасла́ўлены, што йдзе́ ў імя Госпада!
Багасла́ўлена царства айца нашага Давіда, якое йдзе́ ў імя Госпада! Осанна на вышынí!
І ўвайшоў Ісус у Ерузалім і ў сьвятыню; і, аглядзе́ўшы ўсё, выйшаў у Віфанію з дванаццацьма, бо час ужо быў позны.
І наза́ўтрае, як выйшлі яны з Віфаніі, захаце́ў Ён е́сьці.
І, угле́дзіўшы здалёк смакоўніцу, пакры́тую лісьцём, пайшоў, ці ня знойдзе на ёй што-не́будзь; але, падыйшоўшы да яе́, нічога не знайшоў, апрача лісьця́, бо ня час быў на смоквы.
І, прамовіўшы, сказаў да яе́ Ісус: Няхай ніхто з цябе́ да ве́ку ня е́сьць плоду! І чулі гэтае вучні Ягоныя.
І прыйшлі ў Ерузалім. І Ісус, увайшоўшы ў царкву́, пачаў выганяць купляўшых і прадаваўшых у царкве́; і папераваро́чваў сталы́ мяня́льнікаў і ўсло́ны прадаўцоў галубоў;
і не дазволіў, каб хто праз царкву́ насіў хоць якое судзьдзё.
І навучаў, кажучы: ці-ж не напісана: дом Мой домам малітвы ўсімі народамі будзе назва́ны, а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў (Ісая 56:7; Ерамія 7:11).
І пачулі гэтае кніжнікі ды архірэі і шукалі, як загубіць Яго, бо бая́ліся Яго, што ўве́сь народ дзівіўся з навукі Ягонае.
І, як зрабілася позна, Ён выйшаў з ме́ста.
І раніцай, праходзячы міма, уба́чылі смакоўніцу, засохшы да караня́.
І, успо́мніўшы, Пётр кажа Яму: Равві! глядзі, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, засохла.
І, адказваючы, Ісус кажа ім:
Ме́йце ве́ру Божую. Бо запраўды́ кажу́ вам: калі хто скажа гарэ гэтай: узьніміся і кінься ў мора, і ня будзе сумлявацца ў сэрцы сваім, але ве́ру ме́ць будзе, ста́нецца так, як гавора, — будзе яму, што-б ні сказаў.
Дзеля гэтага й кажу вам: усё, чаго-б вы ні прасілі ў малітве, ве́рце, што даста́неце і будзе вам.
І калі стаіцё на малітве, даруйце, калі што ма́еце на каго, каб і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, дараваў вам грахí вашыя.
Калі-ж вы не даруеце, то і Аце́ц ваш, што ў нябёсах, не даруе вам грахо́ў вашых.
І прыходзяць ізноў у Ерузалім. І, калі Ён хадзіў у царкве́, падыйшлі да Яго архірэі і кніжнікі ды старшы́ны
і спыталіся ў Яго: якою ўлада́ю Ты гэтае робіш, і хто даў Табе́ ўладу рабіць гэтае?
Ісус жа адказаў ім, мовячы: спытаюся і Я ў вас адно слова: адкажэце Мне́, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.
Хрышчэньне Іоанава з не́ба было, ці ад людзе́й? Адказвайце Мне́.
Яны-ж разважалі між сабою: калі скажам: з не́ба, то Ён скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
А сказаць: ад людзе́й — баяліся народу, бо ўсе́ лічылі Іоана, што запраўды́ быў прарок.
І сказалі ў адказ Ісусу: ня ве́даем. Тады Ісус адказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае ро́блю.