Мацьвея 12 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Леаніда Галяка
У той час Ісус пайшоў у суботу збажыною; Яго ж вучні згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
А фарысеі, убачыўшы, Яму сказалі: Вось, Твае вучні робяць тое, чаго не дазваляецца рабіць у суботу.
Ён жа сказаў ім: Хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся ён33 і тыя, хто быў з ім,
як ён увайшоў у Божы дом і яны елі34 хлябы прапановы, якіх не дазвалялася есці ні яму, ні тым, што былі з ім, а толькі адным святарам?
Хіба вы не чыталі ў законе, што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу — і не вінаватыя?
А Я кажу вам, што тут большае35, чым святыня.
Калі б вы ведалі, што значыць: «Міласэрнасці хачу, а не ахвяры», то не асудзілі б невінаватых.
Бо Сын Чалавечы — Гаспадар [і] суботы.
І, адышоўшы адтуль, Ён прыйшоў у іх сінагогу;
і вось, [быў там] чалавек, што меў сухую руку. І спыталіся ў Яго, кажучы: Ці дазваляецца ў суботу вылечваць? — каб абвінаваціць Яго.
Ён жа сказаў ім: Які чалавек між вас, меўшы адну авечку, калі яна ўпадзе ў суботу ў яму, не возьме яе і не выцягне?
Дык наколькі чалавек розніцца ад авечкі! Так што можна ў суботы рабіць дабро.
Тады Ён кажа таму чалавеку: Выцягні сваю руку. — І той выцягнуў, і зрабілася яна здаровая, як другая.
Фарысеі ж, выйшаўшы, сабралі раду супроць Яго, як бы Яго загубіць.
Але Ісус, уведаўшы, адышоў адтуль. І многія [натоўпы] пайшлі ўслед за Ім, і Ён вылечыў іх усіх;
і забараніў ім аб’яўляць пра Яго;
каб спраўдзілася сказанае праз Ісаію, прарока, які кажа:
«Вось Мой Слуга, Якога Я выбраў, Мой Улюбёны, у Якім знайшла задавальненне Мая душа; ускладу Мой Дух на Яго, і Ён абвесціць суд народам.
Ён не будзе ні спрачацца, ні крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах Яго голасу.
Ён надломленай трысціны не пераломіць і кнота, што тлее, не патушыць, пакуль не прывядзе правасуддзе да перамогі.
І на Яго імя будуць спадзявацца народы».
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманамі — сляпога і нямога; і Ён вылечыў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.
і ўсе натоўпы дзівіліся і казалі: Ці не гэта Сын Давідаў?
Фарысеі ж, пачуўшы, сказалі: Гэты чалавек выганяе дэманаў не інакш, як Веельзевулам, начальнікам дэманаў.
Але Ісус, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Кожнае царства, падзяліўшыся само супроць сябе, спустошваецца; і кожны горад ці дом, падзяліўшыся сам супроць сябе, не ўстоіць.
І калі сатана сатану выганяе, то ён падзяліўся сам супроць сябе; як жа ўстоіць яго царства?
І калі Я Веельдзевулам выганяю дэманаў, то вашы сыны кім выганяюць? Таму яны будуць вам суддзямі.
А калі Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дасягла да вас Царства Божае.
Або як можа хто ўвайсці ў дом дужага і зрабаваць яго дабро, калі перш не звяжа дужага? І тады абрабуе яго дом?
Хто не са Мною, той супроць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскідае.
Таму кажу вам: кожны грэх і знявага даруюцца людзям; а знявага Духа не даруецца [людзям].
І хто скажа слова супроць Сына Чалавечага, будзе даравана яму; але хто скажа супроць Святога Духа, не будзе даравана яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
Або прызнайце36 дрэва добрым і яго плод добрым; або прызнайце дрэва гнілым і яго плод гнілым; бо з плоду пазнаецца дрэва.
Выпладкі гадзючыя, як вы можаце казаць добрае, будучы ліхімі? Бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны.
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
Кажу ж вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у судны дзень;
бо тваімі словамі ты будзеш апраўданы і тваімі словамі будзеш асуджаны.
Тады ў адказ Яму некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў сказалі: Настаўніку, хочам ад Цябе знак убачыць.
А Ён ім у адказ сказаў: Пакаленне ліхое і чужаложнае дамагаецца знака; ды знака яму не дадуць, апроч знака Іона-прарока.
Бо як быў Іона ў чэраве кіта тры дні і тры ночы, так будзе Сын Чалавечы ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
Людзі ніневійскія ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай пропаведзі; і вось, тут большае, чым Іона.
Царыца Поўдня падымецца на суд з гэтым пакаленнем і асудзіць яго; бо яна з краёў зямлі прыйшла паслухаць Саламонаву мудрасць: і вось, тут большае, чым Саламон.
А калі нячысты дух выходзіць з чалавека, то праходзіць праз бязводныя мясціны, шукаючы спакою, і не знаходзіць.
Тады кажа: «Вярнуся ў свой дом, адкуль я выйшаў»; але, прыйшоўшы, знаходзіць яго пустым, вымеценым і прыбраным.
Тады ён ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, больш ліхіх, чым сам, і, увайшоўшы, яны пасяляюцца там; і зробіцца для таго чалавека апошняе горшым за першае. Так будзе і гэтаму ліхому пакаленню.
Калі Ён яшчэ казаў натоўпам, вось, Яго Маці і браты стаялі на дварэ, хочучы з Ім пагаварыць.
І нехта сказаў Яму: Вось, Твая Маці і Твае браты стаяць на дварэ і хочуць пагаварыць з Табою.
А Ён ў адказ сказаў таму, хто гаварыў Яму: Хто Мая маці і Мае браты?
І, выцягнуўшы Сваю руку да Сваіх вучняў, сказаў: Вось Мая маці і Мае браты.
Бо хто выконвае волю Майго Бацькі, што ў нябёсах, той Мой брат, і сястра, і маці.