2 да Карынфянаў 10 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Міхася Міцкевіча
Сам жа я, Павел, малю́ вас дзеля лагоднасці і спага́длівасці Хрыстовай, — я сціплы, калі знаходжуся сярод вас, і рашу́чы ў адносінах да вас, калі адсу́тнічаю.
Прашу, каб мне, прыйшоўшы, не давялося праявіць рашучасць з той упэўненасцю, з якой я збіраюся смела выступіць супраць некаторых, што лічаць, нібы́та мы жывём паводле плоці.
Бо хоць мы жывём у плоці, але не паводле плоці ваюем;
зброя змагання нашага не плоцкая, а ма́е сілу ад Бога на руйнаванне цвярдынь: ёю мы разбураем на́мыслы
і ўсялякае высакамер’е, якое паўстае супраць пазнання Божага, і бяром у палон усякую думку на паслушэнства Хрысту,
і гатовы пакараць усякае непаслушэнства, калі стане поўным ваша паслушэнства.
На аблічча зважа́еце́ Калі нехта ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстоў, то няхай зноў жа па сабе мяркуе, што, як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.
Бо калі б я і больш стаў хвалíцца ўладаю нашаю, якую Гасподзь даў нам на ўмацаванне ваша, а не на разбурэнне, то не быў бы пасаромлены.
Няхай не здаецца, быццам я палохаю вас у пасланнях.
Бо нехта кажа: «пасланні ва́жкія і моцныя, а пры асабістай прысутнасці ён сла́бы і слова яго нязначнае»;
няхай той мае на ўвазе, што якія мы ў словах пасланняў, калі адсутнічаем, такія і ў справах, калі прысутнічаем.
Мы ж не смеем станавіцца ўпоравень ці параўноўваць сябе з тымі, якія саміх сябе выстаўляюць; яны, ме́раючы сябе самімі сабою і параўноўваючы сябе з сабою, робяць неразумна.
Мы ж не праз меру будзем хвалíцца, а па меры ўдзелу, які вы́значыў для нас Бог такою мераю, каб дайсці і да вас.
Бо мы не перавыша́ем вы́значанага нам, як было б, калі б мы не дайшлі да вас, таму што і да вас мы дайшлі з дабравесцем Хрыстовым;
мы не праз меру хва́лімся, не чужою працаю, а спадзяёмся з узрастаннем веры вашай значна павялічыць сярод вас удзел наш,
каб і па-за вашым краем прапаведаваць Евангелле, не хва́лячыся тым, што ўжо здзе́йснена пры чужым удзеле.
Хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца.
Бо не той годны, хто сам сябе выстаўля́е, а той, каго Гасподзь вылуча́е.