2 Пятра 3 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Любасныя, гэта ўжо другое Пасланьне пішу да вас; у іх напамінаньнем пабуджа́ю шчырую думку вашую,
 

каб вы памята́лі словы, раней сказаныя праз сьвятых прарокаў і праз Апосталаў нашых — прыказаньні Госпада і Збаўцы.
 

Перад усім ве́дайце тое, што ў апошнія дні зьявяцца насьміха́льнікі, што ходзяць паводля сваіх уласных пажаданьняў;
 

і скажуць; дзе ябяцаньне прыходу Ягонага? Як ста́лі паміра́ць ба́цькі ўсё гэтак астаецца ад пачатку стварэньня.
 

Бо ад іх па іхнаму (уласнаму) жаданьню-выбару закрыта тое, што нябёсы былі здаўна́, а зямля створана з вады і ў вадзе Словам Бога;
 

з-за чаго тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою,
 

а цяперашнія нябёсы і зямля, Словам Ягоным зьберага́емыя, захоўваюцца для агню на дзень суду і загу́бы бязбожных людзей.
 

Адно ж тое ня павінна быць ад вас утоена, любасныя, што адзін дзень у Госпада, як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень.
 

Ня марудзіць Госпад з абяцаньнем, як (гэта) нікаторыя за маруднасьць уважаюць, але доўга церпіць нас, ня хочучы каго-не́будзь загубíць, але каб усіх да пакаяньня прывесьці.
 

Прыйдзе́ ж дзень Госпада, як злодзей уначы, у які нябёсы з шумам счэзнуць, зямля і ўсе ўчынкі на ёй будуць спалены, і (астатнія) элеме́нты (апаганеныя грахом чалавека) будуць спалены і разбураны.
 

Такім чынам, (калі) усё гэтае (так) разбураецца, дык якімі належыць вам быць у сьвятым жыцьцí і на́бажнасьці,
 

што чака́еце і жада́еце прыходу дня Бога, у якім нябёсы, распаленыя агнём, будуць разбураны, і (астатнія) элеме́нты, па́леныя агнём, будуць разбураны?
 

Мы ж чакаем згодна Ягонаму абяцаньню новыя Нябёсы і новую Зямлю, на якіх Праведнасьць жыве.
 

Дык чакаючы гэта, умілаваныя, пастарайцеся зьявіцца перад Ім у міры, нязаплямленымі і бяздакорнымі.
 

І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце збаўленьнем, як і любасны наш брат Паўла згодна дадзенай яму мудрасьці напісаў вам.
 

Як і ўва ўсіх Пасланьнях гаворачы ў іх пра гэта, у якіх ёсьць нешта цяжка зразумелае, што не́вукі і няўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і другія Піса́ньні.
 

Дык вы, умілаваныя, ведаючы (гэта) наперад, пазбягайце, каб захапіўшыся заблуджэньнем бяззаконьнікаў, ня адпасьці ад свайго ўмацаваньня,
 

але ўзрастайце ў Багадаці і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер і ў дзень вечнасьці. Амін.