Міхея 3 разьдзел

Кніга прарока Міхея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І сказаў я: «Паслухайце, галавы Якававы і князі дому Ізраелявага: ці ня вам знаць суд?
 

Каторыя ненавідзіце дабро й любіце ліха, што лупіце зь іх скуру іхную і цела іхнае з касьцей іхных;
 

Што ясьце цела люду Майго і зьдзіраеце зь іх скуру іхную, і ломіце косьці іхныя, і сячыце іх бы ў гаршчок, і цела — бы ў казан?»
 

Тады загукаюць да СПАДАРА, але Ён не адкажа ім, нават схавае від Свой ад іх у тым часе, калі яны дзеюць ліха ўчынкамі сваімі.
 

Гэтак кажа СПАДАР праз прарокаў, што ўводзяць у вабмылу люд Мой, што кусаюць зубамі сваімі й крычаць: «Мір!», а хто не кладзець ім у рот, яны пасьвячаюцца на вайну супроці яго.
 

Затым будзе ноч вам, што ня будзеце мець відзені, і будзе цямнота вам, а не вешчаваньне; закоціцца сонца над прарокамі, і зьмеркне дзень над імі.
 

І засаромяцца відзеньнікі, і зачырванеюцца вяшчуны, усі яны закрыюць вусны свае, бо ня будзе адказу ад Бога.
 

Але я напоўнены сілы духам СПАДАРОВЫМ і суду і моцы, каб абяшчаць Якаву выступ ягоны і Ізраелю — грэх ягоны.
 

Слухайце ж гэта, галавы дому Якававага і князі дому Ізраелявага, што брыдзіцеся судам і перакручуеце ўсю справядлівасьць,
 

Яны будуюць Сыён крывёю й Ерузалім — бяспраўям.
 

Галавы ягоныя судзяць за лапаны, і сьвятарове ягоныя навучаюць за заплату, і прарокі ягоныя вяшчуюць за срэбра; прымеж тога апіраюцца на СПАДАРА й кажуць: «Ці не СПАДАР сярод нас? ня стрэне нас ліха».
 

Затым за вас гара Сыён будзе ўзарана як поле, і Ерузалім стане кучамі, і гара дому як лесавыя ўзвышшы.