2 Пятра 3 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Цяпінскага

 
 

Гэта ўжо вось другі ліст пішу вам, умілаваныя; у вадным і другім жадаю падбадзёрыць чыстыя думкі вашыя, прыпамінайчы,
 

каб вы не зацерлі ў сваёй памяці раней сказаныя словы Прарокаў ды пераданую вашымі Апосталамі запавесьць. Ўсеспадара й Збавіцеля нашага.
 

Тое перадусім ведайце, што ў вапошніх днях выступяць з кпінамі насьмявальнікі, ведзеныя сваёю похатнаю трасцаю,
 

і пытацімуць: Дзеж тое запавешчанне й прыйсьцё яго? Адкалі бо сталі ўміраць айцы, ўсё гэтак застаецца, як ад пачатку стварэння.
 

Так гадаючыя ня ведаюць таго, што словам Божым неба і зямля калісь з вады і праз воду паўсталі,
 

таму і загінуў тагдышні сьвет, затоплены вадою.
 

А сянняшнія нябёсы й зямля, тымжа словам (Божым) утрымліваныя, захоўваюцца для вагню на дзень суду і загубы людзей бязбожных.
 

Ды тое не павінна быць тайнае вам, умілаваныя, што ў Бога адзін дзень, як тысяча гадоў, а тысяча гадоў дзень адзін (Пс. 89:5).
 

Не марудзіць Бог у зьдзейсьнені свайго абяцаньня, як некаторым марудзтвам здаецца, калі абходзіцца з вамі доўгацярпліва, ня хочучы каго загубіць, але давясьці да каяння.
 

Дзень-жа Госпадаў прыйдзе, як злодзей ноччу, прамінуць тады нябёсы з гвалтоўным шумам, стыхіі ад жары растопяцца, згарыць і зямля з усімі творамі на ёй.
 

Калі вось гэтак усёчыста мае рухнуць, то якіміж павінны быць у сьвятым сужывецтве й пабожнасьці вы,
 

прагна чакаючыя прыйсьця дня Божага, ў якім пламянеючае неба разрухнецца, а стыхіі разжараныя счануць?
 

Мы-ж водле ягонага абяцання — чакаем новага неба й новае зямлі, на якіх зажыве праўда.
 

Таму, найдаражэйшыя, чакаючы гэтага, старайцеся зьявіцца прад ім неапаганенымі й бязьвіннымі ды ў згодзе,
 

а паўстрымнасьць Божу уважайце за збаўленне, як і найдаражэйшы брат наш Павал, дзякуючы атрыманай мудрасьці пісаў вам (Рым. 2:4),
 

ды як і ў ва ўсіх лістох аб гэтым гавора, ў якіх ёсьць дзе-што й цяжказразумелае і людзі недавучаныя ці неастоістыя выкрыўляюць гэта, як і другія Пісанні, на сваю загубу.
 

Вы-ж, дарагіе, аб гэтым ужо спапярэджаныя, сьцеражэцеся, каб не апанадзіцца маною самадураў ды не адпасьці ад свае стойкасьці,
 

але ўзрастаць у ласцы й пазнані Усеспадара і Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Яму хвала і цяпер і ў дзень вечнасьці. Амэн.