2 да Карынфянаў 10 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
А і я сам, Павал, што асабіста між вамі пакорны, а завочна адносна вас сьмелы, малю вас ціхасьцю й ласкавасьцю Хрыстуса;
прашу вас, каб, як прыйду к вам, ня быў я змушаны ужываць тае станоўкае сьмеласьці, зь якою думаю выступіць проці тых, што ўяўляюць сабе, быццам мы паступаем водле цела;
хоць бо мы жывём у целе, то не ваюем водле цела;
зброя нашага змагання не ў целе, але ў магуцтве Бога, паконываючым цьвярдыні, парынаючым замыслы,
і ўсякае надыманне, што паўстае проці Божага пазнання, ды палонячым усякі розум пад Хрыстусаву паслухмянасьць,
і гатовым помсьціць кажную непаслухмянасьць, як толькі ваш послух дасканальным станецца.
Прыглядаецеся выгляду? Хто самапэўны, што ёсьць Хрыстусавы, хай па сабе мяркуе, што як ён Хрыстусаў, дык гэтак і мы.
Бо, якбы я і болей выстаўляўся з нашай уладай, якую Бог даў нам на будаванне вас, а не на псаванне, дык-бы не паддаўся застыджэнню;
каб не здалося, бач, што маніўся вас застрашваць лістамі;
кажуць бо: «Лісты яго то важныя й строгія, але выглядам прысутным ён недасілак і мова яго залюгодная».
Хто гэтак кажа, то хай ведае: якія мы ў словах лістоў завочна, гэткімі й на дзеле будзем, прысутнымі.
Бо мы ня сьмеем сябе супастаўляць, ні раўняць з тымі, што самавыстаўляюцца: яны мераюць сябе самымі саобю ды раўняюць сябе з сабою бязглуздна.
А мы не бяз меры хваліцца будзем, але ў меру, ад Бога нам вызначанаю, такую меру, каб дасьцігнуць і да вас.
Мы не напружаем сябе, як недасьцігшыя да вас, бо-ж дасьціглі аж да вас з Эванэліяй Хрыстуса.
Не хвалімся надмерна такжа і працамі іншых, але спадзяёмся, што з узростам вашай веры узьвялічацімемся й мы між вамі водле нормы нашай,
так, каб і далей у краёх за вамі навучаць Эванэлію, не хвалячыся дакананым ужо іншымі.
«Хто бо хваліцца, хай у Богуспадару хваліцца».
Ня той бо варты, хто сам сябе хваліць, але той, каго хваліць Бог.