2 Пятра 1 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Сымон Пётар, слуга і апостал Ісуса Хрыста, — тым, якія прынялі з намі роўна каштоўную веру ў праведнасьці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:
Сíман Пётр, раб і Апостал Іісуса Хрыста, — тым, якія адно́лькава кашто́ўную, як і наша, веру прынялí па пра́веднасці Бога нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста́:
ласка вам і супакой няхай памножацца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.
благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца праз пазна́нне Бога і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
Як Боская моц Ягоная падаравала нам усё дзеля жыцьця і пабожнасьці, праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,
Пако́лькі Божая сіла Яго адары́ла нас усім неабхо́дным для жыцця́ і набо́жнасці праз пазна́нне Таго, Хто паклíкаў нас сла́ваю і даскана́ласцю,
праз якія падараваныя нам найвялікшыя і каштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы супольнікамі Боскае прыроды, пазьбегнуўшы сапсутасьці ў пажаданьні, якое ў сьвеце,
якімі яна дала́ нам найвялíкшыя і кашто́ўныя абяца́нні, каб праз іх вы ста́лі ўдзе́льнікамі Божай прыроды, аддалíўшыся ад пану́ючага ў све́це растле́ння пажа́длівасцю, —
дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявіце ў веры вашай цноту, а ў цноце — разуменьне,
то вы, прыклада́ючы да гэтага ўсе намага́нні, пакажы́це ў ве́ры вашай дабрадзе́йнасць, у дабрадзе́йнасці — разва́жлівасць,
а ў разуменьні — стрыманасьць, а ў стрыманасьці — цярплівасьць, а ў цярплівасьці —пабожнасьць,
у разва́жлівасці — устры́манасць, ва ўстры́манасці — цярплíвасць, у цярплíвасці — набо́жнасць,
а ў пабожнасьці — браталюбства, а ў браталюбстве — любоў.
у набо́жнасці — браталю́бства, у браталю́бстве — любо́ў.
Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застанецеся бязьдзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Бо калі гэта ў вас ёсць і прымнажа́ецца, то яно не пакíне вас бяздзе́йнымі і бяспло́днымі ў пазна́нні Госпада нашага Іісуса Хрыста́;
Бо хто ня мае гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў.
а ў кім няма́ гэ́тага, той сляпы́, блізару́кі, забы́ў пра ачышчэ́нне ране́йшых грахоў сваіх.
Дзеля гэтага, браты, яшчэ больш намагайцеся рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне, бо гэтак робячы, ніколі не спатыкняцёся,
Таму, браты́, яшчэ больш стара́йцеся, каб ваша паклíканне і абра́нне стала трыва́лым; робячы так, вы ніколі не спатыкняце́ся,
бо гэтак шырока зьявіцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.
бо так адкры́ецца вам свабо́дны ўваход у ве́чнае Царства Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста.
Дзеля гэтага я ня буду занядбоўваць заўсёды нагадваць вам пра гэтае, хоць вы і ведаеце гэта, і ўмацаваныя ў гэтай праўдзе.
Таму я ніколі не пераста́ну нага́дваць вам пра гэта, хоць вы тое ве́даеце і ўмацава́ны ў гэтай íсціне.
Справядлівым жа лічу, пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне, пабуджаць вас нагадваньнем,
Але нале́жным лічу́, пакуль застаю́ся ў гэтай цяле́снай хацíне, абуджа́ць вас напамíнам,
ведаючы, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне паведаміў.
ве́даючы, што неўзаба́ве забра́на будзе ў мяне хацíна, як і Гасподзь наш Іісус Хрыстос адкры́ў мне.
Але буду намагацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды ўспаміналі гэтае.
Буду ж намага́цца, каб і пасля майго адыхо́ду, вы заўсёды ме́лі ў сабе памяць пра гэта.
Бо мы зрабілі вядомымі вам моц і прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за мудрагелістымі байкамі ідучы сьледам, але быўшы відавочцамі велічы Ягонай,
Бо мы абвясцíлі вам сілу і прышэ́сце Госпада нашага Іісуса Хрыста, не за хíтра спле́ценымі ба́йкамі пасле́даваўшы, а бы́ўшы све́дкамі Яго ве́лічы.
бо Ён прыняў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнае славы зыйшоў да Яго гэтакі голас: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
Бо Ён прыня́ў ад Бога Айца паша́ну і сла́ву, калі ад ве́лічнай славы прыйшоў да Яго вось такі голас: «Гэта Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў».
І гэты голас, які зыходзіў з неба, мы чулі, быўшы з Ім на гары сьвятой.
І гэты голас, які прыйшоў з нябёсаў, чулі мы, калі былí з Ім на свято́й гары́.
І мы маем цьвёрдае прарочае слова, і вы добра робіце, што зважаеце на яго, як на сьветач, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне днець і ня ўзыйдзе зараніца ў сэрцах вашых,
Яшчэ мы маем наймацне́йшае праро́чае сло́ва, і вы добра ро́біце, звярта́ючыся да яго, як да свяцíльніка, што ззяе ў цёмным ме́сцы, паку́ль не пачне́ днець і не ўзы́дзе ра́нішняя зорка ў сэ́рцах вашых,
разумеючы спачатку, што ніякае прароцтва з Пісаньня ня мае адвольнага тлумачэньня,
ве́даючы перш за ўсё тое, што нія́кае прароцтва ў Пісанні не дапуска́е асабíстага тлумачэ́ння.
бо ніколі прароцтва не прыносілася воляй чалавека, але гаварылі яго сьвятыя Божыя людзі, ведзеныя Духам Сьвятым.
Бо ніколі праро́цтва не было́ абве́шчана па волі чалаве́чай, а прамаўля́лі яго святы́я Божыя людзі, натхнёныя Ду́хам Святы́м.