Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Павал, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, аддзелены дзеля Эвангельля Божага,
 
Павел, раб Іісуса Хрыста, паклíканы Апостал, абра́ны для дабраве́сця Бо́жага,

якое [Бог] раней абяцаў праз прарокаў Сваіх у сьвятых Пісаньнях,
 
якое Бог раней абяца́ў праз праро́каў Сваіх у святы́х піса́ннях

пра Сына Ягонага, Які паводле цела стаўся з насеньня Давіда,
 
пра Сына Свайго, Які нарадзíўся з се́мені Давíдавага па пло́ці

і аб’явіўся як Сын Божы ў моцы паводле духа сьвятасьці праз уваскрасеньне з мёртвых, пра Ісуса Хрыста, Госпада нашага,
 
і адкрыўся як Сын Божы ў сіле, па духу свя́тасці, праз уваскрасе́нне з мёртвых, — пра Іісуса Хрыста, Госпада нашага,

праз Якога мы атрымалі ласку і апостальства на паслухмянасьць веры ў-ва ўсіх народах, дзеля імя Ягонага,
 
праз Якога мы атрыма́лі благада́ць і апо́стальства, каб дзе́ля імя́ Яго прыво́дзіць да паслушэ́нства ве́ры ўсе наро́ды,

сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, —
 
сярод якіх і вы, паклíканыя Іісу́сам Хрысто́м, —

усім, якія ёсьць у Рыме, улюбёным Бога, пакліканым сьвятым: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
усім, хто ў Рыме, узлю́бленым Божым, паклíканым святы́м: благада́ць вам і мір ад Бо́га, Айца́ на́шага, і Го́спада Іісу́са Хрыста́.

Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера ваша абвяшчаецца ў-ва ўсім сьвеце.
 
Найпе́рш я дзя́кую Богу майму́ праз Іісу́са Хрыста́ за ўсіх вас, што вера ваша абвяшча́ецца ва ўсім све́це;

Бо сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у Эвангельлі Сына Яго, што несупынна ўзгадваю вас,
 
све́дка мне Бог, Яко́му я служу́ ду́хам маім у дабраве́сці Сы́на Яго, што я беспераста́нна зга́дваю вас,

заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб некалі ўжо давялося мне з волі Божае прыйсьці да вас.
 
заўсёды про́сячы ў малíтвах маіх, каб воля Бо́жая не́калі паспрыя́ла мне прыйсцí да вас.

Бо я жадаю бачыць вас, каб даць вам нейкі дар духоўны дзеля ўмацаваньня вашага,
 
Бо я пра́гну ўба́чыць вас, каб перада́ць вам нейкі дар духо́ўны для ўмацава́ння ва́шага,

гэта значыць, суцешыцца супольна з вамі вераю адзін аднаго, вашаю і маёю.
 
гэта зна́чыць, суце́шыцца з вамі ве́раю супо́льнаю, ва́шаю і маёю.

Не хачу, браты, каб вы ня ведалі, што я часта пастанаўляў прыйсьці да вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народах, і забаронена мне было аж дагэтуль.
 
Не хачу ўто́йваць ад вас, браты́, што мно́га разо́ў збіра́ўся я прыйсцí да вас, — але сустрака́ў перашко́ды дагэ́туль, — каб мець нейкі плён і ў вас, як і ў íншых наро́дах.

Я вінаваты і Грэкам, і барбарам, і мудрым, і бяздумным.
 
Я даўжнíк і Э́лінам і ва́рварам, і му́дрым і неразу́мным;

Дык што да мяне, я гатовы дабравесьціць і вам, якія ў Рыме.
 
дык вось, што даты́чыцца мяне́, то я гато́вы дабраве́сціць і вам, якія ў Ры́ме.

Бо я не саромлюся Эвангельля Хрыстовага, бо яно ёсьць моц Божая на збаўленьне кожнаму, хто верыць, перш Юдэю, і Грэку.
 
Бо я не саро́меюся дабраве́сця Хрысто́вага, таму́ што яно́ — сíла Бо́жая для спасе́ння ко́жнаму ве́руючаму: найпе́рш Іудзе́ю, а потым і Э́ліну.

Бо ў ім адкрываецца праведнасьць Божая ад веры ў веру, як напісана: «А праведны з веры жыць будзе».
 
Бо пра́веднасць Бо́жая ў ім адкрыва́ецца ад ве́ры да ве́ры, як напíсана: «пра́ведны ве́раю жывы́ бу́дзе».

Бо адкрываецца гнеў Божы з неба на ўсякую бязбожнасьць і няправеднасьць людзей, якія праз няправеднасьць праўду стрымліваюць.
 
Бо адкрыва́ецца гнеў Бо́жы з не́ба на ўсяля́кую бязбо́жнасць і няпра́веднасць людзе́й, якія ісціну заціска́юць няпра́веднасцю.

Бо, што магчыма ведаць пра Бога, яўна для іх, бо Бог выявіў ім.
 
Бо тое, што мо́жна ве́даць пра Бо́га, я́ўнае для іх, пако́лькі Бог явíў ім;

Бо нябачнае Яго, і вечная моц Яго, і Боскасьць ад стварэньня сьвету відочныя праз разважаньне пра творы [Ягоныя], каб быць ім без апраўданьня.
 
бо тое, што няба́чнае ў Ім, ба́чыцца ад стварэ́ння свету праз пазна́нне ство́ранага: і ве́чная Яго сіла, і Бажаство́, — так што няма́ ім апраўда́ння.

Бо яны, пазнаўшы Бога, ня славілі [Яго] як Бога і ня дзякавалі, але займаліся марнасьцю ў думках сваіх, і зацемрылася няцямкае сэрца іхняе.
 
Пако́лькі яны, спазна́ўшы Бо́га, не прасла́вілі Яго як Бо́га і не падзя́кавалі Яму, а аддалíся ма́рным мудрава́нням, і це́мра агарну́ла неразу́мнае сэ́рца іх:

Цьвердзячы пра сябе, што мудрыя, яны здурнелі
 
называ́ючы сябе му́дрымі, яны стра́цілі розум

і славу незьнішчальнага Бога замянілі на падабенства вобразу зьнішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і паўзуноў.
 
і сла́ву нятле́ннага Бо́га замянілі падабе́нствам во́браза тле́ннага чалаве́ка, і пту́шак, і чацверано́гіх, і паўзуно́ў, —

Дзеля гэтага і аддаў іх Бог у пажаданьнях сэрцаў іхніх нячыстасьці зьневажаць целы свае між сабою.
 
таму і адда́ў іх Бог у пажа́днасцях сэ́рцаў іх нечыстаце́, так што яны самі га́ньбілі це́лы свае́;

Яны замянілі праўду Божую на хлусьню, і пакланяліся, і служылі стварэньню замест Таго, Які стварыў, Які дабраслаўлёны на вякі. Амэн.
 
яны падмянілі íсціну Бо́жую хлуснёю і пакланя́ліся і служылі стварэ́нню замест Тварца́, Які благаславёны на ве́кі, амíнь.

Дзеля гэтага аддаў іх Бог у ганебныя жарсьці, бо жанчыны іхнія замянілі прыродныя зносіны на супрацьпрыродныя.
 
Таму адда́ў іх Бог гане́бным страсця́м: жанчы́ны іх замянíлі прыро́дныя зно́сіны на супрацьпрыро́дныя;

Падобна і мужчыны, пакінуўшы прыродныя зносіны з жанчынамі, распаляліся ў пажадлівасьці сваёй адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі непрыстойнасьць робячы і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за свой падман.
 
падо́бна і мужчы́ны, пакíнуўшы прыро́дныя зно́сіны з жанчы́наю, распа́льваліся пажа́днасцю сваёю адзін да аднаго́, мужчы́ны з мужчы́намі ўчыня́ючы со́рам і атры́мліваючы ў саміх сабе́ нале́жную распла́ту за сваю́ аблу́ду.

І, як яны не спрабавалі мець пазнаньне Бога, аддаў іх Бог няздатнаму розуму рабіць, што не належыць,
 
І пако́лькі яны не палічы́лі патрэ́бным мець пазна́нне Бога, то адда́ў іх Бог разбэ́шчанаму ро́зуму — рабіць няго́днае,

напоўненыя ўсякай няправеднасьцю, распустаю, зласьлівасьцю, хцівасьцю, ліхотаю, поўныя зайздрасьці, забойства, сваркі, подступу, благіх звычаяў,
 
так што яны напо́ўненыя ўся́кай няпра́ўдай, блу́дам, хíтрасцю, кары́слівасцю, зло́сцю, поўныя за́йздрасці, забо́йства, зва́ды, падма́ну, ліхадзе́йства,

абмоўнікі, паклёпнікі, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, ганарыстыя, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
 
яны плеткары́, паклёпнікі, боганенавíснікі, крыўдзíцелі, самахва́лы, ганарлíўцы, вынахо́днікі ліхо́га, непаслухмя́ныя бацька́м,

няцямкія, нязгодлівыя, бязьлітасныя, няўмольныя, неміласэрныя.
 
наразва́жлівыя, здра́длівыя, бессардэ́чныя, бязлíтасныя, нямíласцівыя.

Яны, пазнаўшы пастанову Божую, што тыя, хто гэткае ўчыняе, вартыя сьмерці, ня толькі гэтае робяць, але і ўхваляюць тых, хто робіць [гэтае].
 
Яны ве́даюць пра́ведны прысу́д Божы, што тыя, хто ро́біць такія спра́вы, ва́ртыя сме́рці, аднак не толькі ро́бяць гэта, але і тых, хто робіць, падтры́мліваюць.