Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Дык што, скажам, Абрагам, бацька наш, знайшоў паводле цела?
Што ж, ска́жам, Аўраам, айцец наш, набы́ў па плоці?
Бо калі Абрагам апраўданы ўчынкамі, ён мае пахвалу, але ня перад Богам.
Бо калі Аўраам быў апраўда́ны спра́вамі, ён ма́е чым хвалíцца, але не перад Богам.
Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць».
Бо што гаво́рыць Пісанне? «Паве́рыў Аўраам Богу, і гэта залічы́лася яму як пра́веднасць».
Таму, хто робіць, нагарода ня з ласкі залічваецца, але з павіннасьці;
Таму, хто выко́нвае працу, аплата налíчваецца не па мíласці, а па абавя́зку;
а таму, хто ня робіць, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, вера ягоная залічваецца за праведнасьць.
а таму, хто не выко́нвае, але ве́руе ў Таго, Хто апра́ўдвае грэ́шніка, вера яго залíчваецца як пра́веднасць.
Гэтак і Давід кажа, што шчасьце чалавеку, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад учынкаў:
Так і Давід называ́е блажэ́нным чалавека, якому Бог залíчвае пра́веднасць незале́жна ад спраў:
«Шчасьлівыя тыя, якім адпушчаныя беззаконьні і якім грахі прыкрытыя;
«блажэ́нныя тыя, чые беззако́нні праба́чаны і чые грахí пакры́ты;
шчасьлівы чалавек, якому Госпад не залічыць грэху».
блажэ́нны чалавек, якому Гасподзь не залíчыць граху́».
Дык шчаснасьць гэтая для абрэзаных ці і для неабрэзаных? Бо мы кажам, што Абрагаму вера залічана за праведнасьць.
Дык блажэ́нства гэтае даты́чыцца абрэ́заных ці і неабрэ́заных? Мы ка́жам, што Аўрааму вера залічы́лася як пра́веднасць.
Дык калі залічана? У абразаньні ці ў неабразаньні? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні.
Калі залічы́лася? пасля абрэ́зання ці да абрэ́зання? Не пасля абрэ́зання, а да абрэ́зання.
І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці веры, якую [ён меў] у неабразаньні, каб быў ён бацькам усіх, хто верыць у неабразаньні, каб і ім залічана была праведнасьць,
І знак абрэ́зання ён атрымаў як пяча́ць пра́веднасці па веры, якую меў у неабрэ́занні, так што ён стаў айцом усіх ве́руючых у неабрэ́занні, каб і ім залічы́лася пра́веднасць,
і бацькам абразаньня, тых, якія ня толькі [маюць] абразаньне, але і ходзяць па сьлядах веры ў неабразаньні бацькі нашага Абрагама.
і айцом абрэ́заных, якія не толькі абрэ́заны, але і ідуць сляда́мі веры айца нашага Аўраама, якую меў ён у неабрэ́занні.
Бо не праз Закон Абрагаму ці насеньню ягонаму [дадзена] абяцаньне быць спадкаемцам сьвету, але праз праведнасьць веры.
Бо не праз закон Аўрааму, ці пато́мству яго, да́дзена абяца́нне быць спадкае́мцам свету, а праз пра́веднасць веры.
Бо калі тыя, што праз Закон, — спадкаемцы, змарнее вера і зьнішчыцца абяцаньне;
Бо калі тыя, што выко́нваюць закон, — спадкае́мцы, то вера ма́рная, абяца́нне бяздзе́йнае;
бо Закон выклікае гнеў, бо дзе няма закону, няма парушэньня.
бо закон спараджа́е гнеў, а дзе няма закону, няма і парушэ́ння.
Дзеля гэтага праз веру, каб было паводле ласкі, каб абяцаньне было ўгрунтаваным для ўсяго насеньня, ня толькі для таго, якое праз Закон, але і для таго, якое праз веру Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас,
Таму спадкае́мства — па веры, каб было́ па благада́ці, каб абяца́нне было́ неадме́нным для ўсяго, не толькі па закону, але і па веры, пато́мства Аўраама, які з’яўля́ецца айцом для ўсіх нас, —
як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе тое, што ня ёсьць, як тое, што ёсьць.
як напíсана: «Я паста́віў цябе айцом многіх народаў», — перад Богам, Якому ён паве́рыў, Які ажыўля́е мёртвых і выкліка́е не існу́ючае да існава́ння.
Ён, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што станецца бацькам многіх народаў, паводле сказанага: «Гэткае будзе насеньне тваё».
Ён, насу́перак надзе́і, паве́рыў з надзе́яй, што ста́не айцом многіх народаў, паво́дле ска́занага: «такім будзе пато́мства тваё».
І, не зьнямогшыся ў веры, ён не глядзеў на цела сваё ўжо амярцьвелае, якое мела амаль сто гадоў, і што ўлоньне Сары амярцьвела,
І, не аслабе́ўшы ў веры, не зважа́ў на цела сваё, амярцве́лае ўжо, бо яму было́ каля ста гадоў, і на амярцве́нне ўло́ння Са́ррынага;
у абяцаньні Божым не сумняваўся недаверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу
і ў абяца́нні Божым не ўсумнíўся няве́р’ем, а ўмацава́ўся ў веры, узнёсшы славу Богу
і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў.
і бу́дучы по́ўнасцю ўпэ́ўненым, што Ён мае сілу вы́канаць абяца́нае.
Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць.
Таму і залічы́лася яму гэта за пра́веднасць.
А напісана [гэта] ня дзеля яго толькі, што залічана яму,
Аднак не толькі ў адносінах да яго напíсана, што залічы́лася яму,
але і дзеля нас, што мае быць залічана нам, якія вераць у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
але і адно́сна нас: залíчыцца і нам, ве́руючым у Таго, Хто ўваскрасíў з мёртвых Іісуса, Госпада нашага,
Які быў выдадзены дзеля грахоў нашых і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.
Які адда́дзены быў за грахí нашы і ўваскрэ́с для апраўда́ння нашага.