Да Рымлянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
Дык што, скажам, Абрагам, бацька наш, знайшоў паводле цела?
штож — спытаем — здабыў айцец наш Абрагам водля цела?
Бо калі Абрагам апраўданы ўчынкамі, ён мае пахвалу, але ня перад Богам.
Калі Абрагам апраўданы учынкамі, ён мае пахвалу, але ня ў Бога.
Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць».
Што бо кажа Пісанне? Уверыў Абрагам Богу і гэта залічана яму у апраўданне (Быц. 15:6).
Таму, хто робіць, нагарода ня з ласкі залічваецца, але з павіннасьці;
Таму хто працуе прызнаецца плата не з ласкі, але з належнасьці,
а таму, хто ня робіць, але верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожніка, вера ягоная залічваецца за праведнасьць.
а хто не працуе, але верыць у Таго, Каторы апраўдвае грэшніка, вера яго залічаецца за праведнасьць (водля пастановы з ласкі Бога).
Гэтак і Давід кажа, што шчасьце чалавеку, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад учынкаў:
Як і Давід называе шчасьлівым чалавека, якому Бог прызнае праведнасьць без учынкаў:
«Шчасьлівыя тыя, якім адпушчаныя беззаконьні і якім грахі прыкрытыя;
Багаслаўлёныя, каму нягоднасці адпушчаны і грахі пакрытыя.
шчасьлівы чалавек, якому Госпад не залічыць грэху».
Багаслаўлёны муж, якому граху Бог не палічыць (Пс. 31:1−2).
Дык шчаснасьць гэтая для абрэзаных ці і для неабрэзаных? Бо мы кажам, што Абрагаму вера залічана за праведнасьць.
Восьжа, ці гэтая багаслаўлёнасьць датычыць толькі абразаных, ці такжа й неабразаных? Бо гаворым, што Абрагаму вера палічана за праведнасьць.
Дык калі залічана? У абразаньні ці ў неабразаньні? Не ў абразаньні, але ў неабразаньні.
Якжа палічана? У абразанні, ці ў неабразанні? Не пасьля абразання, але перад абразаннем.
І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці веры, якую [ён меў] у неабразаньні, каб быў ён бацькам усіх, хто верыць у неабразаньні, каб і ім залічана была праведнасьць,
І атрымаў знак абразання, як пячаць праведнасьці, зь веры, якую меў перад абразаннем; так-што стаўся айцом усіх веручых, навет неабразаных, каб і ім была прызнана праведнасьць;
і бацькам абразаньня, тых, якія ня толькі [маюць] абразаньне, але і ходзяць па сьлядах веры ў неабразаньні бацькі нашага Абрагама.
ды каб быў айцом абразання не адно тых абразаных, але й тых, што ходзяць сьлядамі веры айца нашага Абрагама, якую меў ён, ня будучы абразаным.
Бо не праз Закон Абрагаму ці насеньню ягонаму [дадзена] абяцаньне быць спадкаемцам сьвету, але праз праведнасьць веры.
Бо не Законам было дадзена Абрагаму й ягоным нашчадкам прырачэнне, што ён станецца дзедзічам сьвету, але праведнасьцю веры.
Бо калі тыя, што праз Закон, — спадкаемцы, змарнее вера і зьнішчыцца абяцаньне;
Калі бо спадкаемцамі ёсьць тые, што з Закону, дык пустая тады вера, пустаслоўнае прырачэнне;
бо Закон выклікае гнеў, бо дзе няма закону, няма парушэньня.
бо-ж Закон спрычыняе гнеў: дзе няма Закону, няма і праступку.
Дзеля гэтага праз веру, каб было паводле ласкі, каб абяцаньне было ўгрунтаваным для ўсяго насеньня, ня толькі для таго, якое праз Закон, але і для таго, якое праз веру Абрагама, які ёсьць бацька ўсіх нас,
Дзеля таго зь веры, каб было з ласкі, каб прырачэнне аказалася моцнае, для цэлага патомства, ня толькі для таго, што з Закону ёсьць, але і для таго, што зь веры Абрагама, айца ўсіх нас —
як напісана: «Я паставіў цябе бацькам многіх народаў», перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе тое, што ня ёсьць, як тое, што ёсьць.
як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў (Быць. 17:4−5) — перад Богам, Якому ўверыў, Які ажыўляе памерлых і няіснуючае называе існуючым.
Ён, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што станецца бацькам многіх народаў, паводле сказанага: «Гэткае будзе насеньне тваё».
Проці надзеі уверыў ён у надзею стацца айцом многіх народаў паводле сказанага: Гэтак будзе тваё патомства (Быць. 15:5).
І, не зьнямогшыся ў веры, ён не глядзеў на цела сваё ўжо амярцьвелае, якое мела амаль сто гадоў, і што ўлоньне Сары амярцьвела,
і не пахіснуўся ў веры, не зважаючы на сваё заміраючае, амаль сталетняе ўжо, цела, ані на прымярцьвелую нутробу Сары.
у абяцаньні Божым не сумняваўся недаверствам, але ўмацаваўся вераю, аддаўшы славу Богу
Дый датычна Божага прырачэння не пахіснуўся празь недавяранне, але падмацаваны верай аддаў хвалю Богу,
і маючы пэўнасьць, што Ён магутны зрабіць тое, што абяцаў.
упэўнены, што ўсё абецанае мае моц і даканаць.
Дзеля гэтага і залічана яму за праведнасьць.
Таму і палічана яму гэта за праведнасьць.
А напісана [гэта] ня дзеля яго толькі, што залічана яму,
Дый не датычна яго аднаго толькі напісана: Палічана яму (15:6),
але і дзеля нас, што мае быць залічана нам, якія вераць у Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Ісуса, Госпада нашага,
але датычна й да нас, якім будзе ўлічана вера ў Таго, Каторы абудзіў зь мяртвых Езуса Усеспадара нашага,
Які быў выдадзены дзеля грахоў нашых і ўваскрос дзеля апраўданьня нашага.
што быў выданы за нашы грахі ды згробуўстаў для нашага апраўдання.