1 да Карынфянаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Павал, з волі Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Састэн, брат, —
 
Павал, пакліканы воляй Божай Апостал Езуса Хрыстуса, і брат Состэн —

царкве Божай, якая ў Карыньце, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым з усімі, якія прызываюць імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў-ва ўсякім месцы, у іх і ў нас:
 
да Божай эклезіі ў Карынце, асьвячоным у Хрыстусе Езусе пакліканым сьвятым з усімі ўзываючыміна кожным месцы імя Езуса Хрыстуса Усеспадара іхняга й нашага:

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.

Заўсёды дзякую Богу майму за вас з прычыны ласкі Божае, дадзенае вам у Хрысьце Ісусе,
 
Заўсёды дзякую Богу майму за вас, дзеля Божае ласкі, данай вам у Хрыстусе Езусе;

бо ўсім вы ўзбагаціліся ў Ім, усякім словам і ўсякім веданьнем, —
 
у Ім бо вы ўсім абагаціліся — ўсякім словам ды ўсякай ведай,

бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьверджана ў вас, —
 
згодна з сьветчаннем Хрыстовым, уцьверджаным сярод вас;

так што вы ня маеце нястачы ані ў якім дары, чакаючы адкрыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
так што вы ня маеце ніякай нястачы ласкі ў чаканні зьяўлення Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,

Які і ўгрунтуе вас да канца быць бездакорнымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
які і ўмацуе вас да канца, каб былі беззаганнымі ў дзень прыйсьця Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.

Верны Бог, праз Якога вы пакліканыя ў супольнасьць Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
 
Верны ёсьць Бог, празь якога вы пакліканы да суспольства зь Яго Сынам Езусам Хрыстусам Усеспадарам нашым.

Малю вас, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы казалі тое самае, і не было між вамі падзелаў, але каб вы былі злучаны ў тым самым розуме і ў той самай думцы.
 
Малю вас, браты, у імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса — будзьце згоднамоўнымі ў ва ўсім, каб ня было разладу між вамі, а — дасканальнае аднадумства й аднадушнасьць.

Бо паведамлена мне ад Хлоіных пра вас, браты мае, што між вамі ёсьць сваркі.
 
Дайшло бо да майго ведама праз дамаўнікоў Хлоя аб вас, браты мае, што між вамі вядуцца спрэчкі;

А кажу пра тое, што кожны з вас кажа: «Я — Паўлавы», «А я — Апалёсавы», «А я — Кіфавы», «А я — Хрыстовы».
 
маю на думцы тое, што кажны ў вас аб сабе гадае: Я — Паўлавы, а я — Аполляў, я-ж — Цэфасавы, а вось я, дык — Хрыстовы (Ап. Дз. 18:24).

Ці разьдзяліўся Хрыстос? Ці Павал быў укрыжаваны за вас? Ці ў імя Паўла вы былі ахрышчаныя?
 
Няўжэ Хрыстус разьдзяліўся? Няўжэ Павал быў за вас укрыжаваны? Або ў імя Паўлава ахрышчаны вы?

Дзякую Богу, што я нікога з вас не ахрысьціў, акрамя Крыспа і Гая,
 
Дзякую Богу, што нікога з вас не ахрысьціў, апрача Крыспа і Гая,

каб не сказаў хто, што я хрысьціў у маё імя.
 
каб не казаў хто, што вы ў маё імя ахрышчаны.

Ахрысьціў я таксама дом Стэфана, а ці ахрысьціў яшчэ каго, ня ведаю.
 
Ахрысьціў я і дом Сцяпанавы; а больш ня ведаю, ці яшчэ хрысьціў каго.

Бо Хрыстос паслаў мяне не хрысьціць, але дабравесьціць, і ня ў мудрасьці слова, каб не прынізіць крыжа Хрыстовага.
 
Хрыстус бо ня хрысьціць паслаў мяне, а — эвангелізаваць, і-то ня мудравальным словам, каб не засьціць бач, крыжа Хрыстовага.

Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, ёсьць глупства, а для нас, якія ідуць на збаўленьне, — сіла Божая.
 
Бо навука аб крыжы — гэта для гібельнікаў глупасьць, а для нас збаўляючыхся — гэта моц Божая.

Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрых і розум разумных адкіну».
 
Напісана бо: загублю мудрасьць мудрацоў і роздум празорных адрыну (Із. 29:14).

Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе дасьледчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасьць сьвету гэтага глупствам?
 
Дзеж бо мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледнік сьвету гэтага? Ціж не абярнуў Бог мудрошчы гэтага сьвету ў бязглузьдзе? (Із. 33:18).

Бо калі сьвет праз мудрасьць не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, спадабалася Богу праз глупства пропаведзі збавіць тых, якія вераць.
 
Калі бо сьвет сваёю мудрасьцю не пазнаў Бога, дык Богу даўспадобна было глупствам прапаведніцтва веручых збавіць.

Бо і Юдэі просяць знакаў, і Грэкі шукаюць мудрасьці;
 
Як дэйцы дамагаюцца цудаў, а Грэкі шукаюць мудрасьці,

а мы абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў — згаршэньне, а для Грэкаў — глупства,
 
то мы прапаведваем Хрыстуса ўкрыжаванага, што ёсьць для Юдэйцаў ганьбай, а для паганцаў нясуразіцай,

а для тых, якія пакліканыя, і Юдэяў, і Грэкаў, — Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць.
 
для самых-жа пакліканых Юдэйцаў і Грэкаў — Хрыстуса: моц Божую ды прамудрасьць Божую;

Бо тое, што дурное ў Бога, мудрэйшае за людзей, і тое, што слабое ў Бога, дужэйшае за людзей.
 
тое бо, што нямудрае ў Бога — мудрэйшае зя людзей, і немачнае Божае — мацнейшае за людзей.

Бо паглядзіце, браты, на пакліканьне вашае, што ня шмат [сярод вас] мудрых паводле цела, ня шмат магутных, ня шмат высакародных,
 
Прыгледзьцеся, браты, хто вы, пакліканыя: ня шмат з вас мудрых целам, ня шмат магутных, ня шмат дабрародных;

але Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых, і слабое сьвету выбраў Бог, каб асароміць магутных,
 
але Бог выбраў нямудрае сьвету, каб асароміць магутных;

і бязроднае сьвету, і пагарджанае, і тое, што ёсьць нічым, выбраў Бог, каб зьнішчыць тое, што нечым ёсьць,
 
і нявыдатнае й пагарджанае сьветам Бог выбраў, ды тое нікчомае, чаго ня было, каб унівечыць былое;

каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.
 
дзеля таго, каб ніводнае цела не чваінлася перад Богам.

А вы — з Яго ў Хрысьце Ісусе, Які стаўся для нас мудрасьцю ад Бога, і праведнасьцю, і асьвячэньнем, і адкупленьнем,
 
З Яго і вы ў Хрыстусе Езусе, які стаўся нам мудрасьцю ад Бога і ўсправядліўленнем, і ўсьвячаннем, і адкупленнем,

каб было, як напісана: «Хто хваліцца, няхай у Госпадзе хваліцца».
 
каб як напісана: Хто хваліцца, ў Богу хай хваліцца (Ер. 9:23).