1 да Карынфянаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
І я ня мог гаварыць вам, браты, як духоўным, але як цялесным, як немаўлятам у Хрысьце.
І я ня мог да вас, браты, гаварыць як да духовых, але да цялесных, як да немаўлят у Хрыстусе.
Я паіў вас малаком, а не [карміў] ежай, бо вы былі яшчэ нямоглыя, дый цяпер яшчэ нямоглыя.
Я малаком паіў вас, а не ядою карміў, бо вы былі яшчэ кволыя дый цяпер ня ў сілах, яшчэ бо цялесныя вы.
Бо вы яшчэ цялесныя. Бо калі між вамі зайздрасьць, сваркі і нязгода, дык ці не цялесныя вы і ці не па-чалавечаму ходзіце?
Як між вамі зайдрасьць і ростырка, дык ці вы не цялесныя й не паступаеце чыста па-чалавечаму?
Бо калі адзін кажа: «Я — Паўлавы», а другі: «Я — Апалёсавы», ці не цялесныя вы?
Калі бо адзін кажа: Я Паўлавы, а другі: Я Апольлявы, то ціж не цялесныя вы?
Хто Павал? Хто Апалёс? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы паверылі, і кожны такі, як даў Госпад.
Бо кімжа ёсьць Апольлё, ці Павал — Слугамі, празь якіх вы уверылі, і-то як каму Бог даў.
Я пасадзіў, Апалёс паліваў, але расьціў Бог.
Я садзіў, Апольлё паліваў, але ўзрасьціў Бог;
Так што ані той, які садзіў, ані той, які паліваў, ня ёсьць некім, але Той, Які дае расьці, — Бог.
так што — ні той, хто садзіць, ні той, хто палівае чымсьці ёсьць, а хто росьціць — Бог.
А хто садзіць і хто палівае, ёсьць адно, і кожны атрымае сваю нагароду паводле сваёй працы.
І хто садзіць, і хто палівае — адно ёсьць, але кажны зь іх сваю заплату атрымае;
Бо мы — супрацоўнікі Божыя, а вы — Божая ніва, Божая пабудова.
мы бо супрацоўнікі Божыя, а вы — ніва Божая, будоўля Божа.
Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры будаўнічы, заклаў падмурак, а другі будуе [на ім]. Кожны няхай глядзіць, як будуе.
Я з данай мне Божай ласкі, як дазнаны будаўнічы, заснаваў фундамант, а іншы на ім будуе; кажныж хай уважае, як будуе.
Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурку, апрача пастаўленага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
Ніхто бо ня можа залажыць іншы фундамант, акром ужо заложанага, якім зьяўляецца Хрыстус.
А калі хто будуе на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —
А ці хто будуе на гэтым фундаманце з золата, ці срэбра, ці дарагіх каменьняў, з дрэва, а на’т сена, ці саломы —
работа кожнага выявіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрываецца, і агонь выспрабуе работу кожнага, якая яна ёсьць.
работа кажнага выявіцца: дзень Госпадаў пакажа, бо-ж аб’явіцца ў вагні й агонь выпрабуе дзеля кажнага, якім яно ёсьць.
Калі чыя работа, якую ён будаваў, застанецца, той атрымае нагароду.
І чыё дзеля астоіцца, той атрымае заплату;
Калі чыя работа згарыць, той згубіць яе, сам жа будзе збаўлены, але так, як праз агонь.
а чыё — згарыць, той меціме шкоду; сам аднак збавіцца ды так, якбы праз агонь.
Ці вы ня ведаеце, што вы — бажніца Божая, і Дух Божы жыве ў вас?
Няўжэ таго ня ведаеце, што вы набожняй зьяўляецеся ды што Дух Божы ў вас прабывае?
Калі хто зьнішчыць бажніцу Божую, таго зьнішчыць Бог, бо бажніца Божая сьвятая, а гэтая [бажніца] — вы.
Каліж хто набожню разбурае, загубіць яго Бог; бо-ж набожня ёсьць сьвятая, гэтаж бо — вы.
Ніхто няхай ня зводзіць сам сябе. Калі хто з вас думае быць мудрым у гэтым веку, няхай будзе дурным, каб быць мудрым.
Ніхто хай сябе ня зводзіць! Як між вамі каму здаецца быць мудрым на гэтым сьвеце, хай станецца скромным каб зрабіцца мудрым;
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён ловіць мудрых у падступнасьці іхняй».
мудрасьць бо гэтага сьвету — дурната перад Богам; напісана-ж: Лаўлю мудрых іхнімі хітрунствамі (Гёб 5:13).
І зноў: «Госпад ведае думкі мудрых, што яны марныя».
Або такжа: Ведае Госпад подумкі мудрых, што — нікчомыя (Пс. 93:11).
Так што ніхто няхай ня хваліцца між людзей, бо ўсё вашае:
Ніхто восьжа хай ня хваліцца людзьмі;
ці Павал, ці Апалёс, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё вашае;
ўсё бо — вашае: ці Павал, ці Апольлё, ці Цэфас; сьвет, жыцьцё, ці сьмерць; тое, што ёсьць і тое, што будзе — ўсё вашае;
вы ж — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.
вы-ж — Хрыстусавы, а Хрыстус — Богавы.