1 да Карынфянаў 16 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад П. Татарыновіча
А адносна складак, якія для сьвятых, рабіце і вы так, як я загадаў цэрквам Галяцкім:
Датычна складак, што зьбіраеце на сьвятых, дык рабеце і вы гэтак, як наладзіў я ў Эклезіях Галяцыі:
у першы [дзень] пасьля суботы кожны з вас няхай складае ў сябе і зьбірае паводле таго, як яму вядзецца, каб не рабіць складак тады, калі я прыйду.
першага дня ў тыдні кажны з вас хай адкладае ў сябе й шчадзіць што можа, каб ня зьбіраць тады, як сам прыйду.
А калі я прыйду, пашлю тых, якіх вы вызначыце праз лісты, занесьці дар ваш у Ерусалім.
Калі-ж прыйду, дык тых, каго выбяраце, пашлю зь лістамі, каб аднясьлі дар ваш у Ерузалім.
А калі будзе варта і мне пайсьці, яны пойдуць са мною.
Ды калі выпадзе й мне пайсьці, то пойдуць зы мною.
Я ж прыйду да вас, калі прайду Македонію, бо праз Македонію праходжу.
А прыйду да вас, як зьвізытую Макэдонію, бо праз Макэдонію йсьціму.
А ў вас, можа быць, затрымаюся, або і перазімую, каб вы мяне праводзілі, куды я пайду.
У вас-жа мо й забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне адведалі, куды пайду.
Бо не хачу бачыць вас цяпер мімаходам, але спадзяюся застацца нейкі час з вамі, калі Госпад дазволіць.
Ня хочу бо з вамі бачыцца толькі мімаходам, але спадзяюся нейкі час пабыць у вас, калі Бог пазволіць.
А ў Эфэсе я застануся да Пяцідзясятніцы,
У Эзэфе то застануся аж да Пяцьдзясятніцы;
бо для мяне адчыненыя вялікія і зручныя дзьверы і шмат супраціўнікаў.
вялікія бо й шырокія мне там адчыніліся дзьверы ды шмат праціўнікаў.
Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб быў у вас бяз страху; бо ён справу Госпада выконвае, як і я.
Каліж прыйдзе да вас Тыматэй, дык глядзеце, каб пачуваўся у вас бясьпечным; ён бо дзеля Божае робіць, як і я;
Дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго ў супакоі, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
няхай восьжа ніхто ім ня грэбуе, але правядзеце яго ў супакоі, каб прыйшоў ка мне, бо я з братамі яго чакаю.
Што да брата Апалёса, дык я шмат прасіў яго, каб ён прыйшоў да вас з братамі; ды ён зусім ня меў ахвоты, каб прыйсьці цяпер, але прыйдзе, калі будзе мець час.
А што да брата Апольлёса, дык я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; але ён ня меў ніякае ахвоты цяпер ісьці, прыйдзе, калі яму будзе зручней.
Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, умацоўвайцеся.
Стойце ў веры бадзёра, мужна, вытрывала.
Усё ў вас няхай будзе ў любові.
Усё ў вас хай дзеецца ў любасьці.
Прашу ж вас, браты: вы ведаеце дом Стэфана, што ён ёсьць пачатак Ахаі і што яны аддалі сябе на служэньне сьвятым;
І прашу вас, браты: вы знаеце сям’ю Стэфанаса, што лічыцца пачынальніцай Ахаі ды што яна аддалася на прыслужнасьць сьвятым;
дык і вы будзьце паслухмяныя гэтакім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.
дык каб і вы былі уважлівыя к такім дый наагул к кажнаму, хто памагае й супрацуе з намі.
Я радуюся з прыходу Стэфана, і Фартуната, і Ахаіка, што яны дапоўнілі вашую нястачу,
Я цешуся прыйсьцём Стэфанаса, Фортуната й Ахаіка, яны заступілі мне вашую адсутнасьць;
бо яны супакоілі дух мой і ваш. Дык зважайце на такіх.
яны супакоілі мой дух дый ваш. Паважайце восьжа гэткіх.
Вітаюць вас цэрквы Азійскія. Вітаюць вас шчыра ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з царквою, якая ў іх доме.
Вітаюць вас эклезіі Азіі; шчыры прывет вам засылаюць Аквіла і Прысцыльля з эклезіяй у іхнім доме, які й мяне госьціць.
Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго пацалункам сьвятым.
Вітае вас уся братва. Здароўце адзін другога сьвятым цалункам.
Прывітаньне маёй рукою, Паўлавай.
Прывет маёю, Паўлаваю, рукою!
Калі хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, няхай будзе адлучаны! Прыходзіць наш Госпад!
Хто ня любіць Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, таму анатэма! Maran Atha!
Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі.
Ласка Усеспадара Езуса хай будзе з Вамі!
Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амэн.
І любасьць мая з усімі вамі ў Хрыстусе Езусе! Амэн.