1 да Карынфянаў 16 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Адносна складак, што збіраюцца дзеля святых, дык і вы рабіце, як я загадаў цэрквам у Галатыі.
 
Датычна складак, што зьбіраеце на сьвятых, дык рабеце і вы гэтак, як наладзіў я ў Эклезіях Галяцыі:

Хай у першы дзень тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе, зберагаючы, тое, што яму даспадобы, каб не рабіліся зборы тады, як я прыбуду.
 
першага дня ў тыдні кажны з вас хай адкладае ў сябе й шчадзіць што можа, каб ня зьбіраць тады, як сам прыйду.

Калі ж я з’яўлюся, дык тых, якіх прызнаеце вы за дастойных, пашлю з лістамі перадаць дар ваш у Ерузалім,
 
Калі-ж прыйду, дык тых, каго выбяраце, пашлю зь лістамі, каб аднясьлі дар ваш у Ерузалім.

а калі б аказалася патрэбным і мне пайсці, дык яны пойдуць разам са мною.
 
Ды калі выпадзе й мне пайсьці, то пойдуць зы мною.

Я прыйду да вас, калі буду ісці праз Мацэдонію, бо праз Мацэдонію буду ісці.
 
А прыйду да вас, як зьвізытую Макэдонію, бо праз Макэдонію йсьціму.

У вас, магчыма, застануся або нават перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
 
У вас-жа мо й забаўлюся, або й перазімую, каб вы мяне адведалі, куды пайду.

Не хачу вас толькі мімаходам пабачыць. Але маю надзею, што нейкі час пабуду ў вас, калі Госпад дазволіць.
 
Ня хочу бо з вамі бачыцца толькі мімаходам, але спадзяюся нейкі час пабыць у вас, калі Бог пазволіць.

А ў Эфесе прабуду да Пяцідзесятніцы,
 
У Эзэфе то застануся аж да Пяцьдзясятніцы;

бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама, але многа супраціўнікаў.
 
вялікія бо й шырокія мне там адчыніліся дзьверы ды шмат праціўнікаў.

Калі ж прыйдзе Цімафей, дык глядзіце, каб быў без страху ў вас, бо ён робіць справу Госпада, як і я.
 
Каліж прыйдзе да вас Тыматэй, дык глядзеце, каб пачуваўся у вас бясьпечным; ён бо дзеля Божае робіць, як і я;

Дык хай ніхто не пагарджае ім. Прывядзіце яго ў супакоі, каб прыйшоў да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.
 
няхай восьжа ніхто ім ня грэбуе, але правядзеце яго ў супакоі, каб прыйшоў ка мне, бо я з братамі яго чакаю.

Што да брата Апалоса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да вас з братамі, ды ён не меў цяпер ахвоты прыйсці, але прыйдзе, калі будзе мець магчымасць.
 
А што да брата Апольлёса, дык я вельмі прасіў яго, каб з братамі пайшоў да вас; але ён ня меў ніякае ахвоты цяпер ісьці, прыйдзе, калі яму будзе зручней.

Чувайце, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.
 
Стойце ў веры бадзёра, мужна, вытрывала.

Хай усё ў вас дзеецца ў любові.
 
Усё ў вас хай дзеецца ў любасьці.

Прашу вас, браты, — вы ведаеце сям’ю Сцяпанаву, што яны ёсць першакамі ў Ахаі і пасвяціліся на паслугу святым, —
 
І прашу вас, браты: вы знаеце сям’ю Стэфанаса, што лічыцца пачынальніцай Ахаі ды што яна аддалася на прыслужнасьць сьвятым;

каб вы былі паслухмяныя такім і кожнаму, хто дапамагае нам і працуе.
 
дык каб і вы былі уважлівыя к такім дый наагул к кажнаму, хто памагае й супрацуе з намі.

Цешуся ж прысутнасцю Сцяпана, Фартуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасць,
 
Я цешуся прыйсьцём Стэфанаса, Фортуната й Ахаіка, яны заступілі мне вашую адсутнасьць;

бо падбадзёрылі яны мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.
 
яны супакоілі мой дух дый ваш. Паважайце восьжа гэткіх.

Вітаюць вас цэрквы Азіі. Шчыра вітаюць вас у Госпадзе Аквіла і Прыска разам з царквою, што ў іх доме.
 
Вітаюць вас эклезіі Азіі; шчыры прывет вам засылаюць Аквіла і Прысцыльля з эклезіяй у іхнім доме, які й мяне госьціць.

Вітаюць вас усе браты. Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам.
 
Вітае вас уся братва. Здароўце адзін другога сьвятым цалункам.

Прывітанне маёю рукою, Паўлавай.
 
Прывет маёю, Паўлаваю, рукою!

Калі хто не любіць Госпада Ісуса Хрыста, анатэма! Марана та!
 
Хто ня любіць Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, таму анатэма! Maran Atha!

Ласка Госпада Ісуса Хрыста з вамі.
 
Ласка Усеспадара Езуса хай будзе з Вамі!

Любоў мая з усімі вамі ў Хрысце Ісусе. Амін.
 
І любасьць мая з усімі вамі ў Хрыстусе Езусе! Амэн.